Спаса-Увазнясенская царква (Вельямовічы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Спаса-Увазнясенская царква
52°13′17,71″ пн. ш. 23°25′57,99″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Вельямовічы
Канфесія Праваслаўе
Епархія Брэсцкая і Кобрынская
Благачынне Брэсцкае раённае
Архітэктурны стыль псеўдарускі
Архітэктар Іван Ігнатавіч Калянкевіч
Будаўніцтва 18661869 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000074шыфр 113Г000074
Матэрыял цэгла
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Спаса-Увазнясенская царква — праваслаўны храм у вёсцы Вельямовічах Брэсцкага раёна. Знаходзіцца на заходнім ускрайку вёскі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першая драўляная царква ў Вельямовічах была ўзведзена ў 1631 годзе як уніяцкая пад тытулам Святога Сімяона. Па хадайніцтве брэсцкага епіскапа Ігнація ў сярэдзіне XIX стагоддзя замест трухлявага храма было вырашана ўзвесці мураваную царкву.

Праект распрацаваў у 1864 годзе гродзенскі архітэктар Іван Калянкевіч[1]. Падрад на будаўніцтва ўзялі мяшчане Чарнігаўскай губерні І. Завенка, Г. Назараў, І. Цітоў і В. Хмельнікаў паводле кантракту ад 1 жніўня 1865 года. 14 верасня 1868 года царква была асвечана[2].

Агароджу царквы спраектаваў у 1868 годзе Мсціслаў Барташэўскі. Аднак, яна была няскончана, і ў 1870 годзе Гродзенская губернская канцылярыя даручыла яму скласці каштарыс на «прывядзенне агароджы ў належны стан»[3].

У канцы ХІХ стагоддзя прыход налічваў 1183 вернікаў, дзейнічала царкоўна-прыходская школа[4]. У часе Другой сусветнай вайны будынак быў пашкоджаны. У 1946 годзе ў ім меліся 22 абразы на палатне і дрэве і залачоны напрастольны крыж, драўляны трох’ярусны іканастас знаходзіўся ў дрэнным стане.

У 1961 годзе будынак быў зачынены і разрабаваны, доўгі час знаходзіўся ў разбураным стане. Пры гэтым царква лічылася помнікам архітэктуры.

У 2004 годзе прыход быў адноўлены, і ўвесну 2005 года іерэй Анатоль Пашкевіч распачаў рэстаўрацыю храма. Працы вяліся па арыгінальных чарцяжах[5].

18 чэрвеня 2011 года епіскап Іаан асвяціў адбудаваную царкву. Прыход пад кіраўніцтвам настаяцеля Алексія Лагашава аб’ядноўвае 4 вёскі, дзейнічаюць нядзельная школа і бібліятэка[4]. Будынак царквы з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Прасторавая кампазіцыя складаецца з чатырох кананічных частак — да асноўнага кубападобнага аб’ёму праз трапезную далучаны званіца, паўкруглая апсіда. Асноўны аб’ём завершаны 5-купаллем. У сілуэце будынка дамінуе 3-ярусная шатровая званіца з макаўкай.

Атынкаваныя фасады насычаны архітэктурнай пластыкай, запазычанай са старажытнарускага дойлідства, — аркатурныя паясы, візантыйскія спараныя арачныя аконныя праёмы, аб’яднаныя агульнай кілепадобнай аркай, філёнгавы цокаль, вуглавыя лапаткі, какошнікі, зубчастыя фрызы. Ніжні чацверыковы ярус званіцы завершаны какошнікамі, сярэдні дэкарыраваны прамавугольнымі нішамі і аконнымі праёмамі. Званіца завершана 8-гранным шатром з макаўкай. Зала храма была перакрыта шатровым скляпеннем на ветразях, трапезная — крыжовым.

Зноскі

  1. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна, ф.8, воп. 1, спр. 1367, арк. 32; ф. 97, воп. 1, спр. 19, арк. 154.
  2. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна, ф. 8, воп. 1, спр. 1557, арк. 48; ф. 97, воп. 1, спр. 19, арк. 54.
  3. Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 22. — Мінск: «Права і эканоміка», 2017. — С. 77—78
  4. а б Уладзімір Сухапар. 2019 г. — 120 гадоў з часу пабудовы Свята-Узнясенскай царквы ў в. Вельямовічы (Брэсцкі р-н; 1899), помніка архітэктуры руска-візантыйскага стылю. // Брэсцкая абласная бiблiятэка, 13 верасня 2019. (бел.)
  5. Антон Астаповіч. Было б жаданне(недаступная спасылка). // Беларускі партызан, 7 красавіка 2012. (бел.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]