Перайсці да зместу

Смалегаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Смалегаў
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Насельніцтва
  • 3 чал. (2009)
СААТА
3238820051
Смалегаў на карце Беларусі ±
Смалегаў (Беларусь)
Смалегаў
Смалегаў (Гомельская вобласць)
Смалегаў

Смале́гаў[1] (трансліт.: Smaliehaŭ, руск.: Смолегов) — былая вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Завайцянскага сельсавета.

Вёска была ліквідавана 21 верасня 2010 года[2].

Назва вёскі на працягу гісторыі ў пісьмовых крыніцах пісалася па-рознаму: Смалегавічы, Смалігавічы, Смольгавічы, Смалегава, Смалегаў.

Па пісьмовых крыніцах вёска Смалегаў вядомая з XVI ст. як сяло ў Мазырскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Смалегаў (як вёска Мазырскага павета) згадваецца 20 ліпеня 1604 г. у дэкрэце судовых актаў Кіеўскага ваяводства, калі шляхціц Лукаш Сапега (каля 1552 — 1626) абвінаваціў суседа — шляхціца Януша Збаражскага — у гвалтоўным насланні сваіх слуг і баяраў з маёнтку Валодаркі (цяперашнія Ляўковічы) на сапежынскія землі (вёскі Завайць і Нароўля) і забранні нямалалікіх стагоў сена, у нападзе на ўгоддзі сапежынскай вёскі Смалігавічы (Смалегаў) і ўгоне коней, валоў і інш.[3]

Згадка пра вёскі Нароўля, Завайць і Смалігавічы (Смалегаў), якія належалі шляхціцу Лукашу Сапегу. (з апублікавання дакумента ад 1604 г. у зборніку дакументаў «Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym» (1894))

Вераемна, вёска Смалегаў у тыя часы ўваходзіла ў склад буйнога маёнтка Антонаў, які належаў Лукашу Сапегу, бо 21 красавіка 1607 г. датаваны судовы дэкрэт, у якім шляхціц Юзаф Будзіла, мазырскі харунжы, абвінаваціў шляхціца Лукаша Сапегу і яго жонку Сафію ў гвалтах, якія ўчынілі сяляне сапежынскага маёнтка Антонаў з вёсак Нароўлі і Смалегавічаў (Смалегава) у маёнтку Юзафа Будзілы, а менавіта ў вёсцы Багуцічы (Мазырскі павет)[4].

Імаверна, пасля смерці Лукаша Сапегі (які з пачатку 1600-х гг. падпісваўся як «граф на Чарнобылі») вёска Смалегаў у 1626 г. перайшла ў валоданне віленскага ваяводы і вялікага гетмана літоўскага Льва Сапегі (1557—1633), якому Лукаш Сапега завяшчаў усе свае маёнткі.

10 лістапада 1682 г. Смалегаў згадваецца ў гродскай кнізе мазырскага гродскага суда запісам аб падзеле зямель паміж рэчыцкім старостам, полацкім ваяводам (1686—1713) Дамінікам Міхалам Слушкам (каля 1655 — 1713), уладальнікам маёнткаў Антонава, Смольгавічы (Смалегаў) і Нароўля, і Кіеўскім езуіцкім калегіумам, уладальнікам маёнткаў Вярбковічы і Канатоп[5].

У 1750 г. на Мазырскі павет з Кіеўскага ваяводства пачаліся наезды атрадаў гайдамакаў. Заклікі гайдамакаў да мясцовых жыхароў падштурхнулі да паўстання на Нараўляншчыне (1750—1751), удзельнікамі якога сталі сяляне вёсак Вербавічы, Завайць, Смалегаў і мястэчка Нароўля[6]. Адбываліся рабаўніцтвы і гвалты. (Выбухі сялянскага паўстання тут адбываліся і ў 1760—1770-ыя гг.).

