Станіслаў Трусевіч
| Станіслаў Трусевіч | |
|---|---|
| | |
| Род дзейнасці | палітык |
| Дата нараджэння | 1870 ці 1871[1] |
| Дата смерці | 25 жніўня 1918 |
| Грамадзянства | |
| Партыя | |
Станіслаў Станіслававіч Трусевіч (польск.: Stanisław Trusiewicz, псеўданім Казімір Залеўскі, 1870 або 8 мая 1871, Вераскава, Навагрудскі павет — 25 жніўня 1918, Мажайск)[2][3][4][5] — грамадска-палітычны дзеяч, рэвалюцыянер, публіцыст.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў збяднелай шляхецкай сям’і. Сын Станіслава, дробнага служачага, і Паўліны, якая разам з сястрой Марыяй трымала краму капелюшоў у Навагрудку[4].
Вучыўся ў Слуцкай гімназіі, дзе далучыўся да таемнага сацыялістычнага гуртка. Пасля сканчэння гімназіі ў 1889 г. пачаў навучанне ў Ветэрынарным інстытуце ў Варшаве. Там уступіў у склад Польскай сацыяльна-рэвалюцыйнай партыі «Пралетарыят» (т. зв. Другі Пралетарыят), займаўся распаўсюджаннем нелегальнай літаратуры. Быў адным з арганізатараў першай на тэрыторыі Польшчы маніфестацыі ў дзень 1 Мая ў 1890 г. У той жа дзень быў арыштаваны і змешчаны ў Варшаўскую цытадэль. 27 жніўня 1890 г. вызвалены пад заклад. Аднак 9 красавіка 1891 г. быў асуджаны на год турмы і забарону пражывання на тэрыторыі Каралеўства Польскага на працягу двух гадоў; зняволенне адбываў у Санкт-Пецярбургу, у турме «Кресты». Пасля вызвалення 24 красавіка 1892 г. вярнуўся ў Вераскова; нягледзячы на паліцэйскі надзор, працягваў супрацоўнічаць з сацыялістычнымі суполкамі ў Навагрудку і Вільні[4], вёў прапаганду сярод настаўнікаў і сялян Навагрудскага, Слуцкага і Лідскага паветаў[3].
У кастрычніку 1892 г. выехаў у Львоў, дзе працягваў навучанне на факультэце хіміі ў Палітэхнічнай школе. Далучыўся там да дзейнасці Галіцыйскай сацыял-дэмакратычнай партыі. Са студзеня да жніўня 1893 г. знаходзіўся ў Цюрыху, а потым кароткі час у Ротэрдаме, дзе ўстанаўліваў сувязі з дзеячамі сацыялістычнага руху[4].
У верасні 1893 г. вярнуўся ў Расійскую імперыю, знаходзіўся ў Мінску, дзе быў арыштаваны, ізноў змешчаны ў Варшаўскую цытадэль, адкуль вызвалены пад заклад 30 снежня таго ж года. Вызваленне ізноў суправаджалася забаронай пражывання ў Каралеўстве Польскім. З гэтага часу да лета 1895 г. жыў у Мінску, дзе працаваў слесарам, рабочым на чыгунцы, займаўся арганізацыяй сацыял-дэмакратычных гурткоў[4]. Пад яго кіраўніцтвам у гэты час таксама ўзнікла сацыял-дэмакратычная група ў Смаргоні. Летам 1895 г. перабраўся ў Вільню, дзе таксама ўдзельнічаў у арганізацыі сацыял-дэмакратычнай групы, што складалася пераважна з рабочых чыгуначнікаў і гарбароў[6].
