Соні Кларк
Соні Кларк | |
---|---|
англ.: Sonny Clark | |
Асноўная інфармацыя | |
Поўнае імя | Конрад Іціс Кларк |
Дата нараджэння | 21 ліпеня 1931[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 13 студзеня 1963[1][2][…] (31 год) |
Месца смерці | |
Краіна | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | піяніст, кампазітар, джазмен, студыйны музыкант |
Гады актыўнасці | 1953–1962 |
Інструменты | фартэпіяна |
Жанры | джаз, хард-боп |
Супрацоўніцтва | Джэкі Маклін, Кёрціс Фулер, Лі Морган, Хэнк Моблі, Грант Грын, Дэкстэр Гордан, Джон Колтрэйн, Пол Чэмберс, Філі Джо Джонс, Макс Роўч, Дзіна Вашынгтон |
Лэйблы | Blue Note, Time |
Соні Кларк (англ.: Sonny Clark), сапр. Конрад Іціс Кларк (англ.: Conrad Yeatis Clark; 21 ліпеня 1931 — 13 студзеня 1963) — амерыканскі джазавы піяніст, які працаваў пераважна ў рамках ідыёмы хард-бопа.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Раннія гады
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 21 ліпеня 1931 года ў невялікім вугальным горадзе Герміні, штат Пенсільванія, каля 40 кіламетраў на ўсход ад Пітсбурга. Бацькі Соні Кларка выраслі і сустрэліся ў сельскай мясцовасці ў штаце Джорджыя, адкуль пасля мігрыравалі ў Пенсільванію, спачатку — у горад Аліквіпа, дзе бацька Кларка працаваў на каменнавугальным складзе, а потым, праз пераслед з боку Ку-Клукс-Клана, вымушаны былі з'ехаць у шахцёрскі гарадок Герміні. Бацька Соні Кларка — Эмары Кларк — памёр ад антракозу лёгкіх неўзабаве пасля нараджэння Соні — 2 жніўня 1931 года. Соні Кларк быў выгадаваны сваёй маці — Рут Шэферд Кларк — а таксама старэйшымі братамі і сёстрамі, бо быў наймалодшым у сям'і.
Пасля смерці бацькі сям'я пераехала з дому, што належаў вугальнай кампаніі, у гатэль Redwood Inn у Герміні, дзе кожныя выходныя арганізоўваліся джазавыя танцавальныя вечарыны. Ва ўзросце 4 гадоў Соні Кларк пачаў вучыцца іграць на фартэпіяна. З ім займаўся прыватны настаўнік, а таксама яго старэйшы брат Джордж. У 6 год Соні Кларк пачаў іграць прафесійна на вечарынах у гатэлі. Дачка ўладальніка гатэля Джын Рэдвуд Дуглас успамінала, што акрамя фартэпіяна, Соні Кларк мог іграць на ксілафоне, гітары і кантрабасе.[3] Гэтым ён прыцягнуў да сябе ўвагу радыё шоў, куды яго запрасілі сыграць бугі-вугі, а таксама газеты Pittsburgh Courier, якая апублікавала пра яго артыкул. Калі вучыўся ў школе, прафесійна іграў у Пітсбургу і бліжэйшых населеных пунктах. 7 жніўня 1946 года ягонае імя з'явілася ў праграме гістарычнага канцэрту «Night of the Stars», на якім выступілі вядомыя джазавыя піяністы — выхадцы з Пітсбурга, такія як Эрл Хайнс, Мэры Лу Уільямс, Білі Стрэйхорн, Эрал Гарнер і іншыя.[4]
Кар'ера
[правіць | правіць зыходнік]У 1951 годзе старэйшы брат Кларка ўзяў яго з сабой у Лос-Анджэлес, каб наведаць цётку. Соні вырашыў застацца ў Каліфорніі, дзе ён іграў з прадстаўнікамі джазу заходняга ўзбярэжжа, такімі як Стэн Гетц, Арт Фармер, Аніта О'дэй і іншымі. У 1953 годзе ён першы раз паўдзельнічаў у студыйным запісы на лэйблы Verve разам з саксафаністам Уордэлам Грэем. Соні Кларк далучыўся да бэнду Оскара Пеціфорда і пераехаў у Сан-Францыска, дзе Кларк іграў разам з Бадзі ДэФранка на працягу двух з паловай гадоў, гастралюючы па Еўропе і ЗША. У 1955—1956 гадах іграў у Лос-Анджэлесе, зрабіў свой першы запіс пад сваім лідарствам у клубе Mocambo ў Окландзе. У лютым 1957 года, жадаючы вярнуцца на Усход і наведаць па дарозе сваіх родных, Соні Кларк уладкаваўся на працу да спявачкі Дзіны Вашынгтон. У 1957 годзе ён асеў у Нью-Ёрку, дзе пераключыўся на запатрабаваны ў горадзе стыль хард-боп, стаўшы сэсійным музыкам на прэстыжным лэйблы Blue Note. У якасці бэндлідара запісаў свой першы альбом «Dial S for Sonny». Усяго для Blue Note ён паўдзельнічаў у якасці лідара і сайдмэна ў 29 запісах, сыграўшы з такімі карыфеямі джаза, як Дональд Бёрд, Пол Чэмберс, Грант Грын, Джон Колтрэйн, Дэкстэр Гордан, Кені Бюрэл і іншымі.[4]
Наркатычная залежнасць
