Перайсці да зместу

Слуцкі пояс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Слуцкія паясы)
Слуцкі пояс з «вазонамі»
Слуцкі пояс і Трэці Літоўскі Статут

Слуцкія паясы — вырабы ручнога ткацтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, элемент традыцыйнага параднага мужчынскага строю шляхты. Назва паходзіць ад назвы горада Слуцк у Беларусі, дзе іх ткалі на мануфактуры шаўковых паясоў. Павязваліся паверх кунтуша (пояс складваўся ўдвая на ўсёй даўжыні). Пояс лічыўся прыкметай высакароднага паходжання і яго наяўнасць паказвала на дабрабыт уладальніка, паясы мелі вялікі кошт і перадаваліся ў спадчыну.

Паясы, падобныя да слуцкіх, выраблялі таксама ў Гродне, Нясвіжы, Ружанах, Кракаве, Ліпкаве і Кабылках пад Варшавай, а таксама ў Францыі[1].

Тэхналогіі ткацтва, якія выкарыстоўваліся пры вытворчасці слуцкіх паясоў, цяпер страчаны.

Надпіс кірыліцай «ВЪ ГРДѢ СЛУЦКѢ» на шляхецкім слуцкім поясе (Вялікае Княства Літоўскае, 1780-ыя гг.)

Спярша як і Нясвіжскія, Слуцкія паясы капіравалі ўзоры, прывезеныя з Блізкага Усходу, потым пачалі ўключаць у арнамент нацыянальныя матывы, кветкі мясцовай флоры — валошкі, незабудкі і інш. 3 1750-х гадоў у Нясвіжскай, пазней у Слуцкай мануфактуры працаваў вядомы майстар з горада Станіславаў (Украіна) Ян Маджарскі, які распрацаваў новы тып пояса — Слуцкі, назва якога зрабілася сінонімам усіх доўгіх шаўковых паясоў. Сувязі з усходнімі ўзорамі страчваліся.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795) асартымент паясоў скараціўся. Па здушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) улады Расійскай імперыі забаранілі нашэнне традыцыйнага строю шляхты, у выніку чаго паясы паступова выйшлі з ужытку. У 1848 годзе вытворчасць спынілася праз закрыццё мануфактуры[2].

Паштовы блок «Слуцкія паясы»
Капэрта першага дню «Слуцкія паясы» з партрэтам Тадэвуша Багдановіча пэнздля Вікенція Сляндзінскага. 14.03.2014

Ткаліся з тонкіх шаўковых, залатых і срэбных нітак на ручных станах. Аснова была заўсёды шаўковая, уток — або шаўковы, або залотных нітак. Перапляценне асновы і ўтку армюрнае, гэта значыць вытворнае ад гарнітура[3].

Даўжыня пояса дасягала ад 2 да 4,5 метраў, а шырыня ад 30 да 50 см. На краях упрыгожваліся ўзорнай аблямоўкай, на канцах — пышным, галоўным чынам раслінным арнаментам, у якім народныя ўзоры спалучаліся з усходнімі матывамі. Не мелі левага боку, усе бакі былі правымі. Вырабляліся аднабаковымі (са зваротным бокам), двухбаковымі. Найбольш каштоўнымі лічыліся чатырохбаковыя — кожны бок падзяляўся на дзве часткі з рознымі колерамі, пояс складваўся ўдвая. Канцы пояса мелі складаны арнамент, часцей з двума матывамі: авал, аточаны лісцем са сцяблом і кветкамі, якія выходзяць з зямлі ці з вазаў, і букеты кветак з хвалепадобным аблямаваннем.

Канцы пояса часам абшывалі махрамі, якія складаюць тыповую асаблівасць слуцкіх паясоў[3]. Яны не прадстаўляюць сабой арганічнага цэлага з поясам, гэта значыць не з’яўляюцца працягам асновы, як гэта бывае на маскоўскіх паясах. Махры слуцкіх паясоў заўсёды прышываюцца да канцоў. На ўсходніх паясах таксама сустракаюцца прышыўныя махры. Аднак на ўсходніх паясах яны прадстаўляюць не тыповую з’яву, а хутчэй выпадковую. Завяршэнне слуцкага пояса махрамі было ўзята не ад усходняй традыцыі[3]. Яно, відаць, было выклікана мясцовымі густамі: народны беларускі мужчынскі тканы пояс звычайна завяршаецца кутасамі або махрамі[4]. Магчыма, што беларуская традыцыя завяршэння пояса была перанесена на афармленне слуцкага пояса[3].

У куце пояса з абодвух бакоў ткалі метку на стараславянскай і лацінскай мовах (Слуцк, У горадзе Слуцку, Зроблена ў Слуцку)[5].

