Перайсці да зместу

Скаўшын

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Скаўшын, Мінская вобласць)
Аграгарадок
Скаўшын
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1514
Насельніцтва
  • 301 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 174
Паштовыя індэксы
223738
Аўтамабільны код
5
СААТА
6250813061
Скаўшын (Беларусь)
Скаўшын
Скаўшын
Скаўшын (Мінская вобласць)
Скаўшын
Скаўшын

Скаўшы́н[1] (трансліт.: Skaŭšyn, руск.: Сковшин) — аграгарадок у Салігорскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Даманавіцкага сельсавета. Колькасць насельніцтва паводле перапісу 2019 года — 301 чалавек.

Знаходзіцца за 53 км на паўднёвым усходзе ад горада Салігорск і аднайменнай чыгуначнай станцыі на ветцы Слуцк — Салігорск ад лініі Баранавічы — Асіповічы, і за 186 км ад Мінска[2].

Упершыню згадваецца ў 1514 як вёска пад назвай Скавышын. Тут Глеб Юр’евіч Домант

«погоней идучи за неприятелем, войско татарское за Слуцком в лесах Сковышинских побил и много людей литовских у неволю полоном забраных отгромил».

У 1566 — сяло, цэнтр воласці ў Слуцкім княстве.

У XVII ст. Скавышын знаходзіўся ў шляхецкай уласнасці, быў цэнтрам воласці ў Навагрудскім ваяводстве ВКЛ.

У 1677 належаў Радзівілам.

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай аказаўся ў складзе Расійскай імперыі.

У Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

У 1815 быў часткай Мазырскага павета Мінскай губерні. Тут жыло 126 чалавек мужчынскага полу. У гэты час Скаўшын належаў князю Д. Радзівілу, але значыўся ў секвестры за казённы доўг.

У другой палове XIX ст. — вёска ў складзе маёнтка Дзякавічы, належала князю Льву Вітгенштэйну, галоўнаму землеўладальніку на Случчыне[3].

У 1870 — у складзе Дзякавіцкай воласці Мазырскага павета, цэнтр сельскай грамады. Тут налічвалася 113 рэвізскіх душ мужчынскага полу.

У 1890 у Скаўшыне з’явілася школа пісьменнасці, у якой у першы год вучылася 16 хлопчыкаў.

У 1909 тут ужо налічвалася 748 жыхароў.

У 1912 мясцовая школа была рэарганізавана ў аднакласнае народнае вучылішча.

На 1917 колькасць жыхароў зменшылася да 374 жыхароў.

У XX—XXI стагоддзі

[правіць | правіць зыходнік]

У 1920-х вучылішча ў Скаўшыне стала пачатковай школай, у якой у 1922 вучыліся дзеці з 7 навакольных вёсак.

З 20 жніўня 1924 — у Даманавіцкім сельскім савеце Старобінскага раёна Слуцкай вобласці. Затым была ў складзе Бабруйскай акругі, потым ізноў у Слуцкай, з 1938 — у Мінскай вобласці.

У 1926 у Скаўшыне налічвалася 526 жыхароў.

У 1930 тут быў створаны калгас «Чырвоны Скаўшын».

На 1 студзеня 1941 налічвалася 1010 жыхароў.

З сярэдзіны ліпеня 1941 па канец чэрвеня 1944 — пад нямецкай акупацыяй. У гэты час каля вёскі знаходзіўся штаб 37-й партызанскай брыгады імя А. Я. Пархоменкі.

18—27 траўня 1944 у выніку карнай аперацыі нацыстаў было забіта 14 мясцовых жыхароў, 250 двароў і 20 грамадскіх пабудоў былі спалены. Усяго падчас вайны акупанты знішчылі 55 вяскоўцаў, 96 загінулі на фронце[4].

Вядомы імёны 84 ураджэнцаў Скаўшына, якія былі партызанамі[5]. Сярод іх трое былі ўзнагароджаны медалямі і ордэнамі:

У 1944 быў у складзе Бабруйскай вобласці, з 1954 у Мінскай.

У савецкі час мясцовы калгас атрымаў назву «Радзіма», да яго далучылі суседнія калгасы з вёсак Запераходнае і Завыхад. У наш час — сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Скаўшын», зараз — ААТ «Скаўшын».

