Нёман (спартыўны комплекс, Гродна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Стадыён Нёман, Гродна)
Цэнтральны спартыўны комплекс «Нёман»
ЦСК «Нёман»
Былыя назвы «Чырвоны сцяг» (1963—2001)
Спартыўны камбінат «Нёман» (2001—2007)
Месцазнаходжанне Беларусь, Гродна, вуліца Камунальная, 3
Закладзены 1962
Пабудаваны 1963
Адкрыты 1964
Рэканструяваны 2002—2008
Архітэктар Уладзімір Мікітавіч Еўдакімаў
Хатняя каманда «Нёман»
Умяшчальнасць 8 479[1]
Памеры поля 105×68 м
Пакрыццё натуральнае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Цэнтральны спартыўны комплекс «Нёман» — шматфункцыянальны спартыўны комплекс у Гродне, Беларусь. З’яўляецца хатняй арэнай для футбольнага клуба «Нёман», які выступае ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Умяшчальнасць трыбун на стадыёне складае 8 479 месцаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Будаўніцтва стадыёна пачалося ў 1962 годзе. Дазвол атрымлівалі прафсаюзы, якія і пабудавалі спартыўную арэну ў 1963, надаўшы ёй назву «Чырвоны сцяг». У 1964 годзе стадыён быў здадзены ў эксплуатацыю. На гэты час ужо існавала мясцовая футбольная каманда «Нёман», для якой арэна стала хатняй.

Стадыён быў узведзены на месцы яўрэйскіх могілак, якія існавалі тут з XIX стагоддзя і былі зачыненыя пасля Другой сусветнай вайны. Месца пахаванняў значна пацярпела ў ваенны час.

У красавіку 1949 года гродзенскія чыноўнікі вырашылі афіцыйна закрыць самыя вялікі яўрэйскія могілкі ў Гродне на вуліцы Горкага. У сакавіку 1958 года гарадскі камітэт па фізічнай культуры і спорце пры гарвыканкаме атрымаў 10 га зямлі, каб на гэтым месцы пабудаваць стадыён на 18 тысяч гледачоў.

Паводле некаторых звестак на гэтых могілках ляжаць рэшткі 15 тысяч гродзенскіх яўрэяў. Сярод іх вядомы гродзенскі паэт Лейб Найдус. Яго помнік, у выглядзе анёла, стаяў на могілках да апошняга[2].

На пустцы, якая ўзнікла на месцы могілак, і быў пабудаваны стадыён. «Чырвоны сцяг» быў буйнейшай спартыўнай арэнай БССР пасля мінскага стадыёна «Дынама». Тут было 23 сектары, размешчаныя ў выглядзе падковы, па 14 драўляных радоў у кожным. Умяшчальнасць драўляных трыбун складала 15 000 чалавек.

З 1992 года стадыён стаў прымаць матчы чэмпіянату Беларусі па футболе. Пад канец 2001 года спартыўны аб’ект быў перададзены з уласнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Гродзенскаму абласному выканаўчаму камітэту. Пасля змены ўласніка стадыён атрымаў новую назву — спартыўны камбінат «Нёман».

Рэканструкцыя[правіць | правіць зыходнік]

Увосень 2002 года пачалася маштабная рэканструкцыя арэны, якая была скончана ў 2008, калі стадыён набыў сучасны выгляд. Праект рэканструкцыі распрацаваны інстытутам «Гроднаграмадзянпраект», аўтарам праекта з’яўляецца У. М. Еўдакімаў. Падчас будаўніцтва стары стадыён быў поўнасцю разбураны, на яго месцы была пабудавана цалкам новая спартыўная арэна. Колькасць месцаў для гледачоў скарацілася да 8,5 тысяч, над заходняй трыбунай узведзены дах. Праведзены капітальны рамонт футбольнага поля, спартыўных залаў, гасцініцы. Былі ўзведзены лёгкаатлетычнае ядро з бегавымі дарожкамі і лёгкаатлетычны манеж. Старыя асвятляльныя мачты стадыёна заменены на новыя, з’явілася электроннае табло. Газон на футбольным полі натуральны, усталяваны падагрэў. Памеры поля — 105×68 метраў.

Пасля рэканструкцыі[правіць | правіць зыходнік]

Урачыстае адкрыццё новай арэны адбылося 12 жніўня 2008 года. Пасля рэканструкцыі спартыўны камбінат «Нёман» набыў статус шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу. У 2009 годзе стадыёну былі прысвоены трэцяя катэгорыя УЕФА і другі клас ад Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі.

Галоўная спартыўная арэна Гродна неаднаразова прымала важныя футбольныя паядынкі. 6 чэрвеня 2009 года на ёй праходзіў першы ў сваёй гісторыі матч нацыянальнай зборнай Беларусі. У рамках адборачнага турніру чэмпіянату свету 2010 беларусы перамаглі зборную Андоры. 14 лютага 2013 года адбыўся першы матч 1/16 фіналу Лігі Еўропы 2012/2013, у якім барысаўскі БАТЭ згуляў унічыю са стамбульскім «Фенербахчэ». 28 мая 2017 года стадыён спарткомплексу прымаў вырашальны паядынак за перамогу ў Кубку Беларусі 2016/2017. У гэтым матчы брэсцкае «Дынама» абыграла салігорскі «Шахцёр».

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

У цяперашні час цэнтральны спартыўны комплекс «Нёман» уключае ў сябе:

  • два футбольныя палі — асноўнае з натуральным газонам і падагрэвам, запасное са штучным пакрыццём і трыбунай на 1 000 гледачоў;
  • лёгкаатлетычнае ядро з васьмю бегавымі дарожкамі і сектарамі для розных спартыўных дысцыплін, лёгкаатлетычны манеж, залы спартыўнай і мастацкай гімнастыкі, залы барацьбы і бокса;
  • пляцоўкі для баскетбола і валейбола, залы каратэ і таэквандо, трэнажорную залу, гасцініцу, кафэ.

На базе спарткомплексу праводзяцца вучэбна-трэніровачныя заняткі і спаборніцтвы па футболе, цяжкай і лёгкай атлетыцы, спартыўнай і мастацкай гімнастыцы і інш.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]