У красавіку 1897 г. удзельнічаў ва ўстаноўчым з’ездзе Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі. З’езд абвясціў ідэю стварэння незалежнай Літоўскай дэмакратычнай рэспублікі, з магчымасцю федэрацыі з Польшчай, Беларуссю і Украінай. Станіслаў Трусевіч расцаніў такія ўстаноўкі як сепаратысцкія, выступаў за больш цеснае супрацоўніцтва з расійскімі сацыял-дэмакратамі і ў выніку пакінуў з’езд. У маі 1896 г. па яго ініцыятыве быў скліканы з’езд Рабочага саюза Літвы, да якога далучыліся створаныя пры ўдзеле Станіслава Трусевіча сацыял-дэмакратычныя арганізацыі Вільні, Мінска і Смаргоні. Праграма новай арганізацыі базавалася на прынцыпах інтэрнацыяналізму, яе галоўным тэзісам было тое, што «барацьба з рускім дэспатызмам можа быць паспяховай толькі пры ўмове цеснага аб’яднання ўсіх сацыял-дэмакратычных груп Расіі». На гэтай падставе Рабочы Саюз Літвы прызнаў неабходным уступіць у будучую Расійскую сацыял-дэмакратычную партыю на правах аўтаномнай адзінкі. Галоўнай першаснай задачай ставілася звяржэнне самадзяржаўя і ўстанаўленне дэмакратычнага ладу[6][7]. Рэдагаваў першы нумар выдання новай арганізацыі «Przegląd Robotniczy», які нелегальна выдаваўся ў Вільні. Займаўся арганізацыяй стачак рабочых у Вільні, напрыклад, у віленскіх чыгуначных майстэрнях у лютым 1897 г. 11 сакавіка таго ж года быў арыштаваны і на два гады змешчаны ў турму ў Вільні. 8 лютага 1899 г. асуджаны на пяць гадоў ссылкі ў Сібір; пакаранне адбываў у Вілюйску ў Якуціі[4].
У лістападзе 1899 г. збег са ссылкі і са студзеня 1900 г. ізноў на нелегальным становішчы жыў у Вільні. У тым жа месяцы ўдзельнічаў у сумесным з’ездзе ў Мінску Рабочага саюза Літвы і Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага, на якім абедзве арганізацыі аб’ядналіся ў Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ)[6]. Увайшоў у склад Цэнтральнага камітэта новай партыі. Пасля гэтага накіраваўся ў Германію і Швейцарыю, дзе меў сустрэчы з кіраўнікамі партыі Розай Люксембург, Леа Ёгіхесам (Янам Тышкам), Юльянам Мархлеўскім і г.д., прымаў удзел у з’ездзе замежных камітэтаў СДКПіЛ у Лейпцыгу ў лютым 1900 г. У красавіку 1900 г. перабраўся ў Варшаву, дзе ўвайшоў у склад мясцовага камітэта СДКПіЛ; актыўна ўдзельнічаў у партыйнай рабоце, займаўся палітычнай агітацыяй, арганізацыяй маніфестацый, а таксама дапамогі сем’ям палітвязняў. 23-27 верасня 1900 г. прадстаўляў СДКПіЛ на Парыжскім кангрэсе Другога Інтэрнацыянала. Пасля вяртання ў Варшаву, у выніку арыштаў, стаў фактычна кіраваць партыяй. Займаўся рэдагаваннем партыйных выданняў «Przegląd Robotniczy», «Kurier Robotniczy», удзельнічаў у кантрабандзе нелегальнай сацыялістычнай літаратуры, у тым ліку расійскай, з-за мяжы. Уначы з 25 на 26 кастрычніка 1901 г. арыштаваны ў Варшаве і ў трэці раз зняволены ў Варшаўскай цытадэлі. У кастрычніку 1902 г. асуджаны на ссылку ў Енісейскай губерні, адкуль летам 1903 г. ізноў уцёк і пэўны час знаходзіўся ў Вільні. Пры спробе пераходу расійска-германскай мяжы 1 ліпеня 1903 г. быў арыштаваны і ў кастрычніку таго ж года асуджаны на 10 гадоў ссылкі ў Якуціі[4].
