Смаўг (Серадзем’е)
Смаўг | |
---|---|
![]() | |
МФА | smaʊɡ |
Месца смерці | |
Забойца | Бард Лучнік[1] |
Валодае | Arkenstone[d] |
Выканаўца/артыст | Бенедыкт Камбербэтч, James Horan[d], Francis de Wolff[d] і Richard Boone[d] |
Колер | чырвоны[1] і залаты колер[1] |
Прадстаўлена ў працы | Хобіт, або Туды і назад, Хобіт: Бітва пяці войскаў, Хобіт: Спусташэнне Цмока, The Hobbit[d], Hobbit[d] і The Hobbit[d] |
З мастацкага твора | легендарыум Толкіна |
Вораг | Торын Дубашчыт і Гандальф |
![]() |
Смаўг (англ.: Smaug, транскр.: [smaʊg][2]; часам выкарыстоўваецца Смог, у беларускім перакладзе Драк) — агнядышны крылаты цмок у легендарыуме Толкіна, галоўны антаганіст у рамане 1937 года «Хобіт, або Туды і назад». Вядомы тым, што ў 2770 годзе Трэцяй Эпохі Серадзем’я знішчыў горад Дэйл і авалодаў скарбамі гномаў Адзінокай Гары. У 2941 годзе, разгневаны з’яўленнем у яго ўладаннях атрада пад кіраўніцтвам Торына Дубашчыта (гэта былі трынаццаць гномаў і хобіт Більба Торбінс), Смаўг вырашыў знішчыць Эсгарат — горад людзей на Доўгім возеры, але быў забіты Бардам Лучнікам.
Пры стварэнні вобразу цмока Джон Р. Р. Толкін выкарыстаў матывы са скандынаўскай міфалогіі і англасаксонскай літаратуры . Даследчыкі адзначаюць яго падабенства з Фафнірам , персанажам «Сагі пра Волсунгаў », і цмокам з паэмы «Беавульф».
У «Хобіце» Смаўг апісаны як «асабліва хцівы, моцны і зламысны»[3]. Смаўг непасрэдна звязаны з адной з асноўных тэм рамана Толкіна — сквапнасцю, якую выклікае ахоўваемае ім золата.
Імя
[правіць | правіць зыходнік]Толкін адзначыў, што «дракону ў якасці імя — ці, хутчэй, псеўданіма — дасталася форма мінулага часу старажытнагерманскага дзеяслова „smugan“, „працісквацца ў дзіру“: філалагічны жарт нізкага кшталту»[4]. Па меркаванні Тома Шыпі, гэтае імя магло быць узята з таямнічага выразу «sm’eah-wyrm» (стар.-англ.: «пранікаючы чарвяк»), якое прысутнічае ў англасаксонскім тэксце X стагоддзя «Bald's Leechbook »[5], і старажытнаанглійскага заклінання «wið sméogan wyrme» — «ад чарвяка пранікаючага»[6]. Слова «sméogan» роднаснае старажытнаскандынаўскаму дзеяслову «smjúga», формай мінулага часу якога з’яўляецца «smaug», «ён поўзаў»[7]. Шыпі дадае, што гэтае імя адлюстроўвае розум дракона, бо старажытнаанглійскае слова «sméagan» таксама азначае «ўнікаць», а ў форме прыметніка — «дасведчаны, умелы», што адпавядае Смаўгу, які, «у параўнанні з астатнімі персанажамі „Хобіта“, найбольш хітрамудры»[6].
Па словах амерыканскага лінгвіста Марка Хукера, яшчэ да таго, як ён азнаёміўся з тлумачэннем Толкіна, ён сфармуляваў уласны варыянт этымалогіі імя — ад праіндаеўрапейскага кораня «smeug(h)-/smeuqh-», ад якога ўзніклі словы на розных мовах індаеўрапейскай сям’і, што азначаюць «дым» (англ.: smoke, прагерм. smauk, сярэдневерхненямецкае smouch, старажытнагаландскае smooc, старажытналітоўскае smáugiu) і «дракон» (царк.-слав: смокъ, старажытначэшск. і польск.: smok)[8].
Пытанне аб правільным вымаўленні імя цмока на англійскай мове з’яўляецца прадметам дыскусіі[9][10]. Марк Хукер адзначае, што Крыстафер, сын Дж. Р. Р. Толкіна, вымаўляе яго як [smowg][8].
Згадкі ў творах
[правіць | правіць зыходнік]«Хобіт»
[правіць | правіць зыходнік]Смаўг быў адным з апошніх вялікіх цмокаў Серадзем’я. Пра яго стала ўпершыню вядома пасля яго нападу на Дол і захопу Адзінокай гары з усімі яе скарбамі. Гэта адбылося прыкладна за 150 гадоў да падзей «Хобіта», і дагэтуль Смаўг ужо меў узрост некалькі стагоддзяў. У «Хобіце» распавядаецца пра выправу гномаў і хобіта Більба Торбінса да Гары, каб забіць цмока і вярнуць гномам іх каралеўства.
За стагоддзі, што Смаўг правёў, лежачы на золаце і каштоўных камянях у сваіх уладаннях, гэтыя каштоўнасці ўпіліся ў скуру на яго бруху, зрабіўшы і без таго непранікальную браню з лускі яшчэ мацнейшай. Аднак Більба, убачыўшы цмока ў яго логаве, угледзеў на левых грудзях маленькі неабаронены лапік скуры. Яго расповед пра гэта падслухаў дрозд і распавёў Барду Лучніку з Эсгарота. Калі Смаўг атакаваў горад, Бард забіў цмока трапным выстралам у яго неабароненае месца.
