Славянскі Базар у Віцебску

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Славянскі Базар у Віцебску
Official Logo of Slavianski Bazaar in Vitebsk.jpg
Дата(ы) ліпень кожнага года
Месца(ы) правядзення Віцебск
Жанр(ы) поп, фольк, фольк-рок
festival.vitebsk.by

Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» (руск.: Международный фестиваль искусств «Славянский базар в Витебске», укр.: Міжнародний фестиваль мистецтв «Слов'янський базар у Вітебську») — міжнародны фестываль мастацтваў, які штогод праходзіць у Віцебску. Фестываль задуманы як агульнае культурнае мерапрыемства трох краін: Беларусі, Расіі, Украіны. Адметнай рысай фестывалю з'яўляцца міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні і міжнародны дзіцячы музыкальны конкурс (з 2003 года). З 1993 года «Славянскі базар» з'яўляецца сябрам FIDOF.

Апроч конкурсаў, на фестывалі шырока прадстаўлена не толькі песенная культура, але і разнастайныя віды мастацтваў — выяўленчае, тэатральнае, кіно, народныя рамёствы. Фестывальныя дні ўключаюць творчыя сустрэчы з рознымі дзеячамі сусветнай культуры, прэзентацыі тэатральных пастановак і кінастужак, мастацкія выстаўкі, а таксама кірмашы з удзелам майстроў-рамеснікаў.

У 2010-я гады «Славянскі базар» зрабіўся даволі палітычна ангажаваным мерапрыемствам, што звязана з амаль поўнай залежнасцю фестывалю ад дзяржаўнага фінансавання і персанальнай увагай да фестывалю з боку кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фестываль Польскай песні і будаўніцтва Амфітэатра[правіць | правіць зыходнік]

Папярэднікам «Славянскага Базару» быў «Фестываль польскай песні ў Віцебску». Беларускае партыйнае кіраўніцтва вырашыла абраць Віцебск для гэтага мерапрыемства, бо на той момант ён з'яўляўся пабрацімам польскага горада Зялёна Гура, дзе з 1965 года праводзіўся «Фестываль савецкай песні». Дзякуючы намаганням кампазітара Ігара Лучанка і тагачаснага першага сакратара абкама партыі Уладзіміра Грыгор'ева было вырашана пабудаваць у Віцебску Летні амфітэатр, бо на той момант у горадзе не было пляцоўкі для правядзення фестывалю буйнога маштабу, і міністр культуры БССР Юрый Міхневіч сур'ёзна разглядаў магчымасць правесці фестываль у мінскім Палацы Спорту[1].

Будаўніцтва Амфітэатра пачалося ў 1987 годзе па праекце архітэктара Вячаслава Бабашкіна. Пляцоўка пад будаўніцтва выбіралася вельмі старанна, вырашылі, што лепшым месцам будзе натуральнае паглыбленне ў ручаёвым яры, схілы якога будуць абараняць пляцоўку ад гарадскога шуму. Будавалі шпаркімі тэмпамі — праз паўгода канцэртная зала была гатова. Улетку 1988 года тут прайшоў першы канцэрт. Зала ўмяшчае 5400 чалавек[2]. Апроч сцэнічных памяшканняў у амфітэатры меліся тэнісныя корты, залы для папулярных на той час заняткаў рытмічнай гімнастыкай (аэробікай) і танцамі, кафэ-бар, рэстаран, крама.

Першы «Фестываль польскай песні ў Віцебску» прайшоў з 17 па 22 ліпеня 1988 года на сама высокім узроўні. У Віцебск прыехала шмат польскіх гасцей, а свае віншаванні ўдзельнікам накіравалі тагачасныя кіраўнікі Польшчы і СССР Войцех Ярузельскі і Міхаіл Гарбачоў. Другі фестываль польскай песні адбыўся ў Віцебску ў 1990 годзе. У гэтым жа годзе спыніў сваё існаванне «Фестываль савецкай песні» у Зялёнай Гуры, што аўтаматычна зрабіла другі фестываль польскай песні таксама апошнім. У спадчыну Віцебску засталася буйная канцэртная пляцоўка і досвед арганізацыі міжнародных фестываляў.

