Слонімскі тэатр Агінскага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Слонімскі тэатр Агінскага
Будынак тэатра
Будынак тэатра
Заснаваны 1771
Заснавальнік Міхал Казімір Агінскі
Закрыты 1792
Будынак тэатра
Месцазнаходжанне Слонім

Слонімскі тэатр Агінскага — прыдворная тэатральная трупа гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Агінскага ў горадзе Слонім.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаваны да 1771 года, спыніў дзейнасць пасля 1791 года.

Трупа[правіць | правіць зыходнік]

У тэатры працавалі прафесійныя італьянскія, нямецкія, польскія спевакі, прыгонны хор і балет. Балетная трупа падрыхтавана ў слонімскай балетнай школе. Паказы суправаджала слонімская капэла Агінскага. У 17701780-я гг. пры тэатры існавала музычная школа.

У слонімскім тэатры працавала 138 чалавек, толькі ў аркестры было 53 музыканты. Творы выконваліся спевакамі з Італіі, Германіі, Польшчы. Артыстаў для хору рыхтавалі ў Слонімскай музычнай школе, танцораў і балерын — у «Дэпартаменце балетных дзяцей», так называлася балетная школа. З 8 дзяцей у 1777 годзе, яна ў 1785 годзе павялічылася да 18. Спачатку сярод іх переважалі дзеці прыдворных музыкантаў, потым прыгонных сялян. Кіравалі балетам балетмайстар і кампазітар Ф. Марыні і вядомы польскі балетмайстар Ф. Шлянцоўскі. У чэрвені 1792 года балетная група цалкам пераведзена ў Целяханы[1][2].

Рэпертуар[правіць | правіць зыходнік]

Рэпертуар тэатра складаўся з балетаў, у т. л. «Каралеўскі балет», «Балет млынароў», «Дзікі балет» і «Дэзерцір» (апошнія два паказаны ў 17901791 гадах на гастролях у горадзе Дубна, Украіна), опер італьянскіх кампазітараў Дж. Паізіела, Э. Дуні  (руск.), А. Грэтры, П. А. Мансіньі  (руск.), Н. Іамелі  (руск.), А. Сакіні, П. А. Гульельмі  (руск.), К. В. Глюка, Дж. Таэскі («Тэлемах», 1780) і інш., а таксама Агінскага («Зменены філосаф», 1771; «Енісейскія палі», 1788); трагедый Вальтэра («Альзіра», 1780, 1783 і «Марціна», 1786) і інш.

На спектаклі з’язджаліся гледачы з усёй акругі, а стараннямі князя Агінскага, вядомага кампазітара, музыканта і паэта, знакамітыя оперныя спектаклі пасля прэм’ер у Вене ці Парыжы ставілі ў Слоніме. Тэатр выязджаў на гастролі у Варшаву, а маёнтак Агінскага па праве называлі «Сядзібай муз».

Музыканты і музычны збор[правіць | правіць зыходнік]

Паводле «Інвентара інструментаў і музычных папер» (складзены ў 1801, пракаменціраваны А. Цеханавецкім) збор нот твораў, што выконваліся на розных сцэнах тэатра Агінскага, уключае 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 інш. музычных твораў (араторыі, арыі, музыка для дывертысментаў, асобных танцаў і інш.). Сярод выканаўцаў дачка «мэтра ігры на клавікордзе» Д. Грабенбаўэра, Г. Давіа, П. Драздоўская, Лісевічаўна, Канапкоўна, Сінтнер, Герман, Пленц, Марцінкевічаўна, Шуцкая, Міхайлоўская, Цэльнер; салісты Янскі і М. Лазарыні.

Афарміцельская частка[правіць | правіць зыходнік]

Дэкарацыі для тэатра стваралі Мараіна і тэатральны машыніст Жан Баі (у дакументах праходзіў пал імем Ян Бой). Сярод іншых мастакоў тэатра: К. Атасельскі, Штроўбл (працаваў да 1777), І. Рэгер (1776—1778), Ян Рустэм (17881790), А. С. Дамброўскі і прыгонныя майстры-дэкаратары Міхал, Мікалай, Янак.

Філіялы[правіць | правіць зыходнік]

Філіялы тэатра працавалі ў Седльцах (Польшча) і Целяханах (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). У 1771 функцыянаваў «плывучы тэатр» на баржах на Агінскім канале.

У 1788 годзе ў парку, на беразе канала Агінскага, па праекце італьянскага архітэктара Іначэнца Мараіна было ўзведзена тварэнне стылю барока — «Опергаўз» (Дом оперы), разбураны пасля 1804), двухпавярховы будынак з глядзельнай залай амаль на тысячу чалавек і двух’яруснымі ложамі, які меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, оперных і балетных, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой і канала і па ёй плавалі лодкі), для складаных перспектыў і дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхнічныя магчымасці сцэны дазвалялі паказаць і 2 фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі (пры тэатры быў спецыяльны піратэхнік — «майстар па феерверках» Ц. Г. Ваксмунт).

Зноскі

  1. Саламаха А. А. Слонімская балетная школа // Энцыклапедыя Літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1985. — Т. 5. — С. 57—58.
  2. Чыгрын С. М. Тэатр у Слоніме: гісторыка-краязнаўчыя і мастацтвазнаўчыя артыкулы. — Слонім: Слонімская тыпаграфія, 2008. — 97 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]