Старосцінская Слабада

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Старосцінская Слабада, Траецкае прадмесце і Высокі Рынак, 1863 г.

Старос́цінская Слабада́, прадмесце Старосцінская Слабада — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная ў паўночнай частцы горада, паміж Старажоўскімі могілкамі і рэчышчам Свіслачы.

На паўднёвым захадзе ад Старосцінскай Слабады месціцца Татарская Слабада, на паўночным захадзе — прадмесце Людамонт, на паўночным усходзе — Старажоўка, на паўднёвым усходзе — Траецкае прадмесце[1][2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Наверсе здымка: Людамонт (налева) і Старосцінская Слабада (направа), 1941 г.

У часы Вялікага Княства Літоўскага мясцовасць, верагодна, была дзяржаўным маёнткам, які складаў кармленне менскага старосты, што ўзначальваў мясцовы гродскі суд. Гэтая версія паходжання назвы пацвярджаецца тым, што аднайменная з прадмесцем вуліца патрапіла да спісу «нерасійскіх» (г. зн. немаскоўскіх) тапонімаў, якія расійскія ўлады перайменавалі ў 1866 годзе. Старосцінская Слабада атрымала назву Старой Слабады, але старая назва яшчэ доўга не саступала месца наватвору, часта сустракалася нават у афіцыйных дакументах[3].

У пачатку XX ст. Старосцінская Слабада ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзіла Міхайлаўская, Стараслабадская, Маладзечанская і Радашкоўская вуліцы[1][4].

На месцы малапавярховай забудовы Старосцінскай Слабады цяпер размяшчаецца шматкватэрны будынак

Вуліца Стараслабадская праіснавала да сярэдзіны 1980-х, калі на яе месцы быў пабудаваны велізарны белы гмах з крамай «Панарама».

На пасяджэнні 6 мая 2009 года Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц і іншых частак Мінска прыняла рашэнне па наданні безыменнай паркавай зоне ў складзе ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый уздоўж ракі Свіслач, у межах вул. Камуністычнаявул. Старажоўская — рака Свіслач назвы «Старосцінская слабада»[5].

Старыя адрасы[правіць | правіць зыходнік]

  • Міхайлаўская, 2. Дом Каўфмана. Другое вышэйшае пачатковае вучылішча. Адкрылася 1 ліпеня 1905 года, як гарадское чатырохкласнае. У 1907 годзе атрымала дазвол на выкладанне замежнай мовы. 1 студзеня 1913 года была ператвораная ў вышэйшае пачатковае вучылішча, пераехала на Койданаўскую вуліцу. Першы будынак вучылішча месціўся ў прырэчнай частцы цяперашняй Камуністычнай вуліцы[6].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  2. «Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 550—551
  3. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 223—224
  4. Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  5. Аб прысваенні найменаванняў безназоўным скверам і запраектаванаму парку г. Мінска
  6. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 274

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]