Першыя гады: 1992—1997[правіць | правіць зыходнік]

Арганізацыя першага фестывалю «Славянскі базар» звязана з імем дырэктара «Фестывалю польскай песні ў Віцебску» і генеральнага дырэктара Цэнтра культуры «Віцебск» Радзівона Баса. Менавіта Бас прапанаваў стварэнне «Славянскага Базару» замест скасаванага польскага. На гэты раз канцэпцыя мерапрыемства была пашырана: фестываль павінен быў збіраць прадстаўнікоў з краін, дзе панавала ці прысутнічала славянская культура. Ініцыятарамі правядзення і заснавальнікамі ў перыяд развалу СССР, і як следства, страты сувязяў, якія склаліся ў савецкі час, сталі прыватныя і некамерцыйныя арганізацыі трох дзяржаў — Саюз «Зніч» (старшыня Наталля Машэрава, дачка былога кіраўніка ЦК КПБ Пятра Машэрава), Віцебскі гарадскі цэнтр культуры (дырэктар Радзівон Бас) з Беларусі, ІПП «Ирыда» (дырэктар Сяргей Віннікаў) з Расіі і ІПП «Рок-Акадэмія» (дырэктар Мікалай Красніцкі) з Украіны.

" Мы паехалі ў Маскву да сяброў-кампаньёнаў: маўляў, давайце правядзём фестываль «Новая Еўропа». Было шмат ідэй і гутарак, усё гэта адбывалася ў гатэлі «Расія», якой ужо няма, і самым блізкім рэстаранам да яе быў «Славянскі базар»… Не паверыце, але прыцягнуў менавіта «базар» — месца, дзе прадаюць і купляюць. Прэтэнзій да фесту і з боку прэсы, і з боку высокіх чыноў было шмат, таму што гэта была прыватна ініцыятыва. Чапляліся нават да слова «базар» — маўляў, слова цюркскае, а не славянскае, а пра «баль падчас чумы» і казаць няма чаго, бо былі талоны на прадукты і свята ў многіх выклікала раздражненне.
— Радзівон Бас пра выбар назвы для фестывалю[3]
"

Першы «Славянскі Базар» урачыста адкрыўся ў Віцебскім Летнім амфітэатры 18 ліпеня 1992 года. У ім прынялі ўдзел артысты з Беларусі, Расіі, Украіны, ЗША, Канады, Аўстраліі, Польшчы і Грузіі — больш за 1000 удзельнікаў. Сама вялікімі дэлегацыямі вылучаліся краіны-арганізатары. На галоўнай фестывальнай пляцоўцы — Амфітэатры — прайшлі 9 канцэртаў. Адбылася прэзентацыя трох выстаў. Прайшло 5 прэс-канферэнцый.

У 1993 годзе «Славянскі базар» ўступіў у FIDOF. На флагштоку фестывалю ўпершыню з'явіліся сцягі Славакіі, Кыргызстана, Літвы, Турцыі, Балгарыі, Югаславіі. У 1994 годзе частка фестывалю ўпершыню адбылася ў будынку драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, дзе адкрыўся Цэнтр нацыянальных культур. Там адбыліся канцэрты нацыянальных дэлегацый, а таксама мерапрыемствы, прысвечаныя Дням культуры Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Балгарыі. Упершыню раскінуў свае шатры «Горад майстроў» — своеасаблівы кірмаш народных мастацтваў і рамёстваў.