У канцы XVIII ст. вёска ўваходзіла ў склад буйнога маёнтка Барбароў, які належаў Аскеркам.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска ў складзе Расійскай імперыі. Пасля канфіскацыі маёнткаў у паўстанца Яна Мікалая Аскеркі (1735—1796) у расійскі скарб, у 1794 г. расійская імператрыца (1762—1796) Кацярына II падарыла буйны маёнтак Барбароў (да якога ў тым ліку належала вёска Смалегаў) правадзейнаму тайнаму саветніку Якаву Яфімавічу Сіверсу (1731—1808) у спадчыннае валоданне[7]. Сам Сіверс у Барбарове (ці на Нараўляншчыне) не пражываў, а кіраваў маёнткам яго адміністратар-камісар Станіслаў Левановіч.

Вёска Смалегаў (Смалегавічы) на схематычнай карце-плане Рэчыцкага павета 1800 г. (фрагмент карты-плана)

У 1795 г. у вёсцы дзейнічала царква. З 1808 г. маёнтак Барбароў (разам з вёскай Смалегаў) стаў зямельнай уласнасцю дваран фон Гольстаў. У 1826 г. маёнтак Барбароў (разам з вёскай Смалегаў) паводле куплі перайшоў ад фон Гольстаў ва ўласнасць дваран Горватаў. Пры падзеле сямейнай спадчыны паміж чатырма сынамі Ігната Тадэвушавіча Горвата (1764 — каля 1826) вёска Смалегаў (гэтак жа як і Смалегаўская Рудня) стала ўваходзіць у склад буйнога маёнтка Галоўчыцы, які атрымаў Станіслаў Ігнатавіч Горват (1804—1884).

Паводле сялянскай рэформы 1861 г. у Расійскай імперыі сяляне атрымалі вызваленне ад прыгонніцтва і права на частку зямель маянткоўца Станіслава Ігнатавіча Горвата (1804—1884).

Паводле перапісу 1897 г. у вёсцы дзейнічаў хлебазапасны магазін, а вёска адносілася да Нараўлянскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У канцы XIX ст. у вёсцы было створана сельскагаспадарчае таварыства, якое ў 1905 г. налічвала 33 гаспадаркі і мела 1178,06 дзесяцін зямлі[8].

У 1930 г. у вёсцы арганізаваны першы калгас «Шлях сацыялізму», працавала кузня[9]. З 1934 г. дзейнічала школа[10].

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў баях за вёску загінулі 10 савецкіх салдат (пахаваныя ў брацкай магіле на могілках). 43 жыхары загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. вёска ў складзе калгаса «Чырвоны Баец» (цэнтр — вёска Завайць). Меўся фельчарска-акушэрскі пункт, клуб. У 1963 г. у вёсцы быў устаноўлены абеліск на брацкай магіле савецкіх воінаў[11].

Да 26 мая 1960 года вёска ўваходзіла ў склад Галоўчыцкага сельсавета[12], пасля — у склад Нараўлянскага сельсавета, які 26 красавіка 1962 года перайменаваны ў Завайцянскі. Вёска была ліквідавана 21 верасня 2010 года[2].

  • 1795 год — 187 жыхароў, 28 двароў
  • 1834 год — 42 двары
  • 1897 год — 199 жыхароў[13], 49 двароў
  • 1909 год — 406 жыхароў, 65 двароў[14]
  • 1924 год — 396 жыхароў, 84 двары[15]
  • 1959 год — 620 жыхароў
  • 1996 год — 69 жыхароў, 39 двароў[16]
  • 2004 год — 8 жыхароў, 6 двароў (гаспадарак)
  • 2012 год — 2 двары (гаспадаркі)

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. а б Решение Наровлянского районного Совета депутатов от 21 сентября 2010 г. № 24 Об упразднении сельских населенных пунктов Романовка, Смолеговская Рудня, Смолегов Завойтянского сельсовета Наровлянского района(недаступная спасылка) (руск.)
  3. Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 459.
  4. Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukrain a (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 120, 157, 191, 459, 460.
  5. Васіль Чайка. 338 лет со дня первого упоминания о Наровле
  6. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 47.
  7. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 49.
  8. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 432.
  9. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 432.
  10. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 432.
  11. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 432.
  12. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 26 мая 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 16.
  13. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 61.
  14. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 432.
  15. Наровлянский район. Список населенных мест за 1924 год
  16. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 432.