Станковы жывапіс

Станковы жывапіс — род жывапісу, творы якога маюць самастойнае значэнне і ўспрымаюцца незалежна ад навакольнага асяроддзя. Асноўнай формай станковага жывапісу здаўна з’яўляецца карціна, аддзеленая рамай ад навакольнай абстаноўкі[1].

Папярэднікамі карціны былі амаль не захаваны старажытнагрэчаскі жывапіс на драўляных дошках (пінакс), а таксама некаторыя працы на палатне. Да станковага жывапісу антычнай эпохі можна аднесці эліністычныя і рымскія партрэты, найбольш вядомымі з якіх з’яўляюцца фаюмскія партрэты, што выкарыстоўваліся ў якасці пахавальных масак[1].

З антычнай традыцыяй паходзіць і іканапіс — рэлігійны станковы жывапіс. У працэсе развіцця сярэднявечнага жывапісу іконы пачалі аб’ядноўвацца ў манументальныя ансамблі алтарных прастолаў, іканастасаў і рэлігійных кампазіцый, набываючы цэласнае сімвалічнае і дэкаратыўнае адзінства[1].
У XIV—XVI стагоддзях сфармаваліся адносна самастойныя тыпы карціны, якія яшчэ працяглы час заставаліся звязанымі з храмамі, палацамі і дамамі. Толькі ў XVII стагоддзі, асабліва ў Нідэрландах, з’явілася тэндэнцыя да поўнай самастойнасці карціны, што канчаткова замацавалася ў канцы XVIII—XIX стагоддзяў. У гэты перыяд сфармаваліся класічныя нормы станковага жывапісу, якія патрабавалі поўнага пагружэння гледача ў карціну, вызваляючы яе ад дыдактычных і дэкаратыўных функцый[1].
Напрыканцы XIX—XX стагоддзя адрадзілася цікавасць да манументальных і дэкаратыўных аспектаў станковага жывапісу[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Станковы жывапіс