З 1995 года «Славянскі базар» пачаў звацца «Міжнародным фестывалем мастацтваў». Упершыню ў рамках фестывалю дэманстраваліся славянскія фільмы. Таксама ўпершыню на фестываль прыехалі прадстаўнікі Кіпра, Нідэрландаў, Грэцыі, Узбекістана і Швейцарыі. У гэтым жа годзе фестываль пачаў адчуваць вялізны недахоп сродкаў, нягледзячы на вялікую ўвагу да мерапрыемства з боку тэлеканалаў краін-арганізатараў і колькасць удзельнікаў. 1995 год быў таксама вырашальным для лёсу фестывалю, бо адзначыў яго пераход пад апеку дзяржавы. Падчас адкрыцця Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які ўпершыню наведаў фестываль, заявіў, што ён і Урад Беларусі з гэтага часу бяруць «Славянскі Базар» пад свой патранаж. Нягледзячы на гэта, да 1998 года падтрымка з боку дзяржавы амаль не адчувалася.

Узбуйненне фестывалю: 1998—2005[правіць | правіць зыходнік]

У 1998 годзе фестываль у Віцебску стаў міждзяржаўным культуралагічным праектам Саюза Расіі і Беларусі. З гэтага часу фестываль змяніў назву на «Славянскі Базар у Віцебску». Дзякуючы добрай фінансавай падтрымцы з саюзнага бюджэту, фестываль ператварыўся ў буйное мерапрыемства міжнароднага памеру. У 2000 годзе фестываль паставіў своеасаблівы рэкорд, калі сабраў прадстаўнікоў усіх буйных славянскіх народаў. Гэтае дасягненне было прызнана 24 студзеня 2001 года ў Канах на 35-й Асамблеі FIDOF, у рамках Міжнароднага музычнага рынка (МІДЭМ), дзе прысутнічала дэлегацыя Дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі Базар у Віцебску», дырэктару фестывалю Радзівону Басу быў уручаны Дыплом Міжнароднай Федэрацыі Арганізатараў Фестываляў «Фестываль 2000 года»[4]. Паўторна гэтае ганаровае званне фестываль атрымаў яшчэ і ў 2004 годзе.

Фестываль 2001 года вызначыўся сваёй цырымоніяй адкрыцця, на якой прысутнічалі прэзідэнты Беларусі, Расіі і Украіны — Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін і Леанід Кучма.

У 2005 годзе Віцебск прымаў 39-ю Асамблею FIDOF, якая ўпершыню прайшла не ў Канах. Фестываль ператварыўся ў буйную пляцоўку для міжкультурнага абмену. Тым не менш з канца 2000-х на фестывалі пачала дамінаваць у асноўным расійская культура. Дзеля павышэння рэнтабельнасці і прывабнасці фестывалю для гледачоў і расійскіх тэлеканалаў, дырэкцыя фестывалю зрабіла ўпор на запрашэнне вядомых савецкіх і расійскіх артыстаў і дзеячаў культуры.

Поп-культура і палітызацыя: 2006—2012[правіць | правіць зыходнік]

З сярэдзіны 2000-х гадоў, "Славянскі Базар" робіцца асноўным культурным мерапрыемствам для Беларусі, на якое выдаткоўваюцца горошы з дзяржаўнага бюджэта і бюджэта Саюзнай Дзяржавы. З-за вялізнага наплыва прадстаўнікоў масавай поп-культуры, фестываль пачынае губляць канцэпцыю, на якой будавалася асноўная ідэя - "Праз мастацтва - да міру і ўзаемапаразумення". Нягледзячы на наяўнасць вялікай колькасці культурных мерапрыемстваў мастацкага накірунку, асноўная ўвага прэсы, тэлегледачоў і наведвальнікаў фестывалю сканцэнтравалася на сольных канцэртах вядомых расійскіх выканаўцаў. У той жа час фестываль пачаў губляць прывабнасць для расійскіх тэлеканалаў, што тлумачылася яго кансерватыўнасцю і не адпаведнасцю сучаснаму тэлевізійнаму фармату.