Падачас рэвалюцыі 1905—1907 гг. вызвалены ў выніку амністыі 30 кастрычніка 1905 г. Вярнуўся ў Вільню, дзе дзейнічаў у мясцовым камітэце СДКПіЛ. 24 сакавіка 1906 г. у чарговы раз быў арыштаваны, пасля трох месяцаў зняволення вызвалены пад заклад, з забаронай пражывання ў сталічных і губернскіх гарадах. Пэўны час нелегальна знаходзіўся ў Варшаве, дзе дзейнічаў у мясцовым камітэце СДКПіЛ. У канцы 1906 г. выехаў у Германію. У студзені 1907 г. быў арганізатарам І з’езда замежных секцый СДКПіЛ у Берне (Швейцарыя), увайшоў у склад Бюро замежных секцый партыі. Пасля гэтага пасяліўся на тэрыторыі Вялікага княства Фінляндскага. Актыўна супрацоўнічаў з расійскімі сацыял-дэмакратамі (як бальшавікамі, так і меншавікамі), у тым ліку Уладзімірам Леніным і Юліем Мартавым, публікаваў артыкулы ў расійскіх і польскіх сацыял-дэмакратычных выданнях; у якасці дэлегата ўдзельнічаў у V з’ездзе Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) у Лондане ў маі-чэрвені 1907 г. (з 1906 г. СДКПіЛ з’яўлялася аўтаномнай арганізацыяй у складзе гэтай партыі)[4].
У той жа час уступіў у канфлікт з кіраўніцтвам СДКПіЛ, у прыватнасці з Леа Ёгіхесам і Розай Люксембург. Станіслаў Трусевіч прадстаўляў у гэты час тое крыло партыі, якое выступала з федэралістычнымі поглядамі, што дапускалі барацьбу за дзяржаўную самастойнасць Польшчы, Літвы і іншых народаў як адну з мэтаў рэвалюцыі, накіраванай супраць самадзяржаўя, у той час як яго апаненты выступалі супраць прынцыпу права нацый на самавызначэнне. Таксама ён выступаў за збліжэнне СДКПіЛ з Польскай Сацыялістычнай партыяй — Лявіцай. Паводле рашэння партыйнага суда ад 2 красавіка 1909 г. быў на год пазбаўлены права займаць кіруючыя партыйныя пасады[8]. 20 лютага 1911 г. выйшаў са складу СДКПіЛ, абвінаваціўшы лідараў партыі ў «сектанцтве», але застаўся ў складзе РСДРП. У 1909—1911 гг. супрацоўніцаў з віленскімі выданнямі Польскай Сацыялістычнай партыі — Лявіцы ў Вільні «Wiedza» i «Nowe Życie». У 1911—1917 гг. жыў у Швейцарыі, Германіі, Бельгіі, Італіі і Францыі[4].
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў ліпені 1917 г. выехаў у Петраград. Далучыўся да бальшавіцкай партыі, працаваў у прафсаюзах і культурна-асветніцкіх арганізацыях. З лістапада 1917 г. увайшоў у склад рэдакцыі выдання «Известия», а са студзеня-сакавіка 1918 г. быў галоўным рэдактарам грамадска-культурнага часопіса «Вестник жизни». З сакавіка 1918 г. жыў у Маскве[4].
Раптоўна памёр 25 жніўня 1918 г. у Мажайску. Пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве[4].
Быў двойчы жанаты. Першая жонка — Станіслава Залеўская. З ёй меў дачку Сафію (паводле іншых крыніц, Яніну) Агееву. Другая жонка — Сафія Гробэр (шлюб заключаны ў лістападзе 1903 г.), ад якой меў сына (імя невядома)[4].
Грамадска-палітычныя погляды
[правіць | правіць зыходнік]Станіслаў Трусевіч быў аўтарам шматлікіх навукова-папулярных брашур, артыкулаў, рэцэнзій. Быў прыхільнікам пануючага ў сацыял-дэмакратычным руху на пачатку ХХ ст. марксізму. У сваёй прыцы «Аб матэрыялістычным разуменні гісторыі» (Вільня, 1911) галоўную каштоўнасць марксісцкай філасофіі ён бачыў у сцвярджэнні дзейснай, творчай сутнасці чалавека:
«З матэрыялістычнага разумення гісторыі вынікаюць шырокія перспектывы нашай дзейнасці, накіраванай на пазнанне Сусвету. Рэчы ў сабе, у разуменні Канта, становяцца рэчамі для нас»[9].
