Справа TUT.BY

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Справа TUT.BY — крымінальны пераслед медыяцэнтра TUT.BY. З'явілася на фоне палітычнага крызісу ў Беларусі, які пачаўся ў 2020 годзе. Прысуд абвешчаны ў 2023 годзе.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

25 верасня 2020 года стала вядома, што па запыце Міністэрства інфармацыі партал хочуць пазбавіць рэгістрацыі ў якасці СМІ[1][2]. Пасяджэнне суда па іску прызначана на 8 кастрычніка 2020 года[1][2]. 1 кастрычніка 2020 года ў падтрымку сваёй іскавой заявы і за асвятленне парталам пратэстаў у Беларусі (2020) Міністэрствам інфармацыі была прыпынена рэгістрацыя TUT.BY у якасці СМІ на тры месяцы[3]. Сам рэсурс заявіў, што пакуль мае намер працягнуць працу[3]. Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» раскрытыкавала такую палітыку ў адносінах да медыя[4].

У кастрычніку 2020 года Беларуская асацыяцыя журналістаў і рэдакцыі шэрагу незалежных СМІ выступілі з сумеснай заявай з нагоды ціску на партал TUT.BY і абмежавання доступу да незалежных сайтаў[5][6]. У сумеснай заяве ЗША і яшчэ больш за пяцідзесяці краін і ЕС аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ад 26 кастрычніка 2020 года было сказана, што «нядаўнія захады адносна Tut.by, найбуйнейшага беларускага незалежнага СМІ, павінны спыніцца»[7][8]. Блогер Сяргей Ціханоўскі ў лісце да рэдакцыі «Брестской газеты» ў лістападзе 2020 года асудзіў рэпрэсіі ўладаў у адносінах да журналісцкай супольнасці, у прыватнасці тое, што TUT.BY «душаць»[9].

Журналістка Кацярына Барысевіч, якая напісала артыкул пра забітага Рамана Бандарэнку ў 2020 годзе, была арыштавана ў Мінску 19 лістапада 2020 года[10]. 2 сакавіка 2021 года была прыгавораная да шасці месяцаў пазбаўлення волі і штрафу ў 100 базавых велічынь[11].

Затрыманне супрацоўнікаў і закрыццё афіцынага сайта[правіць | правіць зыходнік]

"ТАА «Тут бай Медыя» ў 2019 годзе атрыманы статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). Пасля гэтага кампанія стала плаціць меншыя падаткі. Аднак паводле звестак Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Tut.by была атрыманая выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ. На падставе прадастаўленых ДФР звестак аб дапушчаных ТАА парушэннях Назіральнай радай ПВТ 18 мая 2021 года прынята рашэнне аб страце ТАА «Тут бай Медыя» права на падатковыя льготы. Органы фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю пачалі неадкладныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні. У дачыненні да службовых асоб Tut.by распачата крымінальная справа па нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у гэты ж дзень заявіла, што Tut.by распаўсюджваў інфармацыю ад фонда салідарнасці «Байсол», які не мае рэгістрацыі ў Беларусі (хоць зарэгістраваны за мяжой). Чыноўнікі палічылі, што гэтага дастаткова для блакіроўкі сайта. Ператрусы прайшлі у офісах і дома ў многіх журналістаў[12].

Па стане на 25 мая 2021 года па справе TUT.BY 12 чалавек былі змешчаны ў СІЗА (генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка Марына Золатава, рэдактарка Вольга Лойка, намесніца дырэктара Ірына Рыбалка, журналістка Алена Талкачова, галоўная бухгалтарка Анжэла Асад, намесніца галоўнай бухгалтаркі Марыя Новік, галоўная інжынерка Ала Лапатко, намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека, менеджэр Андрэй Аўдзееў, дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў, дырэктарка Rocket Data, TAM.BY Дар’я Данілава); тры чалавекі (юрыстка Кацярына Ткачэнка, былая юрыстка Ірына Касцючэнка, удава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская) знаходзіліся пад хатнім арыштам[13]. 25 мая 2021 года дзевяць арганізацый (Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр і іншыя) выступілі з сумеснай заяваю і прызналі ўсіх 15 палітычнымі зняволенымі[13].

