Перайсці да зместу

Станіслаў Антонавіч Ярашэвіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Станіслаў Антонавіч Ярашэвіч
Адукацыя
Дзейнасць святар
Нараджэнне 5 (17) мая 1889
Смерць 10 сакавіка 1938(1938-03-10) (48 гадоў)

Станіслаў Антонавіч Ярашэвіч (5 (17) мая 1889, в. Селішча, Лепельскі павет, Віцебская губерня, цяпер Ушацкі раён — 10 сакавіка 1938, Менск, турма НКУС) — каталіцкі святар.

З беларускай ці польскай сялянскай сям’і. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу. Прыняў сакрамэнт святарства (1912). Прызначаны вікарыем касцёла Маці Божай Ружанцовай у Полацку Віцебскай губерні. З 1915 года пробашч парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове Магілёўскага павета. З 1922 года адміністратар парафіі НПМ у Чэрыкаве Магілёўскай губерні, таксама абслугоўваў філіяльны касцёл Унебаўзяцця НПМ у в. Вародзькаў Чэрыкаўскага павета, парафію Нараджэння НПМ у в. Радамля Чавускага павета, касцёл Беззаганнага Зачацця НПМ у Крычаве, дэкан Чэрыкава-Чавускага дэканата. З 1930 года пробашч касцёла Св. Сымона і Алены ў Менску. Паводле некаторых звестак, наведваў і парафію св. Дамініка ў в. Хатаевічы (цяпер в. Акцябр).

Арыштаваны 13 верасня 1933 года. Абвінавачваўся ў «шпіянажы на карысць Польшчы», але справа была спынена і Ярашэвіч вызвалены. Служыў у касцёле Нараджэння НПМ у Барысаве. Зноў арыштаваны 14 лістапада 1937 у Барысаве па адрасе: вул. Савецкая, д. 2. Асуджаны 3.1.1938 тройкай НКУС за «шпіянаж на карысць Польшчы» і як «член ПАВ» да ВМП. Расстраляны. Па першай справе (№ 18415-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны 31.3.1934 паводле пастановы калегіі АДПУ, па другой (№ 24356-с) 28.4.1989.