[правіць | правіць зыходнік]Існуюць пацвярджэнні таго, што Соні Кларк пакутаваў ад гераінавай залежнасці. Напрыклад, захаваўся на стужцы яго візіт у лофт на Манхэтэне, дзе Соні Кларк пасля прымання гераіну ледзь не страціў прытомнасць, а затым праз гадзіну вярнуўся да стану смядомасці.[3] Сэсіі на студыі толькі ўзмацнялі залежнасць, бо гуказапісваючыя кампаніі тых часоў імкнуліся падтрымліваць стабільны стан музыкаў, пазычаючы ім грошы, якія наркаманы адпрацоўвалі, робячы дадатковыя запісы.[3] Яго ўсё большая і большая залежнасць перыядычна дасягала кульмінацыі, калі ён падоўгу адсутнічаў. З 1958 па 1961 гады ён меў шасці-, сямі- і трынаццацімесячны перыяды адлучкі. Апякунка джазавых музыкаў баранэса Паноніка Ротшыльд наняла Кларка кіроўцай аўто і дала яму прытулак у сваім доме ў Нью-Джэрсі, каб дапамагчы яму пазбавіцца ад наркатычнай залежнасці.[3]
Апошнія гады жыцця і абставіны смерці
[правіць | правіць зыходнік]Праз праблемы з наркотыкамі ў апошні перыяд жыцця сацыяльны статус Соні Кларка знізіўся. Згодна з біяграфіяй Тэлоніўса Монка, увосень 1961 года Соні Кларк спрабаваў скрасці кампазіцыю ў Монка «Two Timer», даўшы ёй сваю назву — «Five Will Get You Ten». Так ён мог атрымаць дадатковы ганарар за запіс.[5] У жніўні 1962 года канадскі джазавы часопіс Coda змясціў артыкул пра Нью-Ёрк, у якім рэпарцёр адзначыў, што бачыў выбітнага і арыгінальнага піяніста ў вартым жалю стане, настолькі жахлівым, што «лепш памерці адразу, чым павольна дажываць без надзеі на палёгку». Лічыцца, што гаворка ідзе пра Соні Кларка.[5] У той жа месяц Соні Кларк паўдзельнічаў у запісы двух значных альбомаў у гісторыі джаза — «Go» і «A Swinging Affair» пад лідарствам Дэкстэра Гордана. Гордан потым адзначаў у сваім лісце да Blue Note, што Кларк тады «амаль цалкам зламаўся».[5] Па ўспамінам музыкаў, быў выпадак, калі Соні Кларк зайшоў у джазавы клуб Five Spot, трымаючы ў руцэ панчоху, напханую манетамі. Пазней быў выпадак, калі Соні Кларка без тлумачэнняў не пусцілі ў клуб Jazz Gallery, дзе ён хацеў купіць сабе выпіўку.[3]
Пад канец 1962 года Соні Кларк быў шпіталізаваны пасля сардэчнага прыступу. Пасля выпіскі ў студзені 1963 года ён адыграў дзве ночы — 11 і 12 студзеня — у бары Junior's Bar, пасля чаго ён памёр ад перадазіроўкі наркотыкамі 13 студзеня 1963 года. Паводле некаторых крыніц, уладальнікі бара пераняслі труп у прыватную кватэру і толькі потым выклікалі паліцыю, каб не мець у будучыні праблемы з ліцэнзіяй на продаж алкаголю.[6] Баранэса Паноніка Ротшыльд арганізавала перамяшчэнне цела нябожчыка ў родны горад і аплаціла пахаванне. Паводле некаторых сведак, прывезенае ў Пітсбург цела не належала Соні Кларку.[5]
Музычная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]Рэпутацыя Соні Кларка цярпела не толькі ад наркотыкаў, але ў некаторай ступені і ад таго факту, што стыль яго ігры многім здаваўся падманліва ненапружаным. Згодна з крытыкамі, яго музыка аб'ядноўвала мінорны блюз і моцны свінг. На кампазіцыі і стыль ігры Кларка паўплывалі Бад Паўэл і Хорас Сільвер. Трамбаніст Кёрціс Фулер адзначаў, што Кларк меў такое ж сур'ёзнае стаўленне да музыкі, як і Джон Колтрэйн.[3] Піяніст Біл Эванс ушанаваў памяць Кларка сваёй кампазіцыяй «NYC's No Lark», што з'яўляецца анаграмай імя Соні Кларка. Пазней музыка Кларка прыцягнула ўвагу нью-ёркскіх авангардыстаў на чале з Уэйнам Хоравіцам. Сёння запісы Кларка больш папулярныя ў Японіі, чым у ЗША, нягледзячы на тое, што Кларк ніколі там не выступаў.
Дыскаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Як лідар
[правіць | правіць зыходнік]- The Sonny Clark Memorial Album (1954), Xanadu
- Oakland (1955), Uptown Records
- Dial "S" for Sonny (1957), Blue Note
- Sonny's Crib (1957), Blue Note
- Sonny Clark Trio (1957), Blue Note — з Полам Чэмберсам і Філі Джо Джонсам
- Sonny Clark Quintets (1957), Blue Note
- Cool Struttin' (1958), Blue Note
- The Art of The Trio (1958), Blue Note
- Blues in the Night (1958), Blue Note
- My Conception (1959), Blue Note
- Sonny Clark Trio (1960), Time/Bainbridge — з Максам Роўчам і Джорджам Дзювіверам
- Leapin’ and Lopin’ (1961), Blue Note
Зноскі
- ↑ а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ а б Sonny Clark // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в г д е Stephenson, Sam (2017). Gene Smith's Sink: A Wide-Angle View. ISBN 978-0374232153.
- ↑ а б «Sonny Clark. The Quintessential Hard Bop pianist and composer for Blue Note Records». Pittsburgh Music History.
- ↑ а б в г Stephenson, Sam (January 13, 2011) «Notes from a Biographer: Sonny Clark». The Paris Review.
- ↑ Rosenthal, David H. (1993). Hard Bop: Jazz and Black Music 1955-1965. ISBN 978-0195085563.