11 сакавіка 2022 года тром фігурантам «справы» змянілі меру стрымання, у выніку чаго яны выйшлі з СІЗА[14]. Праз некалькі дзён яшчэ тры фігуранты апынуліся на свабодзе[15]. Яшчэ адна фігурантка выйшла на свабоду ў сярэдзіне траўня.

Судовыя разбіральніцтвы[правіць | правіць зыходнік]

24 чэрвеня 2021 года пачалося слуханне аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў сайта TUT.BY i яго сацыяльных сетак; суд адклаў разбіральніцтва па гэтай справе на неазначаны тэрмін[16].

7 ліпеня Эканамічны суд Беларусі разгледзіў скаргу медыяхолдынга на МУС і прызнаў законным рашэнне спецыяльнай камісіі, на падставе якога МУС просіць прызнаць матэрыялы сайта і сацыяльных сетак TUT.BY экстрэмісцкімі. Кампанія вырашыла падаць апеляцыю[17].

Справу TUT.BY пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Справу вяла суддзя Валянціна Зянькевіч. Суд цягнуўся больш за два месяцы — агулам прайшло 37 пасяджэнняў. Фігурантамі справы з’яўляюцца галоўная рэдактарка выдання Марына Золатава, былая генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна — яны знаходзіліся пад вартай, а таксама Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка — ім раней змянілі меру стрымання, на судзе іх не было. Паколькі апошнія апынуліся за мяжой, іх абвясцілі ў вышук, а крымінальную справу ў дачыненні да іх выдзелілі ў асобную вытворчасць.

Людміле Чэкінай былі інкрымінаваныя «ўхіленне ад выплаты падаткаў, арганізацыя распальвання сацыяльнай варожасці і варажнечы, а таксама распаўсюд матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі». Марына Золатава абвінавачвалася ў «дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы, распаўсюдзе матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі».

16 сакавіка ў фільме, паказаным БТ, супрацоўніц парталу вінавацілі ў тым, што ў 2013—2014 гадах журналісты асвятлялі падзеі ва Украіне падчас Майдану, у 2010 годзе пісалі пра паслявыбарчыя акцыі пратэстаў у Беларусі, пра дэвальвацыі ў краіне, а таксама пра рэпрэсіі супраць беларускіх пратэстоўцаў у 2020 годзе. Сутнасць прад’яўленых крымінальных абвінавачванняў засталася невядомая.

У Мінскім гарадскім судзе 17 сакавіка абвешчаны прысуд: былую гендырэктарку Людмілу Чэкіну і галоўную рэдактарку партала Марыну Золатаву асудзілі на 12 гадоў калоніі агульнага рэжыма.

Zerkalo.io[правіць | правіць зыходнік]

8 ліпеня 2021 года частка журналістаў TUT.BY, якая засталася на волі, прэзентавала часовы сайт Zerkalo.io[18]. Паводле рэдакцыі, ён скончыць сваё існаванне, калі TUT.BY зможа легальна аднавіць сваю працу ў Беларусі з усім архівам публікацый[18]. У той жа дзень доступ да сайта Zerkalo.io ў Беларусі быў заблакаваны[19].

9 жніўня 2021 года стала вядома, што МУС жадае прызнання Zerkalo.io экстрэмісцкім матэрыялам, слуханні аб гэтай справе будуць праходзіць 13 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. 13 жніўня матэрыялы Zerkalo.io і TUT.BY суд прызнаў экстрэмісцкімі[20].

