Спораўскае (балота)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Балота Спораўскае ўяўляе сабой адзін з буйнейшых у Еўропе комплекс пойменных нізінных балот, якія захаваліся ў натуральным стане, плошчай 19075 гектараў.[1] Дзякуючы сваім памерам балотны масіў застаецца стабільнай экасістэмай, якая ў пэўнай ступені не залежыць ад змен на прылягаючых тэрыторыях. Разам з возерам Спораўскае ўтварае біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Спораўскі», ўтвораны ў сучасных межах у 1999 годзе.[1] З'яўляецца тэрыторыяй, важнай для птушак з 1998 года (код — BY002-003, крытэрыі А1, В2, В3). Першае рамсарскае ўгоддзе заснавана ў 1999 годзе (крытэрыі 1а, 2а).[1]

Водныя рэсурсы[правіць | правіць зыходнік]

У цэнтры заказніка працякае рака Ясельда з вельмі звілістым і зарослым воднай расліннасцю рэчышчам. Пойма шырынёй ад 0,5 да 2 кіламетраў з абодвух бакоў рэчышча ўяўляе сабой тыповае нізіннае балота. У цэнтры заказніка знаходзіцца возера Спораўскае. Асноўная частка тэрыторыі заказніка занята адкрытымі нізіннымі балотамі (43,2 %), нізінныя балоты з мазаічна размешчанымі хмызнякамі займаюць 17,9 % плошчы, на долю балот, парослых хмызнякамі, прыходзіцца 4,1 %. Сярод балот раскіданы шматлікія невысокія пагоркі і ўзвышшы (мінеральныя астравы).

Да меліярацыі, гідралагічны рэжым ракі Ясельда быў тыповым для раўнінных рэк: кожную вясну бывала высокая паводка, якая змянялася летней межанню. На працягу ўсяго года здараліся рэдкія навадненні, выкліканыя ападкамі. У цяперашні час увесь участак ракі Ясельда вышэй заказніка выпрамлены і зарэгуляваны. На рацэ створаны вадасховішча і рыбгас «Сялец», ад дзейнасці якіх залежыць гідралагічны рэжым на тэрыторыі заказніка. У апошнія гады веснавыя паводкі адсутнічаюць, затое пачасціліся летнія навадненні. Парушэнне гідралагічнага рэжыму прыводзіць да інтэнсіўнага зарастання рэчышча ракі і возера, да штогодніх затапленняў поймы ці, наадварот, моцных засух і пажараў.

Флора[правіць | правіць зыходнік]

У мінулым мінеральныя астравы былі пакрыты дубова-хваёвымі лясамі, але пазней іх высеклі і гэтыя ўчасткі сталі выкарыстоўваць у якасці выганаў і пашаў. У цяперашні час большая частка сельскагаспадарчых тэрыторый закінута і на іх аднаўляецца натуральная расліннасць.

Забалочаная пойма характарызуецца ўнікальным, хаця і не вельмі багатым складам раслін. Звязана гэта з тым, што нешматлікія ўзвышэнні рельефу (мінеральныя астравы), якія робяць больш разнастайнай бедную флору балот, у значнай ступені трансфармаваны.

Фаўна[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя з'яўляецца вызначальным месцам гнездавання вяртлявай чаротаўкі (Acrocephalus paludicola), папуляцыя якой знаходзіцца пад пагрозай глабальнага знікнення. Тут гняздуецца каля 9 % сусветнай папуляцыі і адзначана самая высокая ў свеце шчыльнасць гэтага віду. Заказнік забяспечвае існаванне папуляцый цэлага шэрагу рэдкіх і знікаючых відаў птушак, сярод якіх два віды (драч (Crex crex) і дубальт (Gallinago media)) таксама знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення, а 20 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Акрамя гэтага, тэрыторыя заказніка падтрымлівае папуляцыю чаплі-бугая (Botaurus stellaris), якая мае міжнародную значнасць, і папуляцыю чорнага бусла (Ciconia nigra) нацыянальнай значнасці. Усяго на гнездаванні ў заказніку адзначана 123 віды птушак.

З іншых рэдкіх прадстаўнікоў нашай фаўны, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, у заказніку адзначаны 1 від паўзуноў (балотная чарапаха (Emys orbicularis)) і 18 відаў насякомых, 2 з якіх уключаны яшчэ і ў Еўрапейскую Чырвоную кнігу.

Іншае[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя заказніка выкарыстоўваецца для наступных відаў гаспадарчай дзейнасці: сенакашэння і выпасу жывёлы (10-15 % плошчы), лясной гаспадаркі, палявання і рыбнай лоўлі. На прылягаючых да ўгоддзя, у асноўным меліяраваных, землях вырошчваюцца прапашныя і зерневыя культуры.

Неспряльныя фактары[правіць | правіць зыходнік]

Вялікія балоты Беларусі
  • Парушэнне гідралагічнага рэжыму ракі Ясельда з'яўляецца важнейшым фактарам, які вызначае стан экасістэмы балота і яго біялагічнай разнастайнасці. Эксплуатацыя вадасховішча і рыбгаса «Сялец» з'яўляецца прычынай паводак і засух на балоце, якія, у сваю чаргу, прыводзяць да затаплення гнёздаў птушак, паскарэння раслінных сукцэсій, зарастання рэчышча ракі і возера, веснавых пажараў і, як вынік, да змены відавога складу флоры і фаўны.
  • Забруджванне вады цяжкімі металамі, пестыцыдамі, арганічнымі рэчывамі.
  • Узворванне глебы на мінеральных астравах, дзе растуць рэдкія віды раслін.
  • Скарачэнне сенакашэння з'яўляецца асноўнай прычынай зарастання адкрытых нізінных балот хмызнякамі.
  • Штогоднае веснавое выпальванне расліннасці практыкуецца мясцовым насельніцтвам і наносіць істотную страту біялагічнай разнастайнасці. Асабліва буйныя пашкоджанні адбываюцца ва ўмовах сухой вясны і адсутнасці паводак, калі разам з расліннасцю выпальваецца верхні пласт глебы, карэнні раслін і гінуць усе насякомыя. На такіх выпаленых балотах і лугах большасць відаў птушак перастае гнездавацца.

Зноскі

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org