Спі́нулюм (Spinulum) — род вышэйшых споравых раслін сямейства дзеразовых.
Шматгадовыя вечназялёныя расліны з цыліндрычнымі анізатомна галінаванымі парасткамі (доўгімі паўзучымі па паверхні глебы і укараняльнымі плагіятропнымі, ад якіх адыходзяць надземныя артатропныя галіны, што галінуюцца пераважна ў аснове і маюць абмежаваны рост). Лісце сядзячае, суцэльнае, лінейнае або вузкаланцэтнае, па краі зубчастае, на канцы завостранае, але без бясколернай валасінкі, размешчанае ў 4–5 радах. Спараносныя каласкі (стробілы) заўсёды сядзячыя, размешчаны паасобку на верхавінах артатропных парасткаў, выразна адмежаваны ад аблісцелай часткі галіны. Спарафілы яйцападобныя, з шырокай асновай, абрамленыя, завостраныя, рэзка адрозніваюцца ад вегетатыўнага лісця. Споры ячэістыя (але ячэістасць рэдукаваная і ледзь прыкметная на праксімальнай паверхні), тэтраэдрычныя.
Споры прарастаюць у цемры пасля перыяду спакою. Гаметафіты падземныя, мікагетэратрофныя, працягла развіваюцца, рэдзькападобныя з верхняй гаметангіяльнай зонай.
Вядомы 3–4 віды, распаўсюджаныя пераважна ў Паўночным паўшар’і: у паўночных і ўмерана цёплых рэгіёнах, у гарах тропікаў. Доўгі час гэтыя віды ўключаліся ў род дзераза (Lycopodium). У 2003 г. амерыканскі біёлаг А. Хэйнс выключыў асобныя віды з роду дзераза і вылучыў у новы род спінулюм. У Беларусі дзераза гадавая, ці спінулюм гадавы (Spinulum annotinum) расце ў сырых хвойных і мяшаных лясах, спараносіць у ліпені — жніўні.
Лекавая расліна. Настоі і адвары травы выкарыстоўваюцца як агульнаўмацавальны сродак, пры нервова-псіхічных хваробах, захворваннях страўніка, печані, як процісутаргавы, анальгезавальны, слабіцельны, дыўрэтычны, кантрацэптыўны сродак. Споры выкарыстоўваюцца ў якасці дзіцячай прысыпкі, пры пролежнях, для абсыпання пілюль. Раней яны мелі вялікае значэнне ў металургіі, дзе іх выкарыстоўвалі для абсыпання формаў пры выплаўцы чыгуну, асабліва пры фасонным ліцці. З лісця раней атрымлівалі сінюю фарбу.