Сенненская раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сенненская раўніна
Каардынаты: 54°50′ пн. ш. 29°42′ у. д.HGЯO
Размяшчэнне Беларусь
physical
Сенненская раўніна
Сенненская раўніна

Сенненская раўніна — геамарфалагічны раён у паўднёвай частцы Беларускага Паазер’я. Знаходзіцца ў Віцебскай вобласці. Выцягнута з захаду на ўсход на 45 км, з поўначы на поўдзень на 35 км. Мяжуе з Чашніцкай раўнінай на поўначы і паўднёвым захадзе, Лучоскай нізінай на ўсходзе, Аршанскім узвышшам на паўднёвым усходзе і Лукомскім узвышшам на захадзе.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

У тэктанічных адносінах большая частка прымеркавана да Прыаршанскай монакліналі, крайні заходні фрагмент — да схілаў Вілейскага пахаванага выступа Беларускай антэклізы. Пароды крышталічнага фундамента пагружаюцца з захаду на ўсход і залягаюць на глыбіні 600—800 м. Адклады сярядняга дэвону (пяскі, алеўрыты, мергелі) утвараюць даантрапагенавы чахол. Пароды антрапагену прадстаўлены асадкамі ўсіх ледавіковых эпох і галацэну. Магутнасць антрапагенавых адкладаў вагаецца ад 80 да 200 м.

Рэльеф і гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Абсалютная вышыня зямной паверхні паступова павышаецца з поўначы на поўдзень. Большую частку тэрыторыі займае спадзістахвалістая марэнная раўніна з абсалютнымі адзнакамі 150—160 м (паўночная і цэнтральная часткі) і водна-ледавіковая раўніна (на поўдні), якая ўскладняецца Сенненскім і Лукомскім краявымі ледавіковымі ўтварэннямі. Максімальная адзнака 252,9 м.

Возера Сянно.

Геамарфалогія і гідраграфія раёна ўтвараюць языковы геамарфалагічны комплекс. Тут шмат азёр, рэкі невялікія, часта каналізаваныя. У межах марэнных адкладаў з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход адпаведна руху ледавіка выцягнуты дзве паралельныя лагчыны, запоўненыя азёрамі, злучанымі пратокамі. Заходняя лагчына даўжынёй да 9 км умяшчае возера Сянно і Багданаўскае. Усходняя занята азёрамі Бярозаўскае і Добрына. Прытокі р. Бярозаўка (басейн Заходняй Дзвіны) таксама маюць субмерыдыянальны напрамак далін. Рака Абалянка (басейн Лучосы) і яе невялікія прытокі выцягнуты ў субшыротным напрамку, абмяжоўваючы такім чынам на поўдні край ледавіковага языка. У такім жа напрамку размяшчаюцца марэнныя грады і камавыя комплексы. Па паўночным краі Аршанскага ўзвышша яны ўтвараюць Сенненскія краявыя грады. Да іх прымеркавана максімальная глыбіня расчлянення 20-30 м/км², а ў цэнтры каля г. Сянно яна скарачаецца да 5-10 м/км².

На ўскраінах сустракаюцца глініста-пясчаныя асадкі Полацкага вадаёма, які пранікаў на гэту тэрыторыю ў эпоху максімальнага абваднення. Пашыраны тэрмакарставыя азёрныя западзіны і лагчыны сцёку ледавіковых вод. Тут шмат невялікіх тэрмакарставых плыткіх азёр круглявых абрысаў, што знаходзяцца ў міжградавых паніжэннях.

Глебы і расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Глебы ў асноўным дзярнова-падзолістыя; у паніжэннях, уздоўж ручаёў і рэк развіты тарфяна-балотныя глебы.

Пашыраны яловыя, хваёвыя, бярозавыя, асінавыя, месцамі шыракаліста-яловыя, у паніжэннях чорнаальховыя лясы. Карэнныя яловыя лясы Сенненскай пушчы пераважна змяніліся вытворнымі драбналістымі.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Якушко О. Ф., Марьина Л. В., Емельянов Ю. Н. Геоморфология Беларуси: Учебное пособие для студентов географических и геологических специальностей — Мн.: БГУ, 1999. (руск.)
  • Бакарасов В. А. Сенненская равнина // Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра / Редкол. Т. В. Белова и др. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)