Узбуйненне датычылася не толькі фармата мерапрыемства, але і колькасці фестывальных дзён. Калі напачатку свайго існавання праграма фестывалю ўмяшчалася ў 4 дня, то ў 2012 фестываль доўжыўся 7 дзён. Галоўнай цікавасцю зрабіўся конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск", які праходзіць падчас фестывалю. Вырас прафесійны ўзровень удзельнікаў у параўнянні з першымі гадамі існавання конкурса, але за гэты час конкурс некалькі разоў рабіўся прадметам спрэчак і скандалаў у прэсе з-за магчымага дагаворнага галасавання членаў журы, як тое было ў 2006, 2009[5] і 2012 гадах. У той жа час конкурс зрабіўся стартавай пляцоўкай для тых артыстаў з Усходняй і Паўднёвай Еўропы, хто потым спрабаваў свае сілы ў нацыянальных адборах на конкурс Еўрабачанне, а некаторыя ўдзельнікі і пераможцы віцебскага фестываля нават атрымлівалі перамогу ў агульнаеўрапейскім конкурсе, як напрыклад Марыя Навумава з Латвіі. Адной з традыцый базара з 2006 года зрабілася запрашэнне пераможцаў і ўдзельнікаў Еўрабачання для ўдзелу ў фестывальных мерапрыемствах, а таксама правядзенне так званых еўра-вечарын. Тым самым фестывальнае кіраўніцтва рабіла ўсё больш вялікі ўхіл у бок масавай поп-культуры, адыходзячы ад традыцыйнай і класічнай.

Узрасла і палітызацыя фестываля. Кожны год фестываль урачыста адкрываецца асабіста Аляксандрам Лукашэнкай, што суправаджаецца ўзмацненнем мер бяспекі ў Віцебску і "ачышчэннем" горада ад актывістаў апазіцыйнага руху ў дні правядзення фестываля[6][7][8]. Падчас адкрыцця фестывалю ў 2010 годзе Лукашэнка адзначыў, што "Славянскі базар у Віцебску" стаў часткай не толькі культуры, але і вялікай палітыкі[9]. Палітчная ангажаванасць фестывалю яшчэ больш выразна праявілася ў 2011 годзе, калі дзяржаўнае агенцтва БелТА абурылася фактам адсутнасці віншавання з"Славянскага Базара" з 20-годдзем з боку тагачаснага прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева[10], які быў затым раскрытыкаваны Беларускім тэлебачаннем[11].

Палітыка не абыйшла таксама і ўдзельнікаў "Славянскага Базара". Так шведская спявачка і пераможца Еўрабачання-2012 Ларын падчас свайго знаходжання ў Віцебску ў 2012 годзе сустрэлася з жонкай арыштаванага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і падпісалася пад петыцыяй у адмену смяротнага пакарання ў Беларусі[12].  

Новы фармат: 2013[правіць | правіць зыходнік]

  У 2013 годзе ў кіраўніцтва фестываля абнавілася. 1 сакавіка пакінуў свой пост нязменны шматгадовы дырэктар міжнароднага фестывалю " і дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" Радзівон Бас. Новым дырэктарам стаў Аляксандр Сідарэнка. Ён узначаліў Цэнтр культуры "Віцебск" пасля таго, як Бас напісаў заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Да гэтага Сідарэнка быў першым намеснікам генеральнага дырэктара Цэнтра культуры "Віцебск", працаваў ва ўпраўленні культуры аблвыканкама і ў гарвыканкаме. Адной з імаверных прычын адстаўкі Баса лічылася крытыка фармата і ўзроўню правядзення "Славянскага базару" з боку вышэйшага кіраўніцтва, асабліва факт дамінавання расійскай эстрады[13].