Адметнае месца займае яго пазіцыя ў межах польскага нацыянальнага руху па нацыянальным пытанні. У сваім артыкуле «Польскае пытанне і міжнародная палітыка», апублікаваным у выданні «Голос социал-демократа» (май 1909 г.), падкрэсліваў, што адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай «польскае пытанне» набыло міжнародны характар, спасылаўся на пункт гледжання Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса аб неабходнасці аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы. Наяўнасць развітай эканомікі і багатай нацыянальнай культуры з’яўляюцца стымулам незалежніцкіх памкненняў польскага народа. Разам з тым капіталістычнае развіццё эканомікі Каралеўства Польскага ў складзе Расійскай імперыі змяніла форму гэтых памкненняў. З аднаго боку, адбылася моцная інтэграцыя Каралеўства Польскага ў агульнарасійскую эканоміку, з другога, на тэрыторыі ўсіх частак падзеленай Польшчы адбывалася развіццё нацыянальнай самасвядомасці. У гэтых умовах першачарговай задачай становіцца барацьба за пераўтварэнне Расійскай імперыі ў дэмакратычную дзяржаву, у межах якой Польшча павінна атрымаць палітычную аўтаномію[10]. У зборніку «Грамадскі рух у Расіі ў пачатку ХХ ст.» (Санкт-Пецярбург, 1911, кн. 7, т. 4, ч. 2) змясціў раздзел «Нацыянальныя рухі». У ім падкрэслівалася важнае значэнне нацыянальнага пытання падчас рэвалюцыі 1905—1907 гг., праведзены аналіз розных нацыянальных рухаў у Расійскай імперыі. Разгляду беларускага нацыянальнага руху прысвечана адносна невялікае месца ў параўнанні з іншымі рухамі народаў заходняй часткі імперыі. Адзначаўся нізкі ўзровень развіцця нацыянальнай самасвядомасці беларускага насельніцтва, што звязвалася адпаведна з нізкім узроўнем індустрыялізацыі і эканамічнага развіцця Беларусі. Фарміраванне беларускага нацыянальнага руху звязвалася з дзейнасцю польскай інтэлігенцыі, да якой залічваўся ў прыватнасці Францішак Багушэвіч. Каротка апісваліся падзеі рэвалюцыі 1905—1907 гг. у Беларусі, дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамады, першых легальных беларускіх газет «Наша доля» і «Наша ніва», адзначалася фарміраванне беларускай нацыянальнай літаратуры, у прыватнасці творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа. Далейшыя перспектывы беларускага нацыянальнага руху бачыліся з дэмакратызацыяй у Расійскай імперыі:[11]
«Ва ўсялякім выпадку яго лёс можа быць вырашаны толькі тады, калі ў Расіі будуць створаны ўмовы, спрыяльныя для свабоднага развіцця самадзейнасці шырокіх народных мас. Пытанне аб стварэнні такіх умоў для Беларусі ўзнятае не толькі вышэй узгаданымі беларускімі арганізацыямі, але і арганізацыямі польскай інтэлігенцыі і ліберальных памешчыкаў Беларусі — Дэмакратычным польскім саюзам Літвы і Беларусі, Польскім саюзам грамадскай дзейнасці ў Літве і Беларусі і іншымі грамадскімі элементамі. Увядзенне органаў земскага самакіравання, нягледзячы на буйныя недахопы складзенага з гэтай мэтай урадавага праекта, будуць першым крокам у гэтым накірунку»[11].
Творы
[правіць | правіць зыходнік]- Kwestia rolna w programach partii rosyjskich a ruch wolnościowy w Rosji. Warszawa, 1907.
- Характер нынешней революции и тактические задачи социал-демократии. Москва, 1907.
- Аграрные отношения и крестьянское движение в Царстве Польском. Санкт-Петербург, 1908.