Сярод нарабаванага Смаўгам былі выяўлены Аркенстон і некалькі міфрылавых кальчуг, адну з якіх Торын Дубашчыт падараваў Більба. Праз некалькі дзесяцігоддзяў гэтая кальчуга не раз уратоўвала Більбавага пляменніка Фрода ад пагібелі.
«Вяртанне караля»
[правіць | правіць зыходнік]У дадатку A, секцыі III «Вяртання караля» Смаўг згаданы як «найвялікшы з цмокаў свайго часу», які, пачуўшы пра багацці Эрэбора, «паўстаў і без папярэджання напаў на караля Трора, накінуўшыся на гару ў полымі». У гэтым тэксце сцвярджаецца, што цмокі жылі ў пустцы (Ссохлая Пустэча) па-за Шэрымі гарамі, «абвясціўшы вайну гномам і рабуючы іх майно». Можна меркаваць, што і Смаўг з’явіўся адтуль.
«Няскончаныя казанні»
[правіць | правіць зыходнік]У аповедзе «Паход на Эрэбор» (англ.: The Quest of Erebor) Гандальф кажа, што ён чакаў, што Смаўг можа ўяўляць сур’ёзную пагрозу, калі яго скарыстае Саўран, які тады знаходзіўся ў Дол-Гулдуры ў Цемналессі. Гэта і стала матывам удзелу Гандальфа ў выправе Торына з кампаніяй дзеля адваявання іх радзімы.
Вобраз Смаўга ў кіно
[правіць | правіць зыходнік]
У экранізацыі кнігі «Хобіт, або Туды і назад» рэжысёра Пітэра Джэксана — «Пустка Смаўга» 2013 года вобраз цмока стварыў англійскі акцёр Бенедыкт Камбербэтч з дапамогай тэхналогіі «захопу руху і мімікі» і агучвання персанажа[11].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Tolkien J. R. R. The Hobbit: or There and Back Again — United Kingdom: George Allen & Unwin Limited, Allen & Unwin, 1937. — 310 p.
- ↑ J. R. R. Tolkien. Appendix E — Writing and Spelling: I. Pronunciation of Words and Names // The Lord of the Rings.: «All these diphthongs were 'falling' diphthongs, that is stressed on the first element, and composed of the simple vowels run together. Thus … au (aw) as in loud, how and not laud, haw.»
- ↑ Джон Рональд Руэл Толкін. 1. Нечаканая вечарынка // Хобіт, або вандроўка туды і назад = The Hobbit or There and Back Again. — 2002. — 264 с. — ISBN 978-985-7916-41-7.
- ↑ The Letters of J. R. R. Tolkien 1981.
- ↑ Shippey, Creation from Philology 1979, p. 301.
- ↑ а б Shippey, The Road to Middle-earth 2005.
- ↑ Shippey, Tolkien and Iceland 2007, p. 196.
- ↑ а б Hooker, Tolkien Through Russian Eyes 2003.
- ↑ Jonathon Owen. The Pronunciation of 'Smaug' (англ.). Сайт «The Huffington Post» (17 студзеня 2014). Праверана 23 верасня 2022.
- ↑ Fugelso, K., Ferré, V., Montoya, A. C. Medievalism on the Margins (англ.). — Cambridge: Boydell & Brewer Ltd, 2015. — С. 198. — 258 с. — ISBN 1843844060.
- ↑ Mike Fleming. Benedict Cumberbatch To Voice Smaug in ‘The Hobbit’ (англ.)(недаступная спасылка) (16 чэрвеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2014. Праверана 27-12-2011.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Humphrey Carpenter. Tolkien: A Biography (англ.). — New York: Ballantine Books, 1977. — ISBN 978-0-04-928037-3.
- John Garth. Tolkien and the Great War (англ.). — Harper-Collins, 2003. — ISBN 978-0-00-711953-0.
- Mark T. Hooker. Tolkien Through Russian Eyes (англ.). — Walking Tree Publishers, 2003. — 320 p. — (Cormarë series). — ISBN 9783952142479.
- Tom Shippey. Creation from Philology in The Lord of the Rings // J.R.R. Tolkien, Scholar and Storyteller (англ.) / Eds. M. Salu, R. T. Farrell. — London; Ithaca (N.Y.): Cornell University Press, 1979. — P. 86—316. — 325 p. — ISBN 080141038X.
- Tom Shippey. The Road to Middle-earth (англ.). — Third edition. — Houghton Mifflin Company, 2005. — ISBN 978-0-618-25760-7.
- Tom Shippey. Tolkien and Iceland: The Philology of Envy // Roots and Branches: Selected Papers on Tolkien (англ.). — Zurich: Walking Tree Publishers, 2007. — P. 187—202. — 417 p. — ISBN 9783905703054.
- The Letters of J. R. R. Tolkien (англ.) / Eds. Humphrey Carpenter, Christopher Tolkien. — London: George Allen & Unwin, 1981. — ISBN 978-0-04-826005-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Вікі-энцыклапедыя (англ.)
- Tolkien Gateway (англ.)