Старажытнагрэчаская каланізацыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Грэчаскія полісы (чырвоным колерам) да IV ст. да н.э.

Вялікая грэчаская каланізацыя — маштабнае рассяленне старажытных грэкаў па берагах Міжземнага і Чорнага мораў на працягу трох стагоддзяў з сярэдзіны VIII стагоддзя да н.э.[1]

Дарыйцы і іанійцы распаўсюджваюцца па паўночным узбярэжжы Міжземнага мора, далей яны пасяляюцца і на Чорным моры.

Аднак грэкі не займаліся адкрыццём новых зямель, а ішлі ўжо пракладзенымі шляхамі фінікійцаў, выцясняючы папярэднікаў. Акрамя таго, яны не даследавалі новыя землі ўглыб, абмяжоўваючы сваю прысутнасць узбярэжжамі.

Палітычнае адзінства Грэцыі, якое існавала ў крыта-мікенскі перыяд, не было адноўлена. Мноства полісаў, што кантралявалі свае тэрыторыі, мелі самыя разнастайныя спосабы кіравання: тыранія, алігархія, тымакратыя і дэмакратыя.

Калоніі з'яўляліся перш за ўсё з прычыны абмежаванасці зямлі ў полісах кантынентальнай Грэцыі. У сваю чаргу, гэта было звязана як з ростам насельніцтва поліса, так і з існаваннем законаў, што забаранялі драбненне зямельнай уласнасці паміж некалькімі спадчыннікамі[2].

Боская санкцыя патрабавалася для любога сур'ёзнага дзяржаўнага прадпрыемства, але яна была асабліва неабходна пры заснаванні новага паселішча. Жыхары полісаў, якія вырашылі заснаваць калонію, як правіла, звярталіся да дэльфійскага аракула, жрацы якога традыцыйна паказвалі месца заснавання будучай калоніі, або давалі іншыя (часам — двухсэнсоўныя) указанні[3][4]. Такім чынам, верагодна, што кіраванне кірункам каланізацыі (але не самой каланізацыяй) мела цэнтралізаваны характар[5]. У той жа час, змяненне кірунку каланізацыі магло быць звязана і з варожасцю паміж дзвюма кааліцыямі полісаў у час Леланцкай вайны: Халкіда і Карынф, выцесніўшы сваіх праціўнікаў з арэны каланізацыі ў Сіцыліі, спрыялі фарміраванню новага кірунку старажытнагрэчаскай каланізацыі — на паўночны ўсход, у Мармуровае і Чорнае мора[6]. Вядома, што многія раннія калоніі ў гэтым кірунку выводзіліся менавіта праціўнікамі Халкіды і Карынфа[6].

Новыя землі каланізаваліся паступова — так, Карынф да ўсталявання там тыраніі спачатку заснаваў некалькі калоній па берагах Карынфскага заліва, затым — на астравах Іанічнага мора і толькі затым заснаваў Сіракузы ў Сіцыліі[7]. У перыяд кіравання ў Карынфе тыранаў каланізацыйная палітыка вызначалася са стратэгічных меркаванняў: акрамя рашэння традыцыйных для Грэцыі праблем недахопу зямлі для апрацоўкі і сыравіны, тыраны Карынфа ставілі перад сабой задачу забяспечыць сабе стратэгічнае панаванне ў заходнім кірунку. Выключэннем на фоне хвалі каланізацыі з'яўлялася кантынентальная Спарта. Спартанцы заснавалі адзіную калонію — Тарэнт у паўднёвай Італіі, аднак у далейшым аддалі перавагу вырашэнню праблем, агульных для ўсіх грэчаскіх полісаў у той час (недахоп зямлі і перанасяленне), шляхам заваяванняў новых зямель на Пелапанесе і змяненнем ладу свайго поліса.

Грэчаскі храм на Сіцыліі, прысвечаны Геры, пабудаваны ў 5-м стагоддзі да н.э.

Асноўнымі кірункамі грэчаскай каланізацыі былі «Вялікая Грэцыя» (Паўднёвая Італія), Сіцылія, берагі Чорнага мора, Усходняе Міжземнамор'е (Кіпр і паўднёвае ўзбярэжжа Малой Азіі), Кірэна, вусце Ніла ў Егіпце, паўночна-заходняя частка Міжземнамор'я. Гэтыя кірункі аб'ядноўваюцца ў тры групы: заходні (найбольш актыўны па колькасці заснаваных калоній), паўночна-ўсходні (другі па актыўнасці) і паўднёва-ўсходні і паўднёвы[8]. Часам здаралася, што каланістам не ўдавалася заснаваць калонію ў жаданым месцы, і яны былі вымушаны змяніць не толькі месца, але і сам рэгіён заснавання калоніі (напрыклад, каланісты з Эрэтрыі, якім не ўдалося заснаваць калонію на Керкіры, заснавалі калонію ў Фракіі[2]). У выпадку варожасці полісаў-метраполій менш моцны поліс мог быць вымушаны спыніць каланізацыю нават пры існаванні перадумоў для яе (напрыклад, Мегары доўгі час былі вымушаны абмяжоўвацца толькі адной калоніяй з прычыны процідзеянні сваіх праціўнікаў — Халкіды і Карынфа[9]). У каланізацыі ў VIII—VI стагоддзях удзельнічалі і полісы, якія самі не так даўно былі калоніямі, як напрыклад Мілет, які заснаваў да 90 калоній на берагах Чорнага мора[5]. Акрамя таго, удзельнічалі ў далейшай каланізацыі і полісы, заснаваныя непасрэдна ў перыяд Вялікай грэчаскай каланізацыі (напрыклад, Акрагант, заснаваны Гелай і калоніі Сіракузаў).