Наступным крокам арганізатараў і новага кіраўніцтва стала змена фармата правядзення фестывалю. Нягледзячы на тое, што 22 лютага віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік правёў пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю, на якім абяркоўвался звычайны фармат фестывалю[14], ужо 22 мая 2013 года на прэс-канферэнцыі было заяўлена, што для правядзення мерапрыемства адведзена толькі 5 дзён. Скарачэнне зведалі дні культуры краін-заснавальніц «Славянскага базару»: Беларусі, Расіі і Украіны. Замест іх было прапанавана правесці толькі адзін — Саюзнай дзяржавы[15].

Фестываль 2013 адзначыўся таксама скандалам звязаным з прымусам выканаўцаў спяваць пад фанаграмму падчас цырымоніі адкрыцця, што вызвала пэўную хвалю абурэння ад расійскіх поп-выканаўцаў[16].

Сімволіка фестывалю[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з афіцыйным тлумачэннем Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пазіцыяніруе сябе як "доўгатэрміновая, буйнамаштабная, міждзяржаўная культурная акцыя Саюза Расіі і Беларусі, якая арыентавана на аб'яднанне шматнацыянальных творчых сіл, усяго самага каштоўнага, чым славіцца кожная з нацыянальных культур, на ўзаемадзеянне і ўзаемапранікненне розных культур, духоўнае яднанне народаў свету, стварэнне мірнай супольнасці. Фестываль мае адкрыты масавы характар, спрыяе адраджэнню і развіццю мастацкай культуры і мастацтва ў цэлым". Фест закліканы падтрымліваць маладыя таленты і наватарства ў мастацтве.

Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» мае свой фестывальны знак (лагатып), фестывальны дэвіз, фестывальны сцяг, фестывальныя прызы і дыпломы. Фестывальны знак (лагатып) уяўляе сабой графічны малюнак кветкі васілька (традыцыйнага для славянскіх краін), размешчанага на нотным стане. На лінейках нотнага стана, сімвалізуючых музычныя кірункі ў мастацтве, размяшчаецца славесны лагатып «Славянскі базар у Віцебску» на беларускай мове. Назва фестывалю паўтараецца на рускай і англійскай мовах, размяшчаючыся па крузе вакол фестывальнага знака. Фестывальны сцяг уяўляе сабой палатно белага колеру са шматколерным фестывальным знакам у цэнтры.

Дэвізам фестывалю з'яўляецца заклік «Праз мастацтва — да міру і ўзаемапаразумення!» У гэтым дэвізе складзены асноватворныя ідэі фестывалю. Гэта зварот да ўсіх удзельнікаў фестывалю, заклік да міру, прыгажосці, гармоніі і дасканаласці[17].

Праграма і фармат фестывалю[правіць | правіць зыходнік]

Культурная праграма[правіць | правіць зыходнік]

Праграма і фармат фестывалю зведалі некалькі трансфрамацый за час існавання мерапрыемства, але некаторыя элементы захоўваліся пастаянна і сталі традыцыйнымі. Да традыцыйных элементаў фестывалю варта аднесці ўрачыстыя адкрыццё і закрыццё фестывалю. Звычайна афіцыйныя мерапрыемствы пачынаюцца з прэс-канферэнцыі кіраўніцтва фестывалю і скончваюцца вялікім канцэртам адкрыцця ў Летнім амфітэатры Віцебска. Адметнай рысай канцэртаў адкрыцця і закрыцця з'яўляецца наяўнасць адразу трох вядучых, якія прадстаўляюць тры краіны-заснаваліцы "Славянскага базара". Першы фестываль адкрывалі тры жанчыны: Зінаіда Бандарэнка з Беларусі, Святлана Маргунова з Расіі і В. Вівласенка з Украіны. З 1993 года ў тройцы вядучых з'явілася Алена Спірыдовіч, якая з тых часоў з'яўляецца нязменнай вядучай мерапрыемстваў у Летнім амфітэатры ад Беларусі. Традыцыйным з'яўляецца і прывітанне ўсім гледачам, якое паўтараецца на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах.

