Справа Ціханоўскага і іншых

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Справа Ціханоўскага і іншых - крымінальная справа супраць Сяргея Ціханоўскага Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Уладзіміра Цыгановіча ў арганізацыі грамадзянскіх хваляванняў і спробе захопа ўлады пачас перадвыбарчай кампаніі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 г. Удзельнікі справы прызнаныя палітычнымі зняволенымі і большасць іх атрымала вялікія турэмныя тэрміны.

9 мая 2020 года ў Гродне Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі спецназу ў часе перадвыбарчага пікету за вылучэнне ў прэзідэнты ягонай жонкі. Падзеі, якія папярэднічалі затрыманню — заявы дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі на адрас Ціханоўскага, спроба перашкодзіць і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце з боку некалькіх жанчын, умяшальніцтва і затрыманне Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі, дэманстратыўнае падзенне на зямлю міліцыянера і наступная рэакцыя на інцыдэнт дзяржаўных СМІ, дазволілі беларускім праваабаронцам зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да Ціханоўскага магла быць здзейсненая правакацыя і прызнаць яго палітычным зняволеным[1].

30 мая стала вядома аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, удзел якім нібыта прымаў Сяргей Ціханоўскі і іншыя затрыманыя. Ціханоўскі і яшчэ сямёра затрыманых былі змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Мінска. Затым адбыліся ператрусы ў офісе Ціханоўскага, доме яго маці, а таксама на лецішчы, дзе сілавікі нібыта знайшлі $900 тысяч[2]. Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак)[3].

31 мая 2020 года па дарозе на перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак, а пасля яшчэ на 15 сутак палітык Мікалай Статкевіч. 30 чэрвеня было аб’яўлена, што Мікалай Статкевіч надалей застанецца пад вартай, яму прад’яўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»)[4].

29 чэрвеня праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Сяргея Ціханоўскага, а таксама некалькіх іншых арыштаваных апанентаў Лукашэнкі вязнямі сумлення[5].

25 чэрвеня 2020 года ў Баранавічах затрымалі Ігара Лосіка. Падчас ператрусу ў яго кватэры канфіскаваны ноўтбук, камп’ютар і тэлефон[6][7]. На блогера заведзена крымінальная справа па 342 артыкулу УК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабарончыя арганізацыі «Вясна» і «Amniesty International» прызналі Ігара палітычным зняволеным[8][9]. 9 ліпеня 2020 года шэфства над палітвязнем узяў Мануэль Сарацын, дэпутат Бундестагу[10][11].

Пасля ўтрымання ў ІЧУ Лосіка адправілі ў СІЗА-1 у Мінску, а 18 жніўня стала вядома аб пераводзе ў жодзінскае СІЗА. У зняволенні І. Лосік 42 трымаў галадоўку.

14 снежня 2021 г. Гомельскі абласны суд на выязным паседжанні ў следчым ізалятары прысудзіў Сяргея Ціханоўскага да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абвінаваўчыя прысуды таксама вынесены Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову, Мікалаю Статкевічу (14 год), Ігару Лосіку (15 год), Уладзіміру Цыгановічу(15 год)[12][13].

Зноскі

  1. spring96.org
  2. nashaniva.by
  3. nashaniva.by
  4. Спіс палітычных вязняў. spring96.org. Архівавана з першакрыніцы 3-7-2020. Праверана 3-7-2020.
  5. Amnesty International: Ціханоўскі, Бабарыкі, блогеры — вязні сумлення. Еўрапейскае радыё для Беларусі (29 чэрвеня 2020). Праверана 29 чэрвеня 2020.
  6. У администратора Телеграмм-канала «РБ головного мозга» Игоря Лосика — обыск. Белорусская ассоциация журналистов.
  7. На администратора телеграм-канала «Беларусь головного мозга» завели дело об организации массовых беспорядков. Meduza.
  8. Правозащитники признали Игоря Лосика политзаключенным. Праваабарончы цэнтр «Вясна».
  9. BELARUS: GROWING CRACKDOWN ON HUMAN RIGHTS AHEAD OF PRESIDENTIAL ELECTION
  10. #WeStandBYyou (англ.). Libereco – Partnership for Human Rights (9 ліпеня 2020). Архівавана з першакрыніцы 21 ліпеня 2021. Праверана 9 верасня 2021.
  11. Hungerstreik beendet: Solidarität mit politischen Gefangenen in Belarus! (ням.). Фонд Генрыха Бёля  (укр.) (27 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 29 студзеня 2021. Праверана 9 верасня 2021.
  12. zviazda.by
  13. Ад 14 да 18 гадоў калоніі. Вынесены прысуды па «справе Ціханоўскага» . spring96.org (14 снежня 2021).