Перайсці да зместу

Сетча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Сетча
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 112 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1713
Паштовыя індэксы
222821
Аўтамабільны код
5
Сетча на карце Беларусі ±
Сетча (Беларусь)
Сетча
Сетча (Мінская вобласць)
Сетча

Се́тча[1] (трансліт.: Sietča, руск.: Сетча; раней таксама Се́дча) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Дукорскага сельсавета.

Месціцца за 18 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 3 км ад чыгуначнага прыпынку Новае Сяло на лініі МінскАсіповічы.

Ранняя гісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове XVIII стагоддзя вёска ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, адносілася да маёнтка Цытва.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Уласнасць Янішэўскіх.

У сярэдзіне XIX стагоддзя была царква. У 1858 годзе былі аднайменныя вёска і фальварак, уласнасць Л. Янішэўскага. Пасля 1861 года ў Цітвянскай воласці Ігуменскага павета.

У другой палове XIX стагоддзя краязнаўца Аляксандр Ельскі апісваў Седчу (Сетчу) як вёску паблізу ракі Цітаўкі (цяпер канал каля вёскі), мясцовыя сяляне ў той час займаліся не толькі земляробствам, але і вырабам колаў[2]. У 1885 годзе адкрыта школа граматы, у якой у 1890 годзе вучылася 16 хлопчыкаў. Паводле перапісу 1897 года дзейнічалі прыпісная царква і хлебазапасны магазін.

У час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, увесну 1907 года адбылося сялянскае хваляванне. Арганізатарам выступлення быў Ілья Кудзелька. 2 траўня ў маёнтак прыбыў атрад коннай паліцыі. Адбылася сутычка паміж сялянамі і паліцэйскімі, якія прымянілі агнястрэльную зброю, паранілі (аднаго з іх смяротна) 6 удзельнікаў хвалявання. Некалькі чалавек было арыштавана. У хваляваннях удзельнічала 500 сялян[3].

У 1910 годзе адкрыта народнае вучылішча.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Вучылішча пераўтворана ў працоўную школу 1-й ступені, у якой на 1922 год было каля 100 вучня, працавалі 2 настаўнікі. У 1933 годзе праведзена прымусовая калектывізацыя, створаны калгас «Сетча», была кузня.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі.

Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Дрычынскага сельсавета[4].

  • 1800 год — 52 двары, 389 жыхароў
  • 1897 год — 113 двароў, 712 жыхароў
  • 1917 год — 143 двары, 754 жыхары
  • 1960 год — 202 жыхары
  • 2002 год — 92 двары, 158 жыхароў
  • 2009 год — 125 жыхароў
  • 2019 год — 112 жыхароў[5]

У 1958 годзе была адкрыта Сятчанская сельская бібліятэка.

  • Брацкая магіла савецкіх вайскоўцаў, якія загінулі ў Другую сусветную вайну.
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Се́чча
  2. SgKP 1889, с. 496.
  3. Памяць 2003, с. 720.
  4. «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)
  5. Belarus. pop-stat.mashke.org. Праверана 22 красавіка 2024.