З 1962 Скаўшын — вёска ў Любанскім раёне, з 1965 — у Салігорскім.

У 1965 у гонар 37-й партызанскай брыгады імя А. Я. Пархоменкі ў Скаўшыне паставілі стэлу.

У 1967 — у мясцовым скверы з’явілася скульптура воіна ў жалобе ў памяць пра землякоў, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

У 1969 тут жыло 1243 чалавекі.

У 2004—247 двароў, 572 жыхары.

У 2007 у Скаўшыне была пабудавана праваслаўная царква Прападобнай Ефрасінні Полацкай[9].

Па стане на 2013 у Скаўшыне працуе сярэдняя школа-сад, крама, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, філіял «Беларусбанк», аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт, лясніцтва. Працуе пакой-музей, у якім дэманструюцца мясцовыя прадметы традыцыйнага побыту[10].

Колькасць насельніцтва па гадах.
18151870190919171926194119691999200420092019
12611374837452610101243541572410301


Помнікі і архітэктура

[правіць | правіць зыходнік]
  • Стэла ў гонар 37-й партызанскай брыгады імя А. Я. Пархоменкі.
  • Скульптура воіна ў жалобе ў памяць пра землякоў, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
  • Праваслаўная царква Прападобнай Ефрасінні Полацкай.

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод старажылаў Скаўшына і Даманавічаў зафіксавана паданне пра «дзедаўскі шлях» з Турава ў Слуцк. Гэта водны шлях з Палесся на Панямонне. Лічыцца, што ён праходзіў па Пцічы, з яе ў раку Шаць, далей каля сучасных Валяр’янаў у раку Лошу[11].

Н. Волчык і У. Беглік запісалі ў Скаўшыне ад Аніссі Андрэеўны Крывальцэвіч (1923 года нараджэння) народную баладу[12]:

У лузе, у лузе каліна стаяла,
А на той каліне зязюля кукавала.
Гэта не зязюля, а родная маці,
Катора ўладжала сына ваяваці:
Ідзі, ідзі, сынку, нідзе не шатайся,
Цераз год, цераз два дамоў вазврашчайся.
Вот прайшоў гадок, прайшоў і другенькі,
Вазвраціўся з войска сынку маладзенькі.
Ой, ці рада, маці, ці рада ты мною,
Ці рада ты мною, маею жаною?
Ох, я рада, сынку, рада я табою,
Толькі я не рада твоею жаною.
Я свайму сыночку навару піці-есці,
А чужой нявестцы — на парозе сесці.
Я свайму сыночку навару солодко піво,
А чужой нявестцы — горкую атраву.
Ён жа мое піва пад столік выліў,
А тую атраву напалам выпіў.

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Бу́насы, мн.. Бунасы́, мн.
  2. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 2013. — 528 с.: іл. — С. 275—277. — ISBN 978-985-11-0735-9.
  3. Леў Пятровіч Вітгенштэйн (1799–1866). nasledie-sluck.by. Праверана 14 чэрвеня 2025.
  4. Трагедия белорусских деревень, 1941—1944: Документы и материалы /Сост. Н. В. Кириллова, В. Д. Селеменев и др.; Редкол. В. И. Адамушко и др. М.: Фонд «Историческая память», 2011. — 536 с.: илл. — С. 273.
  5. Найдено 84 партизана из Сковшин (руск.). Партизаны Беларуси.
  6. Лагун Александр Петрович (руск.). Партизаны Беларуси.
  7. Писецкий Гавриил Абрамович (руск.). Партизаны Беларуси.
  8. Кривальцевич Гордей Семенович (руск.). Партизаны Беларуси.
  9. Храм прападобнай Ефрасінні Полацкай . Беларускі экзархат РПЦ (ліпень 2007).
  10. Алена Ляшкевіч. Нематэрыяльная культурная спадчына Салігоршчыны . Жывая спадчына Беларусі.
  11. Крывальцэвіч М. М.. Любаншчына . lyban2009.narod.ru. Праверана 14 чэрвеня 2025.
  12. Баладныя песні (балады) : метад. указанні і іл. матэрыял да правядзення фальк. практыкі студэнтаў І курса філал. фак. / аўт.-уклад. : Р. М. Кавалѐва і інш.; пад рэд. Р. М. Кавалѐвай. — Мінск : БДУ, 2010. — ISBN 978—985 — С. 66.