Старадарожскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Старадарожскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей
Заснаваны 25 сакавіка 1999
Месцазнаходжанне Старыя Дарогі
starodor.museum.by (руск.)(бел.)(англ.)

Старадарожскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей — музей у горадзе Старыя Дарогі.

Створаны ў адпаведнасці з рашэннем Старадарожскага раённага выканаўчага камітэта ад 25.03.1999 г. Першы дырэктар — Ігар Іванавіч Лізура. Першапачаткова размяшчаўся ў драўляным будынку (належаў аддзелу культуры) па вуліцы Кірава. Экспазіцыя музея падзялялася на 3 раздзелы:

  • першы — графіка з калекцыі А. Я. Белага (93 адзінкі). Работы былі падараваны ўладальнікам гораду, пры адкрыцці музея перададзены для экспанавання;
  • другі — жывапісныя палотны мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР І. Н. Стасевіча (103 адзінкі), перададзеныя ў музей блізкімі;
  • трэці — работы І. І. Лізуры разьбы па дрэве (каля 50 адзінак).

На момант адкрыцця штат музея складаўся з дырэктара і галоўнага захавальніка фондаў. З ліпеня 2001 г. музей размяшчаецца ў будынку Палаца культуры. На 2008 г. у музеі налічвалася каля 2500 адзінак захоўвання.

У фондах захоўваюцца дакументы, фотадакументы і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане, перадавікоў вытворчасці, дзеячаў літаратуры, навукі і мастацтва.

У перыяд з 2001 па 2011 гг. большая частка фондаў выкарыстоўвалася на часовай выставе па гісторыі Старадарожчыны, разгорнутай ў экспазіцыйнай зале музея. Тут працавалі тры раздзелы: Вялікай Айчыннай вайны, вайны ў Афганістане, этнаграфіі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Нягледзячы на тое, што музею ўжо 14 гадоў, пастаяннай экспазіцыі няма. Але супрацоўнікі вялі актыўную працу па выпраўленні становішча. Яны займаліся даследчай працай у архівах, музеях Мінска і Мінскай вобласці, у выніку чаго былі сабраны фота, фона- і дакументальныя матэрыялы рознай тэматыкі, у тым ліку матэрыялы для афармлення пастаяннай экспазіцыі «Гісторыя дарог і паштовай службы» (а менавіта: шэраг архіўных матэрыялаў, фотаздымкаў і дакументаў па гісторыі дарог і паштовай службы, узораў адзення і абутку, прылад працы і вырабаў каваля, рэчаў побыту). Каб здзейсніць задуму, музей у 2011 г. прыняў удзел у конкурсе грантаў у падтрымку найболей значных праектаў у вобласці культуры і мастацтва (які быў аб’яўлены Мінскім абласным выканаўчым камітэтам) і выйграў гэты конкурс. На рахунак музея паступіла грашовая сума ў памеры 85 млн беларускіх рублёў. Сумесна з Мінскім абласным краязнаўчым музеем былі распрацаваны навуковая канцэпцыя і тэматыка-экспазіцыйны план, якія зацверджаны Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь.

В. А. Макарчуком (мастак малога прадпрыемства «Цэнтр МАІР» г. Мінска) распрацаваны эскіз-макет музея, у якім прадугледжана пабудаваць экспазіцыю музея па тэматыка-ансамблевым прынцыпе ў выглядзе інтэр’ераў паштовай станцыі: карчмы, гасцявога пакоя, абозні і кузні. Гэта значыць, што наведвальнікі змогуць пабываць у трох залах. Першы ўяўляе сабой паштмайстарскую, дзе па задумцы аўтараў музейнай канцэпцыі на ўваходзе гасцей будзе сустракаць паштмайстар. Частку экспанатаў перадаў раённы вузел сувязі (паштовыя маркі, паштоўкі, сургучніцу і іншыя). Другая зала — гэта двор паштовай станцыі, кузня. У ім ужо ўсталявалі горан, кавальскія мяхі, хутка з’явіцца кавадла, калекцыя падкоў і іншых кованых вырабаў, адрэстаўраваная паштовая брычка, якая напэўна стане аб’ектам для фатаграфавання. Завершыцца экскурсія ў карчме.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]