У чэрвені 2023 г. МУС Беларусі аб'явіла «Люстэрка», уключаючы яго сайт, сацыяльныя сеткі і лагатып, экстрэмісцкім фарміраваннем[21]. За стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім беларускія законы прадугледжваюць крымінальную адказнасць[22].

Зноскі

  1. а б TUT.by грозит потеря статуса СМИ (руск.). Еўрапейскае радыё для Беларусі (25 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2020. Праверана 25 верасня 2020.
  2. а б TUT.by пагражае страта статусу СМІ . Еўрапейскае радыё для Беларусі (25 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2020. Праверана 25 верасня 2020.
  3. а б Belarus: Tut.by news site ban comes into force | DW | 01.10.2020 (англ.). Deutsche Welle (1 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2020. Праверана 1 кастрычніка 2020.
  4. Kritik an Lukaschenkos Medienpolitik (ням.). Рэпарцёры без межаў (6 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2020. Праверана 6 кастрычніка 2020.
  5. Друкарня адмаўляецца друкаваць незалежную "Брэсцкую газету" . Еўрапейскае радыё для Беларусі (30 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 1 снежня 2020. Праверана 1 снежня 2020.
  6. Типография отказывается печатать независимую "Брестскую газету" (руск.). Еўрапейскае радыё для Беларусі (30 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 1 снежня 2020. Праверана 1 снежня 2020.
  7. Joint Statement on the Human Rights Situation in Belarus (англ.). U.S. Embassy in Belarus (28 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2020. Праверана 28 кастрычніка 2020.
  8. Сумесная заява аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі . Амбасада ЗША ў Беларусі (28 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2020. Праверана 28 кастрычніка 2020.
  9. Сергей Тихановский: «Очень переживаю за давление на журналистов и журналистику»(руск.) // Брестская газета. — 2020. — № 47 (936). — С. 8.
  10. Гуштын, Адар'я. Журналиста TUT.BY Катерину Борисевич перевели в СИЗО на Володарского. Письма ей почти не доходят (руск.). TUT.BY (27 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2020. Праверана 30 лістапада 2020.
  11. Belarus journalist sentenced for report on protester’s death (англ.). Associated Press (2 сакавіка 2021). Праверана 4 сакавіка 2021.
  12. nn.by
  13. а б Заява аб прызнанні 15 затрыманых па справе TUT.BY палітычнымі зняволенымі . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (25 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 25 мая 2021. Праверана 25 мая 2021.
  14. https://euroradio.fm/traim-belaruskim-palitznyavolenym-zmyanili-meru-strymannya
  15. https://euroradio.fm/na-volyu-vyyshli-palitznyavolenyya-volga-loyka-alyaksandr-dayneka-i-andrey-audzeeu
  16. Чем закончился процесс о признании продукции TUT.ВY экстремистскими материалами? Архівавана 7 красавіка 2022. // Intex Press
  17. Суд в Минске счел законным решение комиссии, назвавшей контент tut.by экстремистским // ТАСС
  18. а б «Когда независимых медиа в Беларуси становится меньше, пора запускать новые»: Команда TUT.BY запустила Zerkalo.io (руск.). Брестская газета (8 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2021. Праверана 13 ліпеня 2021.
  19. Massive crackdown on independent media throughout Belarus (англ.). Белсат (8 ліпеня 2021). Праверана 8 ліпеня 2021.
  20. В Беларуси признали экстремистскими портал TUT.BY и созданное его журналистами издание Zerkalo.io //Дождь
  21. МВД Беларуси объявило «экстремистским формированием» издание «Зеркало», основанное бывшими сотрудниками Tut.by (руск.). Meduza (12 чэрвеня 2023).
  22. Интерпол отказался разыскивать Светлану Тихановскую; Путин и Лукашенко утвердили союзные программы. Главное в Беларуси за неделю (руск.). BBC (3 лістапада 2021). Архівавана з першакрыніцы 5 лістапада 2021. Праверана 5 лістапада 2021.