Да 2013 года на фестывалі праводзіліся так званыя дні культуры краін-заснавальніц "Славянскага базара". Звычайна ў гэтыя дні праводзілся выстаўкі, прэзентацыі, іншыя мерапрыемствы прысвечаныя культурным з'явам і жыццю Беларусі, Расіі ці Украіны. Фіналам кожнага дня культуры быў канцэрт майстроў культуры кожнай краіны. З пачатку 2000-х гадоў пачынае назірацца своеасаблівая праява абыякавасці да адмыслованга культурнага дня з боку ўкраінскай дэлегацыі. У асноўным гэта было звязана з недахопамі ў фінансаванні і невялікай папулярнасцю фестывалю ва Украіне. У 2006 годзе прыезд украінскай дэлегацыі, як і правядзенне мерапрыемстваў прысвечаных дню ўкраінскай культуры падчас фестываля, выклікаў шмат сумневаў і пытанняў. Гэта было звязана са зменамі ва ўкраінскім заканадаўстве, якое датычылася, між іншым, і арганізацыі фінансавання ўдзелу ўкраінскай дэлегацыі[18]. У выніку дзень украінскай культуры на "Славянскім Базары" быў праведзены[19], але негатыўная тэндэнцыі ў дадзеным напрамку захаваліся, што імаверна было адным з прычын скасавання дзён культуры ў 2013 годзе.

У першыя гады свайго існавання, фестывальнае кіраўніцтва не абмяжоўвался правядзеннем дзён культур толькі трох краін. У 1994 годзе ўпершыню прайшлі дні польскай і балгарскай культр (за выключеннем канцэртаў майстроў культуры). У 2002 годзе быў арганізаваны дзень культуры Балканскіх краін. Але гэта так і не зрабілася традыцыяй падчас фестываля. Сама насычанымі мерапрыемстваімі застваліся беларускі і расійскі дні. З 2006 года на фестывалі з'явіўся дзень Саюзнай Дзяржавы, які ў 2013 годзе замяніў скасаваныя дні культуры трох краін.

Дастатковую папулярнасць падчас фестывалю набылі сольныя канцэрты поп-спевакоў. З сярэдзіны 2000-х гадоў яны сталі асноўнай крыніцай прыбытку для "Славянскага базара", бо збіраюць вялікую колькасць гледачоў. Зборы с канцэртаў былі настолкі вялікімі, што ў 2008 годзе віцэ-прэм'ер Аляксандр Косінец прапанаваў вывесці фестываль на самаакупнасць[20]. У той жа час факт звышпрысутнасці расійскай поп-культуры на "Славянскім базары" зрабіўся аб'ектам крытыкі ў адрас арганізатараў фестывалю[21]. Да поп-культурных традыцыйных з'яў можна аднесці і адмысловыя прэс-канферэнцыі "Зорны Час" - сустрэчы журналістаў з дзеячамі тэатра і кіно.

Таксама ва ўсе фестывальныя дні ў Віцебску праводзіцца шмат культурных імпрэз: кіна- і тэатральныя прэм'еры, мастацкія выстаўкі, фестывалі народнай творчасці, працуюць разнастайныя кірмашы. З самага заснавання фестывалю, працуе "Горад Майстроў" - адмысловы кірмаш народных рамёстваў.

Змянялася таксама і колькасць дзён адведзеных для правядзення фестывалю. На самым пачатку фестываль доўжыўся не больш за 4 дні, ў той час як у другой палове 2000-х гадоў колькасць фестывальных дзён дасягала 8 і болей. У 2013 годзе арганізатары вырашылі паменшыць колькасць дзён ізноў да пачатковых чатырох дзеля павялічэння якасці фестывалю.