- Национальные движения // Общественное движение в России в начале ХХ века. Кн. 7. — Т. 4. — Ч. 2 / под ред. Л. Мартова, П. Масова и А. Потресова. — Санкт-Петербург, 1911. — С. 149—246.
- O materialistycznym pojmowaniu dziejów. Wilno, 1911.
- Роль интеллигенции в развитии Интернационала. Петроград, 1917.
- Искусство и пролетариат. Москва, 1918.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #130431869 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016. Праверана 4 мая 2026.
- ↑ Карніловіч Э. Трусевіч Станіслаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 524—525. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- 1 2 Карніловіч Э. А. Трусевіч Станіслаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 539. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Gotowicz A. Trusiewicz Stanisław // Polski Słownik Biograficzny. — T. 55/2. — 2023. — S. 258—260.
- ↑ Трусевіч Станіслаў Станіслававіч — Беларусь у асобах i падзеях
- 1 2 3 Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX стст.) / рэдкал.: М.Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 256—257.
- ↑ Бич М. О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии. — Минск: Наука и техника, 1973. — С. 84-86.
- ↑ Michta N., Sobczak J. Postacie z przełomu wieków. Z kręgu działaczy SDKPiL. — Warszawa: Krajowa Agencja Wydawnicza, 1983. — S. 102—121.
- ↑ Michta N., Sobczak J. Myśl filozoficzna i społeczna Stanisława Trusiewicza (Kazimierza Zalewskiego) // Przegląd Humanistyczny. — 1978. — Nr 3. — S. 42.
- ↑ Michta N., Sobczak J. Postacie z przełomu wieków. Z kręgu działaczy SDKPiL. — Warszawa: Krajowa Agencja Wydawnicza, 1983. — S. 117—118.
- 1 2 Залевский К. Национальные движения // Общественное движение в России в начале ХХ века. Кн. 7. — Т. 4. — Ч. 2 / под ред. Л. Мартова, П. Масова и А. Потресова. — Санкт-Петербург, 1911. — С. 206—209.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Бич М. О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии. — Минск: Наука и техника, 1973.
- Бусько В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в. Минск: Навука і тэхніка, 1990. — С.124-127.
- Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX стст.) / рэдкал.: М. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005.
- Карніловіч Э. А. Трусевіч Станіслаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 539. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Карніловіч Э. Трусевіч Станіслаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 524—525. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Корнилович Э. А. Люди революционного подвига. Минск, 1985.
- Gotowicz A. Trusiewicz Stanisław // Polski Słownik Biograficzny. — T. 55/2. — 2023. — S. 258—260.
- Kochański A. Socjaldemokracja Królestwa Polskiego i Litwy w latach 1907—1910. — Warszawa, 1971.
- Łukawski Z. Polacy w rosyjskim ruchu rewolucyjnym 1894—1907. — Warszawa, 1984.
- Michta N. Rozbieżności i rozłam w SDKPiL. — Warszawa, 1987.
- Michta N., Sobczak J. Myśl filozoficzna i społeczna Stanisława Trusiewicza (Kazimierza Zalewskiego) // Przegląd Humanistyczny. — 1978. — Nr 3. — S. 41-47.
- Michta N., Sobczak J. Postacie z przełomu wieków. Z kręgu działaczy SDKPiL. — Warszawa: Krajowa Agencja Wydawnicza, 1983.
- Michta N., Sobczak J. Zapomniany polemista i apostata doktryny Róży Luksemburg. — Elbląg, 2004.
- Najdus W. SDKPiL a SDPRR 1908—1918. — Wrocław, 1979.
- Radlak B. Socjaldemokracja Królestwa Polskiego i Litwy w latach 1893—1904. — Warszawa, 1979.
- Sobczak J. Współpraca SPKPiL z SDPRR 1893—1907. — Warszawa, 1980.
- Śliz A. Prasa polska w Rosji w dobie wojny i rewolucji (1915—1919). — Warszawa, 1968.
- Witkowska H. Stanisław Trusiewicz jako organizator i działacz Związku Robotniczego na Litwie w końcu XIX wieku // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. — T. 4. — 1990.