Слонімскае ўзвышша
Слонімскае ўзвышша — частка паўднёва-заходняга адгалінавання Беларускай грады на захадзе Беларусі.
Займае пераважна Слонімскі раён. Фарміраванне Слонімскага ўзвышша адбылося пад уплывам дняпроўскага ледавіка (перапрацоўка глыбокіх адорвеняў мелавых, палеагенавых і раннеантрапагенавых адкладаў), сучасны рэльеф створаны сожскім зледзяпеннем. Рэльеф тут буйнаўзгорысты і градава-ўзгорысты. У цэнтры спадзістая слабахвалістая раўніна. Грады выцягнуты з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, сярод іх вылучаны Залацееўскі пояс град і Косаўская града.
Найвышэйшая кропка Слонімскага ўзвышша і Залацееўскіх град (228,5 м) знаходзіцца ў Зэльвенскім раёне на тэрыторыі Галынкаўскага сельсавета, на адлегласці 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Старое Сяло, 1,7 км на паўднёвы захад ад вёскі Снежная, 1,9 км на паўночны захад ад вёскі Чырвонае Сяло, 3,3 км на паўночны ўсход ад вёскі Варонічы.
Схілы гары пакатыя. На вяршыні размешчаны геадэзічны пункт у выглядзе апазнавальнага слупка і акопа (раўка). Каардынаты: 53° 09,856' N, 24° 57,683' E.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992.
- Фядзеня В. М. Слонімскае ўзвышша // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 14. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).