Віды мастацкага ўбрання канцоў пояса

[правіць | правіць зыходнік]
  • паясы з медальёнамі
  • паясы з букетамі
  • паясы з вазонамі
  • паясы з расцвіўшымі галінкамі
  • паясы з хвалістымі воблачкамі

Слуцкія паясы надзяваліся ў самых розных жыццёвых выпадках. Яны бывалі будзёныя, святочныя, вясельныя і жалобныя[6]. Паясы надзявалі рознымі спосабамі — па стану, вышэй стану або нижэй, туга або свабодна, прама або набок. Гэта залежала або ад звычаю або ад густу ўладальніка пояса. Спосабы нашэння пояса можна прасачыць па партрэтах XVIII стагоддзя[3].

Выкарыстанне слуцкіх паясоў як тканін

[правіць | правіць зыходнік]

Прыгожасць тканін слуцкіх паясоў нярэдка прыводзіла да выкарыстання іх у царкоўным быту. З тканіны слуцкіх паясоў вырабляліся культавае адзенне і рэчы[7]. Асабліва шматлікія рэчы каталіцкага царкоўнага ўжытку. Часта сустракаюцца царкоўныя рэчы армяна-грыгарыянскага царкоўнага ўжытку, што зразумела, бо армяне мелі непасрэднае дачыненне да вытворчасці паясоў[7].

Некаторыя майстры

[правіць | правіць зыходнік]
  • Барсук Іосіф — ткач. У 1750-я навучаўся майстэрству ў Яна Маджарскага[8].
  • Барсук Фама — кіраўнік слуцкай мануфактуры (1807-44). У перыяд яго кіраўніцтва разам са слуцкімі паясамі выпускаліся залататканыя і ўзорыстыя тканіны[8].

Калекцыянаванне

[правіць | правіць зыходнік]

У 2-й палове XIX — пачатку XX стст. слуцкія паясы сталі прадметам калекцыянавання. Іх збіралі музеі і прыватныя асобы. У гэты час паясы пачалі вывучацца як вырабы мастацкага ткацтва. Значную калекцыю сабраў расійскі калекцыянер Пётр Шчукін (цяпер захоўваеццца ў Дзяржаўным гістарычным музеі Расіі), невялікая калекцыя ёсць у Новачаркаску, у Музеі казацтва.

У наш час у розных музеях Беларусі захоўваюцца не больш як 20 паясоў, пераважна ў фрагментах. Калекцыю колішняй Дзяржаўнай карціннай галерэі з 48 паясоў (32 з іх — з нясвіжскага збору Радзівілаў) вывезлі ў Германію ў Другую сусветную вайну, калекцыя Беларускага дзяржаўнага музея з 21 пояса таксама была страчана (6 паясоў з яе перайшлі да Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Мінск на сталае захоўванне ў 1927 годзе, а ў паваенны час — у 1968 годзе Мінскаму абласному краязнаўчаму музею ў Маладзечне, Заслаўскаму краязнаўчаму музею ў 1978 годзе і сталічнаму музею Максіма Багдановіча ў 1989 годзе). Лёс паясоў, перададзеных у даваенны час, пакуль невядомы. Пошукі іх не далі вынікаў.

У Слуцкім краязнаўчым музеі ўласны пояс з’явіўся ў 2013 годзе. Сродкі на яго збіраліся шляхам дабрачынных ахвяраванняў[9].

У старадаўняй «Калыханцы» пяецца:

Пайшоў Лёнік у лясок,
Знайшоў сабе паясок
Слуцкае работы[10].

Максім Багдановіч напісаў верш «Слуцкія ткачыхі», але насуперак вершу паясы ткалі толькі мужчыны: працэс ткацтва вымагаў значных фізічных выдаткаў. Існуе нават легенда, што калі жанчына да іх дакранецца, то ўсе срэбныя ніткі пацямнеюць[2].

Зноскі

  1. Дзіна Трызна. Слуцкія паясы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. С. 355.
  2. а б Іна Наркевіч. Квітнеюць серабром і золатам слуцкія паясы(недаступная спасылка) // «Культура» № 21 (839), 2008.
  3. а б в г д Якуніна 1960, с. 33.
  4. И. А. Сербов. Белорусы-сакуны. Краткий этнографический очерк. Сборник Отделения русского языка и словесности имп. Академии наук, т. 94, Петроград, 1916, стар. 5.
  5. Трызна Д. Слуцкія паясы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 596. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  6. Якуніна 1960, с. 42.
  7. а б Якуніна 1960, с. 47.
  8. а б Барсуки // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 42. — 737 с.
  9. Слуцкий пояс! Архівавана 17 студзеня 2017. (руск.)
  10. Р. Шырма. Беларускія народныя песні, загадкі і прыказкі. Т. I, Мінск, 1947, стар. 166.
  • Якунина Л. И. Пояса слуцкие в собрании Государственного Исторического Музея. М., Наркомпрос РСФСР. 16 страниц; 1941 г 570 экз.
  • Якуніна, Лідзія Іванаўна. Слуцкія паясы = Слуцкие пояса. Малы лексікон / Л. І. Якуніна ; [рэдактары: А. І. Залескі, К. П. Кабашнікаў ; Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР]. — Мінск: Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1960. — 237, [2] с. : іл., каляр. іл.. — 3 000 экз.