Станіслаў Шадурскі
| Станіслаў Шадурскі | |
|---|---|
| Род дзейнасці | філосаф |
| Дата нараджэння | 18 верасня 1726[1] |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 1789[2][3][…] |
| Месца смерці | |
| Грамадзянства | |
| Бацька | Францішак Ян Шадурскі[d] |
Станіслаў Шадурскі (пол. Stanisław Szadurski, 1726 - 1789) — езуіт, філосаф, прафесар Віленскага ўніверсітэта. Прадстаўнік хрысціянскага Асветніцтва.[4][5][6][7][8]
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Сын Яна Францішка і Караліны Гільзен. Сваякі па матчынай лініі — ваявода мінскі Ян Аўгуст Гільзен і смаленскі біскуп Ежы Мікалай Гільзен. Брат кашталяна інфлянцкага Яна Шадурскага.
Скончыў езуіцкую школу ў Дынабургу, а пазней, хутчэй за ўсё, вучыўся ў Віленскай акадэміі. 29 лістапада 1744 уступіў у ордэн езуітаў. У 1744-44 вучыўся ў віленскім навіцыяце езуітаў. З 1746 года да 1748 года вывучаў філасофію ў Віленскай акадэміі пад кіраўніцтвам Станіслава Растоўскага. Пасля пажару ў Акадэміі завяршыў вучобу ў Оршы. Дзякуючы падтрымцы свайго дзядзькі па матчынай лініі, Яна Аўгуста Гільзена, працягнуў вывучэнне тэалогіі, матэматыкі і прыродазнаўчых навук у Варшаве і Парыжы. Па вяртанні ў 1756-57 гадах адбыў трэццюю прабацыю, то бок, вывучаў ордэнскае права і езуіцкую духоўнасць. З 1757 года выкладаў філасофію, фізіку, гісторыю і геаграфію ў новаадкрытым езуіцкім Collegium Nobilium у Варшаве. З 1759 года выкладаў у езуіцкай школе ў Навагрудку, дзе выкладаў поўны трохгадовы курс філасофіі для езуіцкіх клірыкаў. У 1762 годзе атрымаў ступень магістра філасофіі і вольных навук у Віленскім універсітэце. У 1765-66 гадах выкладаў маральную тэалогію і кананічнае права ў Віленскіай акадэміі, пасля чаго атрымаў ступень доктара кананічнага права. У 1766-68 быў казнадзеем пры касцёле святых Янаў у Вільні. Пазней выкладаў у езуіцкіх школах у Гродне (1768-70) і Браневе (1770-71). Апошнія гады да роспуску ордэна езуітаў у 1773 годзе правёў у Дынабургу, шмат часу праводзячы ў маёнтках Хільзенаў і Шадурскіх . Звестак пра апошнія гады яго жыцця мала. У 1775 годзе прэтэндаваў на гадавую пенсію ад Адукацыйнай камісіі.
Філасофскія погляды
[правіць | правіць зыходнік]Першую сваю працу (Positiones ex philosophia mentis et sensuum, 1758) выдаў у Варшаве, дзе даказваў, што філасофія можа быць карыснай і прыемнай. Галоўныя яго працы паўсталі ў наваградскі перыяд: Disputatio philosophica menstrua (1760) і Principia ratiocinandi variis dialogis atque exercitationibus (1760), у якой размоўнай мовай у форме дыялогу паміж студэнтамі логікі тлумачыліся прынцыпы пазнання. Паводле Шадурскага, у тэорыі пазнання неабходна гарманічна спалучаць рацыяналізм і эмпірызм, а галоўным крытэрыем ісціны павінна быць відавочнасць; пры гэтым ён не адмаўляў ролю гістарычных аўтарытэтаў і веры.
У наступных працах звярнуўся да філасофіі прыроды. Як прыхільнік эклектычнай філасофіі лічыў магчымым карыстацца рознымі філасофскімі сістэмамі і запазычваць з іх тое, што яму ўяўлялася дакладным і не выклікала сумнення. У вырашэнні праблем суадносінаў матэрыі і свядомасці падзяляў дуалізм Рэнэ Дэкарта, адначасова спрабаваў аб'яднаць яго вучэнне аб прыроджаных ідэях са схаластычным палажэннем аб інтэлектуальным пазнанні. [5]
Быў адкрыты да новых філасофскіх тэндэнцый і лозунгаў Асветніцтва, імкнуўся да таго, каб традыцыйную навуку Касцёла зрабіць прывабнай для моладзі. Памкненне да асучаснівання схаластычнай філасофіі дазваляе залічыць Шадурскага да накірунка хрысціянскага Асветніцтва.
Працы
[правіць | правіць зыходнік]- Positiones ex philosophia mentis et sensuum, Варшава,1758
- Disputatio philosophica menstrua, Вільня, 1760
- Principia ratiocinandi variis dialogis atque exercitationibus, 1760
- Scita philosophica ex physica generali, 1761
- Scita philosophica ex physica particulari, 1762
- Scita philosophica, 1762
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Bargiel Franciszek. Stanislaw Szadurski SJ (1726–1789). Stanisław Szadurski, SJ, (1726-1789), przedstawiciel uwspółcześnionej filozofii scholastycznej. Krakow: Wydział Filozoficzny Towarzystwa Jezusowego, 1978.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://www.ipsb.nina.gov.pl/a/biografia/stanislaw-szadurski-h-ciolek
- ↑ Stanisław Szadurski // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Stanisław Szadurski // NUKAT — 2002.
- ↑ Шадурскі Станіслаў - Беларусь у асобах i падзеях. bis.nlb.by. Праверана 1 жніўня 2026.
- 1 2 Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 2003. – Т. 17. – С. 358.
- ↑ Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X–XIX стст. : энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1995. – С. 329.
- ↑ Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 3 т.]. – Мінск, 2006. – Т. 2. – С. 749-750.
- ↑ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мінск, 2003. – Т. 6, кн. 2. – С. 790.