Большасць каланістаў складалі, як правіла, збяднелыя і малазямельныя грамадзяне, малодшыя сыны сямействаў, пераможаныя на палітычнай арэне, а таксама жыхары іншых полісаў[8]. Каланісты, якія ўдзельнічалі ў заснаванні новай калоніі, павінны былі аўтаматычна атрымаць зямлю для апрацоўкі і грамадзянства ў новым полісе[2]. Арганізацыяй заснавання калоніі займаўся абраны чалавек — ойкіст. Пры заснаванні калоніі з метраполіі перавозіўся агонь свяшчэннага ачага і выявы мясцовых багоў[5]. Жыхары калоній заўсёды захоўвалі цесныя сувязі з метраполіяй, аж да аказання дапамогі пры неабходнасці. Нягледзячы на гэта, калоніі першапачаткова ствараліся як самастойныя полісы[8], таму пры сутыкненні інтарэсаў метраполіі і калоніі абодва полісы маглі перайсці ад мірных дружалюбных і братэрскіх адносін да адкрытых канфліктаў адзін з адным, як напрыклад здарылася паміж Карынфам і Керкірай.

Стварэнне шматлікіх калоній садзейнічала развіццю гандлю, аж да таго, што некаторыя калоніі адмыслова ствараліся для забеспячэння стратэгічнага панавання метраполіі ў дадзеным раёне[7]. Калоніі экспартавалі ў кантынентальныя полісы збожжа (перш за ўсё з Вялікай Грэцыі і Прычарнамор'я) і медзь (Кіпр), у меншай ступені — віно, гэта значыць галоўным чынам гэта была сыравіна. У сваю чаргу, у калоніі экспартаваліся жалеза і вырабы з яго, а таксама шарсцяныя тканіны, кераміка і іншыя рамесныя тавары[5][8]. Першыя часы ў гандлі ўнутры грэчаскіх калоній лідыравала Эгіна, жыхары якой былі ўмелымі мараходамі, але неўзабаве яе пацяснілі Карынф і Халкіда, якія валодалі, у адрозненне ад Эгіны, вялікай колькасцю калоній. Толькі пасля іх першынство ў марскім гандлі перахапілі Афіны.

Дзякуючы калоніям грэчаскім полісам удалося ліквідаваць перанасяленне кантынентальнай Грэцыі, значна павялічыць аб'ём гандлю і стварыць перадумовы для панавання грэчаскіх гандляроў у Міжземнамор'і, а таксама пашырыць сферу распаўсюджання грэчаскай культуры. Лічыцца, што ўсяго за час каланізацыі было заснавана некалькі сотняў калоній, агульнае насельніцтва якіх складала 1,5 - 2 мільёна чалавек[8].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. http://www.ancienthistory.spb.ru/book/11-34kolon/
  2. 2,0 2,1 2,2 Л. А. Пальцева — Лелантская война и начало колонизации / Из истории архаической Греции: Мегары и мегарские колонии — СПб., 1999
  3. Абмеркаванне ролі Дэльфаў у грэчаскай каланізацыі гл. ва У. Дж. Форэста ў яго раздзеле пра архаічныя Дэльфы ў кнізе: Кембриджская история древнего мира. Т. III, ч. 3: Расширение греческого мира. М., 2007. С. 362—381.
  4. Гл. таксама: Л. А. Пальцева — Дельфийский оракул и колонизация / Из истории архаической Греции: Мегары и мегарские колонии — СПб., 1999
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 Куманецкий, К. — История культуры Древней Греции и Рима. — М.:"Высшая школа", 1990
  6. 6,0 6,1 Л. А. Пальцева — Основание Астака / Из истории архаической Греции: Мегары и мегарские колонии — СПб., 1999
  7. 7,0 7,1 Жестоканов С. М. Колонизационная политика коринфских тиранов // Вестник СПбГУ. Сер. 2, 1996, вып. 2 (№ 9)
  8. 8,0 8,1 8,2 8,3 8,4 История Древней Греции. Учебник под ред. В. И. Кузищина. — Москва, 1996
  9. Л. А. Пальцева — Мегаряне в Сицилии / Из истории архаической Греции: Мегары и мегарские колонии — СПб., 1999

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Старажытная Грэцыя ў тэмах

Kpdf bookish.svg У гэтым артыкуле не прастаўленыя тэматычныя катэгорыі.
Вы можаце дапамагчы Вікіпедыі, стварыць або знайсці катэгорыі і дадаць іх.