Сенат Рэчы Паспалітай

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Сенат Рэчы Паспалітай — верхняя палата сойма Каралеўства Польскага, а пасля — Рэчы Паспалітай. Сенат быў адным з трох саслоўяў (нароўні з пасольскай ізбой і каралём), якія складалі Сойм Рэчы Паспалітай.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сход сената на Яснай Гуры ў 1661 годзе

Падчас кіравання Казіміра Вялікага быў створаны новы орган улады — каралеўскі Савет (польск.: Rada królewska), які складаўся з прызначаных каралём саноўнікаў, такіх як падканцлер, падскарбі, надворны маршалак[1]. У гэтым савеце пераважалі прадстаўнікі малапольскай шляхты і вышэйшае малапольскае духавенства. Каралеўскі савет быў установай, якія прадстаўляў інтарэсы найбольш уплывовых пластоў, прыналежнасць да якіх вызначалася наяўнасцю багатых маёнткаў і займанымі пасадамі. У 1493 годзе быў арганізаваны першы агульнапольскі сойм. Каралеўскі савет быў ператвораны ў вышэйшую палату сойма — сенат. Ніжняй палатай — палатай дэпутатаў, стала «пасольская ізба»[1]. Да сярэдзіны XVII стагоддзя сфармаваліся тры так званыя «соймавыя саслоўі», куды апроч дзвюх палат уваходзіў кароль[2].

Напачатку XVI стагоддзя ва ўмовах сутыкнення сіл магнатаў, шляхты і царкоўных феадалаў у Польшчы завяршаецца працэс афармлення саслоўнай манархіі. У 1501 годзе магнатам атрымалася дамагчыся выдання Мельніцкага прывілея, па якім улада пераходзіла ў рукі сената[3], а каралю практычна адводзілася роля яго старшыні[1]. Але ўжо ў 1505 годзе шляхта дамаглася выдання Радамскай канстытуцыі. Паводле гэтай канстытуцыі новыя законы маглі выдавацца толькі са згоды абедзвюх палат вальнага (агульнага) сойма, які стаў вышэйшым заканадаўчым органам і абмяжоўваў каралеўскую ўладу на карысць феадалаў. З часам у сойме ўсё большую ролю стала адыгрываць пасольская ізба[3].

Сенат пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай[правіць | правіць зыходнік]

У 1569 годзе Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае былі аб'яднаны ў канфедэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Паколькі ў Рэчы Паспалітай кароль фактычна не кіраваў, на гэту ролю прэтэндаваў сенат, главой якога, зрэшты, быў манарх[1].

У склад сената ўваходзілі прыдворныя саноўнікі, каталіцкія біскупы, вышэйшыя земскія службовыя асобы — ваяводы і кашталяны. Члены сената прызначаліся пажыццёва і фактычна неслі адказнасць толькі перад Рэччу Паспалітай. Сенату адводзіліся ў першую чаргу дарадчыя функцыі. Для таго, каб кароль не атачаў сябе ўласнымі, тым больш іншаземнымі дараднікамі, на сенатараў была ўскладзена задача кантраляваць манарха[1]. Сенатары-рэзідэнты, якія уяўлялі ўвесь час дзеючы орган сойма, выконвалі функцыю пастаянных каралеўскіх дараднікаў і адчытваліся непасрэдна перад соймам. Але сенат так і не стаў інстытутам дзяржаўнага кіравання: роля манарха памяншалася, а магнаты, што набіралі сілу, знайшлі спосабы ўплыву на пасольскую ізбу[1].

Пасля прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 года паўнамоцтвы сената былі значна скарочаны. Палата сенатараў складалася з біскупаў, ваявод, кашталянаў і міністраў (усяго 132 чалавека), і знаходзілася пад старшынствам караля. Сенат страціў права заканадаўчай ініцыятывы і прыняцця законаў у сойме і меў толькі права адкладнога вета. Калі сенат накладаў вета на закон, прыняты дэпутатамі, то пасля паўторнага прыняцця закона пасольскай ізбой наступнай кадэнцыі (тэрміна), сенат аўтаматычна яго зацвярджаў. Пры гэтым пастановы сойма (аб часавых унёсках, ацэнцы манеты, набілітацыі, вайне, міру і інш.) прымаліся большасцю галасоў на сумесным паседжанні абедзвюх палат[4]. На канстытуцыйным сойме, які павінен быў праводзіцца кожныя 25 гадоў для перагляду канстытуцыі, сенат выступаў у якасці «савета старэйшын», чыё меркаванне не з'яўлялася абавязковым для палаты дэпутатаў.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 Тымовский М., Кеневич Я., Хольцер Е. История Польши / Пер. с польского — М.: Весь мир, 2004. — (Национальная история). — ISBN 5-7777-0294-5.
  2. Алехин Э. В. История государственного и муниципального управления в России: Учебное пособие — Пенза: Пенз. гос. ун-т, 2006.
  3. 3,0 3,1 Всемирная история. Энциклопедия — М.: Издательство социально-экономической литературы, 1958. — Т. 4.
  4. Текст Конституции 3 мая 1791 года. Пер. К. Е. Ливанцева // Хрестоматия памятииков феодального государства и права стран Европы — М.: ДзяржГос. изд. юр. лит., 1961.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]