Конкурс маладых выканаўцаў[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйным для фестывалю з'яўляецца конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск». Конкурс з'яўляецца адзіным фестывальным мерапрыемствам, якое прысутнічала на ўсіх без выключэння віцебскіх фестывалях пачынаючы ад моманту заснавання «Славянскага базару» у 1992 годзе. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, конкурс мае за мэту «раскрыццё і падтрымку маладых талентаў, папулярызацыю музыкальнай культуры і мастацтва, узаемадзеянне і дыялог культур розных краін»[22].

Конкурс праводзяць у два туры, кожны тур у асобны дзень. Для конкурсу характэрны спецыфічныя патрабаванні, як патрабаванне спяваць песню кампазітара з славянскай краіны на адной з моў славянскай моўнай групы ў суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга ў адзін з конкурсных дзён. Для ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца выканаўцы ад 18 да 31 года. Кожная краіна мае права быць прадстаўлена толькі адным выканаўцам. Да 2006 года краіны-заснавальніцы фестывалю мелі магчымасць вылучаць двух прадстаўнікоў на конкурс, але ў мэтах павышэння відовішчнасці і папулярызацыі, гэта правіла было скасавана.

Канкурсантаў ацэньвае міжнароднае журы. У асноўным гэта прадстаўнікі культурнай і мастацкай эліты з краін-удзельніц фестывалю. Колькасць членаў журы ад года на год мянялася: максімальная колькасць членаў журы была ў 1992 і 1993 гадах — 15 чалавек, мінімальная колькасць — 10 чалавек. Журы ацэньвае канкурсантаў па 10-бальнай сістэме, з пэўнай умовай не ацэньваць ніжэй за 4 бала. Ацэнкі журы суміруюць за два тура конкурсу і па рэзультатах выяўляюцца ўладальнікі Гран-пры, першай, другой і трэцяй прэміі. Па ўмовах конкурсу журы мае права не ўручаць Гран-пры, калі немагчыма вызначыць удзельніка, які падыходзіць паводле патрабаваных крытэрыяў для ўручэння прэміі. За ўсю гісторыю конкурсу такое здаралася толькі ў 1992 і 1994 гадах.

Найбольш паспяховымі сярод удзельнікаў конкурсу былі прадстаўнікі Югаславіі, якія атрымлівалі перамогу 5 разоў. Прадстаўнікі Беларусі і Украіны перамагалі 4 разы, тройчы Гран-пры конкурсу атрымлівалі выканаўцы з Расіі. Шмат для каго з беларускіх прадстаўнікоў фестываль зрабіўся стартавай кропкай у музычнай кар'еры: Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, Пётр Ялфімаў і іншыя пачыналі свае творчыя кар'еры з удзелу ў віцебскім конкурсе.

Сярод небеларускіх удзельнікаў конкурсу найбольшых поспехаў дасягнулі Марыя Навумава з Латвіі і Руслана з Украіны, якія рабіліся пераможцамі конкурсу Еўрабачанне ў 2002 і 2004 гадах адпаведна. Вялікую папулярнасць у сваіх краінах і Еўропе атрымалі Жэлька Ёксімавіч з Сербіі, Ташэ Праескі і Бобі Майсоскі з Македоніі, Таісія Павалій з Украіны.

З 2003 года праводзяць і дзіцячую версію конкурсу «Віцебск». У 1996—2002 гадах гэтаму папярэднічаў фестываль дзіцячых шоу-праграм. У дзіцячым конкурсе маюць права ўдзельнічаць дзеці ад 7 да 12 гадоў. Правілы амаль не адрозніваюцца ад дарослага конкурсу, за выключэннем умовы выканання кампазіцый пад аркестр. Балы, якія атрымоўваюць канкурсанты ў дзіцячым конкурсе, звычайна не публікуюць. Найбольшай колькасцю перамог у дзіцячым конкурсе валодае Румынія — яе прадстаўнікі 4 разы атрымлівалі Гран-пры конкурсу.

