Перайсці да зместу

Спратлі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Спратлі
в’етн. Quần đảo Trường Sa, кіт. 南沙群岛, тагальск. Kapuluan ng Kalayaan, малайск. Kepulauan Spratly
Рыф Свалау
Рыф Свалау
Характарыстыкі
Колькасць астравоў750 
Агульная плошча5 км²
Найвышэйшы пункт4 м
Размяшчэнне
10° пн. ш. 114° у. д.HGЯO
АкваторыяПаўднёва-Кітайскае мора
Краіна
Спратлі (Ціхі акіян)
Спратлі
Спратлі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Спра́тлі (в’етн.: Quần đảo Trường Sa, кіт.: 南沙群岛, тагальск.: Kapuluan ng Kalayaan, малайск.: Kepulauan Spratly) — архіпелаг у Паўднёва-Кітайскім моры. Складаецца з больш чым 750 каралавых астраўкоў, рыфаў і скал, раскіданых на тэрыторыі каля 926 км². Плошча сушы — меней за 5 км². На архіпелаг Спратлі прэтэндуюць В’етнам, КНР, Кітайская рэспубліка, Філіпіны, Малайзія і Бруней.

Усе астравы архіпелага Спратлі маюць каралавае паходжанне, даволі нізкія (найвышэйшы пункт — 4 м над узроўнем мора) і раскіданыя на воднай паверхні акіяна на многія дзясяткі і сотні кіламетраў. Раён месцазнаходжання астравоў з’яўляецца адным з найбольш ажыўленых у Паўднёва-Усходняй Азіі, паколькі каля іх праходзіць адразу некалькі міжнародных марскіх транспартных маршрутаў. Клімат трапічны пасатны, улетку вельмі дажджлівы.

Прыродны свет сушы даволі бедны. Аднак марскія прасторы вакол архіпелага даволі багатыя рыбай. Геолагі з КНР сцвярджаюць, што тут таксама ёсць значныя радовішчы нафты і прыроднага газу.

Астравы Спратлі стала наведваліся людзьмі з глыбокай старажытнасці, паколькі тут праходзілі марскія гандлёвыя шляхі, а таксама знаходзіліся месцы для лову рыбы і чарапах. У XIX — пач. XX стст. са з’яўленнем сучасных геаграфічных карт Кітай і В’етнам імкнуліся пазначыць архіпелаг як сваю уласную тэрыторыю, аднак ніякіх захадаў для сапраўднай каланізацыі не рабілі.

У XIX ст. архіпелаг даследавалі еўрапейскія мараплаўцы. Сваю сучасную назву астравы атрымалі ад імя брытанскага кітабоя Рычарда Спратлі (памёр у 1866 г.). У 1870-х гг. брытанскі капітан Джэймс Джордж Мідс абвясціў архіпелаг незалежнай Рэспублікай Морак-Сангрэйшы-Мідс (Republic of Morac-Songhrati-Meads). Яго сын Франклін пераўтварыў яе ў Каралеўства Чалавецтва (Kingdom of Humanity). Сям’я Мідсаў зрабіла некалькі спробаў каланізаваць Спратлі, пакуль падчас II Сусветнай вайны не была выгнана японцамі. Цікава, што Мідсы дамагаліся прызнання сваіх правоў і ў пасляваенны час, у тым ліку і ў ААН. У 1933 г. свае правы на архіпелаг ад імя каланізаванага ёю В’етнама выказала Францыя.

У 1939 г. астравы Спратлі былі акупаваны Японіяй і да 1945 г. знаходзіліся ў распараджэнні японскага камандавання на Тайвані. Некаторыя атолы выкарыстоўваліся ў якасці часовых баз для японскіх падводных лодак. У 1951 г. Японія канчаткова адмовілася ад сваіх прэтэнзій на тэрыторыі ў Паўднёва-Кітайскім моры. Затое свае прэтэнзіі высунуў урад Чан Кайшы. У 1956 г. Кітайская рэспубліка ўсталявала свой кантроль над востравам Тайпінг. У 1958 г. урад Маа Цзэдуна таксама абвясціў пра свае правы на Спратлі. Да 1980 г. на некалькіх астравах быў размешчаны гарнізон КНР.

Пасля вызвалення В’етнама ад французскай акупацыі Спратлі афіцыйна былі далучаны сайгонскім урадам да Паўднёвага В’етнама. У 1974 г. паўднёвыя в’етнамцы са згоды ЗША ўсталявалі кантроль над значнай часткай архіпелага. У 1976 г. ён перайшоў да ўрада аб’яднанага В’етнама. У 1988 г. адбыўся першы ўзброены канфлікт паміж В’етнамам і КНР, калі кітайскія ваенныя сілы затапілі 2 в’етнамскія рыбалоўныя судны.

У 1968 г. Філіпіны занялі 8 невялікіх астравоў, права на валоданне якімі перадалі прыватным уласнікам. Паколькі архіпелаг Спратлі часткова ўваходзіць у эканамічную зону Малайзіі і Брунея, то у 1990 г. узброеныя сілы Малайзіі занялі тры паўднёвыя астравы, а Бруней выказаўся аб магчымасці заняцця аднаго.

Сітуацыя вакол тэрытарыяльных прэтэнзій на архіпелаг абвастрылася паміж 1995 г. і 1998 г. у сувязі з тым, што Кітай абвясціў усе астравы часткай правінцыі Хайнань і павялічыў колькасць сваіх салдат да 1000 чал. Тым не меней, перагаворы паміж Кітаем і Філіпінамі прывялі да падпісання ў 2002 г. паміж усімі прэтэндэнтамі часовага дагавора аб правілах марскіх перавозак.

У маі 2011 г. ваенныя судны КНР зрабілі напад на в’етнамскіх рыбаловаў, якіх абвінавацілі ў парушэнні межаў. В’етнам у сваю чаргу абвінаваціў ваенныя сілы КНР у наўмысным блакаванні праходаў для в’етнамскіх суднаў і пачаў нарошчваць сваю ваенную прысутнасць. У 2012 г. у В’етнаме быў прыняты закон аб дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы, згодна з якім архіпелаг Спратлі і Парасельскія астравы павінны ўваходзіць у склад гэтай дзяржавы.

Нягледзячы на спробы Філіпінаў у 2013 г. утаймаваць крызіс вакол архіпелага Спратлі, сітуацыя застаецца дастаткова напружанай. Філіпіны, В’етнам, Малайзія і Тайвань разлічваюць на далейшае міжнароднае пасрэдніцтва. Аднак КНР прапануе весці асобныя перагаворы з кожнай краінай.

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

У наш час на некалькіх астравах месцяцца ваенныя пасты і базы. Дзейнічаюць 4 ваенныя аэрапорты і 3 верталётныя пляцоўкі.

Spratly Islands даведнік на сайце Wikivoyage