Сельская гаспадарка Бразіліі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Карта "Бразільскі ўраджай"

На працягу ўсёй гісторыі Бразіліі сельская гаспадарка гуляла вялікую ролю ў эканоміцы краіны. Сёння аграрны сектар застаецца найважнейшай галіной гаспадаркі, складаючы 6,6 % ВУП і даючы (разам з харчовай прамысловасцю) амаль палову кошту экспарту тавараў. На працягу апошніх 150 гадоў краіна з'яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам кавы. Сённяшняя Бразілія — сустветны лідар па вытворчасці цукру і вырошчванні апельсінаў, пагалоўю буйной рагатай жывёлы. Таксама Бразілія ўваходзіць у лік буйнейшых вытворцаў кукурузы, бананаў, соі, касавы, бразільскага арэха, сізаля і папаі. Найлепшым узроўнем развіцця сельскай гаспадаркі адрозніваюцца паўднёвы і паўднёва-ўсходні раёны. Паўночны і цэнтральна-заходні раёны слаба асвоеныя, паўночна-ўсходні пакутуе ад працяглых засух. Сельскагаспадарчае асваенне тэрыторыі выклікае абязлесенне, у першую чаргу, у Амазоніі, дзе вялізарныя плошчы экватарыяльнага лесу расчышчаюцца агнём пад патрэбы жывёлагадоўлі. Урад Лулы да Сілвы спыніў стымуляванне фермераў-мігрантаў і пастрожыў адказнасць за нанясенне шкоды лясам.

Гісторыя сельскай гаспадаркі[правіць | правіць зыходнік]

У 16 стагоддзі вядучай сельскагаспадарчай культурай Бразіліі становіцца цукровы трыснёг, у 19 стагоддзі адбываецца "кававы бум". Асаблівасці вырошчвання трыснёга і кавы вызначылі плантацыйны характар бразільскай сельскай гаспадаркі. У канцы ХІХ - пач ХХ ст. Бразілія зведала яшчэ адзін бум — каўчукавы, але ўжо ў 1920-я асноўным рэгіёнам вырошчвання гевеі стала Паўднёва-Усходняя Азія. У перыяд кіраўніцтва Варгаса (1930-я) поспехі сельскай гаспадаркі прывялі да таго, што Бразілію сталі называць "сусветным хлебным кошыкам". У пачатку ХХІ стагоддзя імкліва расце валавы збор цукровага трыснёга, соі і кукурузы, што звязана з палітыкай забеспячэння энергетычнай бяспекі і попытам на сусветным рынку.

Раслінаводства[правіць | правіць зыходнік]

Поле цукровага трыснёга, штат Сан-Паўлу

Асноўнымі збожжавымі культурамі з'яўляюцца кукуруза (3 месца ў свеце) і рыс (1-е месца па-за межамі Азіі). Пшаніца вырошваецца ў самых паўднёвых штатах з субтрапічным кліматам, рыс культывуецца на незаліўных землях. Кава вырошчваецца на ўрадлівых глебах Бразільскага пласкагор'я ў штатах Мінас-Жэрайс і Сан-Паўлу. Да важных тэхнічных культур адносяцца бавоўнік і какава. Какава і трапічныя фрукты вырошчваюцца пераважна ў паўночным раёне.

Жывёлагадоўля[правіць | правіць зыходнік]

Бразілія — сусветны лідар ў такіх напрамках жывёлагадоўлі як вырошванне буйной рагатай жывёлы (218 млн галоў, 1-е месца ў свеце) і свінагадоўля (3-е месца ў свеце, 38 млн галоў). Асноўны рэгіён жывёлагадоўлі — саванны Бразільскага пласкагор'я, глебы якіх не адрозніваюцца ўрадзівасцю.

Сельскагаспадарная прадукцыя на 2017 год [1]
Прадукцыя Тысячы тон Месца ў свеце
Цукровы трыснёг 758 121 1
Соя 114 599 2
Кукуруза 97 721 3
Маніёк 18 876 5
Малако 33 490 3
Ялавічына 9 550 2
Свініна 3 824 5
Апельсіны 17 459 1
Рыс 12 469 9
Бананы 6 675 4
Пшаніца 4 323

Зноскі