Трансляцыі фестывалю[правіць | правіць зыходнік]

Беларускае тэлебачанне цалкам забяспечвае трансляцыі ўсіх фестывальных і конкурсных дзён. Канцэрты адкрыцця і закрыцця, конкурсныя дні, канцэрты майстроў культуры транслюцца ў прамым эфіры на тэлеканалах «Беларусь 1» і «Беларусь 24». У мінулым трансляцыі праводзілі і на тэлеканале «Лад».

Забеспячэннем трансляцый са «Славянскага базару» на тэрыторыі Расіі займаецца УДТРК. Тэлеканалы «Расія-1» і «РТР-Беларусь», якія ўваходзяць у холдынг, транслююць фестывальныя канцэрты ў скарочанай версіі на наступны дзень.

У мінулым міжнародныя трансляцыі з фестывалю забяспечваў украінскі спадарожнікавы Міжнародны Славянскі Канал. Цяпер спадарожнікавыя трансляцыі арганізуюцца праз «Беларусь 24».

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Все строилось «с листа». Праверана 21 ліпеня 2013.(руск.) 
  2. ЛЕТНИЙ АМФИТЕАТР В ВИТЕБСКЕ. Праверана 21 ліпеня 2013.(руск.) 
  3. "Жизнь как фестиваль". Директор «Славянского базара в Витебске» Родион БАСС – о том, как все начиналось.. Праверана 21 ліпеня 2013. (руск.) 
  4. "Витебская марка не нуждается в конферансе". Праверана 22 ліпеня 2013. (руск.) 
  5. Радзівону Басу да гэтых пор сорамна за тое, якім чынам Расія атрымала Гран-пры «Славянскага базара-2009». Праверана 23 ліпеня 2013.(руск.) 
  6. Драконаўскія меры бяспекі на «Славянскім базары». Праверана 23 ліпеня 2013.
  7. Зачыстка перад «Славянскім базарам»: у Віцебску затрыманыя браты Каваленкі. Праверана 23 ліпеня 2013.
  8. Арышты ў Віцебску падчас «Славянскага базара» — затрыманая маці Паўла Севярынца. Праверана 23 ліпеня 2013.
  9. Лукашэнка: «Славянскі базар» — гэта вялікая палітыка. Праверана 23 ліпеня 2013.
  10. Прэзідэнт Расіі не накіраваў віншаванне з нагодны адкрыцця ХХ юбілейнага "Славянскага Базара ў Віцебску". Праверана 23 ліпеня 2013.(руск.) 
  11. Беларускае ТБ працягнула кампанію супраць Мядзведзева: Крэмль плюнуў у душу «Славянскага базару». Праверана 23 ліпеня 2013.
  12. Ларын сустрэлася з жонкай Бяляцкага: «Ваша змаганне справядлівае». Праверана 23 ліпеня 2013.
  13. "Славянскі базар" застаўся без дырэктара. Праверана 23 ліпеня 2013.
  14. «Славянскі базар» прапаноўваецца правесці з 11 па 17 ліпеня. Праверана 23 ліпеня 2013.
  15. «Славянскі базар» будзе сёлета карацейшы. Праверана 23 ліпеня 2013.
  16. На “Славянскім базары” артыстаў прымусілі спяваць пад фанаграму. Праверана 23 ліпеня 2013.
  17. Сімволіка «Славянскага базара». Праверана 23 ліпеня 2013.(руск.) 
  18. «Славянскі базар» пройдзе без Украіны?. Праверана 24 ліпеня 2013.(укр.) 
  19. На «Славянскім базары» ўсё-такі будзе дзень Украіны. Праверана 24 ліпеня 2013.
  20. Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» мусіць стаць самаакупным праектам. Праверана 24 ліпеня 2013.(руск.) 
  21. Сяргей Будкін: «Няхай жыве «Славянскі базар»!. Праверана 24 ліпеня 2013.
  22. Пастанова Міністэрства культуры РБ аб Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Праверана 26 ліпеня 2013.(руск.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мінск: БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]