Перайсці да зместу

Справа аналітыкаў Ціханоўскай

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Справа аналітыкаў Ціханоўскай — палітычна матываваная крымінальная справа, распачатая рэжымам Лукашэнкі супраць 20 беларускіх незалежных аналітыкаў.

У студзені 2024 года Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь заявіў пра распачаты працэс спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да так званых «аналітыкаў Ціханоўскай» (так яны былі названыя ў заяве), якія знаходзіліся за мяжой. Ім інкрымінавалася тое, што яны нібыта «далучыліся да змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь неканстытуцыйным шляхам, увайшлі ў экстрэмісцкія фармаванні, створаныя для забеспячэння эфектыўнасці злачыннай дзейнасці»[1]. Ведамства прапанавала абвінавачваным з’явіцца да следчых. Раней у Беларусі заканадаўча ўвялі інстытут спецыяльнай (завочнай) вытворчасці па крымінальных справах у дачыненні да абвінавачваных, якія знаходзяцца за мяжой.

У спіс абвінавачаных увайшлі: Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Павел Вусаў, Аляксандр Дабравольскі, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова  (фр.), Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётра Рудкоўскі, Леся Руднік, Наталля Рабава, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна. Нягледзячы на тое, што яны былі названыя «аналітыкамі Ціханоўскай», некаторыя з іх знаходзяцца ў апазіцыі да яе[2].

Згодна з матэрыяламі справы, усіх іх абвінавачвацілі ў здзяйсненні «злачынстваў экстрэмісцкага характару» ў сувязі з прэзідэнцкай кампаніяй 2020 года і ў постэлектаральны перыяд[3]:

  • змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК РБ);
  • удзел у экстрэмісцкім фарміраванні і ўваходжанне ў склад такога фармавання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (ч. 3 арт. 361-1 КК);
  • спрыянне ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады; здзяйсненне іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; закліках, скіраваных да замежнай дзяржавы, замежнай і міжнароднай арганізацыі, здзяйсненне дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем СМІ і сеткі Інтэрнэт (ч. 6 арт. 16, ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у рэдакцыі ад 26 траўня 2021 года);
  • спрыянне ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб (ч. 6 арт.16, ч. 3 арт. 130 КК РБ).

Акрамя таго, Аляксандра Дабравольскага абвінавацілі ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем (ч. 1 арт. 361-1 КК)[3].

Напачатку судовага працэсу 14 абвінавачаных у справе выступілі з заявай, у якой назвалі справу палітычна матываваным пераследам за іх прафесійную дзейнасць і звярнулі ўвагу на тое, ім не забяспечанае права на справядлівую абарону ў ходзе крымінальнага працэсу, многія нават не ведалі імёнаў сваіх фармальна прызначаных адвакатаў[4].

Працэс у парадку спецыяльнай вытворчасці праходзіў у Мінскім абласным судзе з 31 траўня па 1 ліпеня 2024 года. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Арэшка[3].

Па выніках разгляду справы Дабравольскага асудзілі да 11 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 6000 базавых велічынь (240 тыс. рублёў); Красуліну, Кучынскага, Рудкоўскага, Шлыка — да 11 гадоў пазбаўлення волі са штрафам ад 1000 да 40000 базавых велічынь (ад 40 тыс. да 1,6 млн рублёў); Астапеню, Біканава, Дракахруста, Казакевіча, Крыжаноўскага, Лапуцька, Лагвінца, Любакову  (фр.), Навумава, Рогаву, Руднік, Рабаву, Чуліцкую і Шмаціну — да 10 гадоў пазбаўлення волі, а Усава — да 11 гадоў пазбаўлення волі[3].

24 кастрычніка КДБ унёс усіх 20 фігурантаў справы «аналітыкаў Ціханоўскай» у «спіс тэрарыстаў»[5].

  1. СК завёў справы на 20 «аналітыкаў Ціханоўскай». Там ёсць і аналітыкі супраць Ціханоўскай. Наша Ніва (25 студзеня 2024). Праверана 19 сакавіка 2024.
  2. СК завёў справы на 20 «аналітыкаў Ціханоўскай». Там ёсць і аналітыкі супраць Ціханоўскай . Наша Ніва (25 студзеня 2024). Праверана 27 кастрычніка 2024.
  3. а б в г Справа "аналітыкаў Святланы Ціханоўскай": двесце шэсць з паловай гадоў турэмнага зняволення . spring96.org (1 ліпеня 2024). Праверана 27 кастрычніка 2024.
  4. Свабода, Радыё. 14 абвінавачаных у справе «аналітыкаў Ціханоўскай» выступілі з заявай . Радыё Свабода (31 мая 2024). Праверана 27 кастрычніка 2024.
  5. КДБ уключыў 20 палітолагаў у спіс «тэрарыстаў» . Наша Ніва (26 кастрычніка 2024). Праверана 26 кастрычніка 2024.