Стары будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Стары будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
53°54′14″ пн. ш. 27°33′44″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктар Георгій Міхайлавіч Бенядзіктаў і Георгій Уладзіміравіч Заборскі
Дата пабудовы 1966 год
Дата скасавання 2014
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Стары будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — будынак у Мінску, які размяшчаўся на Кастрычніцкай плошчы, па адрасе праспект Незалежнасці, 25а[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Праект Гісторыка-краязнаўчага музея і Беларускай дзяржаўнай філармоніі
Праект Гісторыка-краязнаўчага музея і Беларускай дзяржаўнай філармоніі

Першапачаткова будынак па па праекце архітэктараў Г. Бенядзіктава і Г. Заборскага прызначаўся для размяшчэння Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Гісторыка-краязнаўчага музея БССР. 7 лістапада 1964 г. ЦК КПБ прыняў пастанову аб адкрыцці ў Мінску Дзяржаўнага музея БССР. 12 лістапада таго ж года кіраўнік Арггрупы музея Станіслаў Сапешка ва ўрачыстай абстаноўцы атрымаў ключы ад новага будынка, пасля чаго ў ім пачаўся мантаж экспазіцыі. На першым паверсе меркавалася размясціць аддзел прыроды, на другім і трэцім — аддзел гісторыі Беларусі[2]. У сціслыя тэрміны ў новым будынку была разгорнута юбілейная выстава «900 год Мінску», прыходзілі да завяршэння мантажныя работы ў аддзеле прыроды[2].

У лістападзе 1965 г. пастановай ЦК КПБ працы былі спынены, усе экспанаты гістарычнага музея перавезены ў дарэвалюцыйны будынак былога банка па вул. Карла Маркса, 12, які ў той час займаў Белдзяржмузей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а апошні заняў новы будынак Дзяржаўнага музея БССР[2]. Яшчэ раней музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся ў памяшканні Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды[1]. Новы будынак скончаны ў 1966 годзе[1].

У выніку новую гістарычную экспазіцыю давялося манціраваць на плошчы ў тры разы меншай, чым папярэдняя, а аддзел прыроды знайшоў прытулак у падвальным памяшканні[2].

Уладзімір Караткевіч у студзені 1966 года зрабіў у дзённіку наступны запіс[2]:

" А тут яшчэ дзікая справа з музеем. Усе нашы намаганні пайшлі дымам. А было так. Пабудавалі цудоўны будынак для гісторыка-краязнаўчага музея. 4300 кв.м. карыснай плошчы і яшчэ два паверхі для музейных фондаў і майстэрань. І тут адна асоба, з'явіўшыся ў музей Айчыннай вайны, з абурэннем заўважыла, што няма яе партрэта. Апраўдваючыся, супрацоўнікі сказалі аб цеснаце. Між тым, музей меў 1300 кв.м., цалкам добра. І вось на пачатку снежня стала вядома, што ў верхніх інстанцыях абмяркоўваецца пытанне аб тым, каб музеі памяняць месцамі… Супрацоўнікі ўзнялі трывогу, пісалі лісты, літаральна білі ў набат. Таму што гэта была катастрофа. Для фондаў музея айчыннай вайны не трэба і трох пакояў. Для іх экспазіцыі ў новым будынку хапае аднаго паверха, а два ніжнія паверхі для фондаў будуць пуставаць. Між тым, калі гістарычнаму музея аддадуць будынак музея Айчыннай вайны — яны будуць задыхацца ў цеснаце… "

Караткевіч спачатку не назваў імя асобы, але пазней у яго дзённіку імя верагоднага віноўніка ўсё ж з’яўляецца[2]:

" І пасля гэту справу правялі цішком, у таямніцы ад супрацоўнікаў. Тыя прыйшлі на работу — ім сказалі: ідзіце дадому. Наступнага дня быў загад: спыніць экспазіцыю. Даведаліся, што прыяжджаў Машэраў. Ён, відаць, і аддаў загад… І вось нядаўна афіцыйная пастанова. „З мэтай увекавечання“… Паколькі верхні паверх будзе пуставаць, там зробяць „Галерэю партызанскіх герояў“… Адна рэспубліка з 15 не мае свайго гісторыка-краязнаўчага музея. І не будзе яго мець пры цяперашняй палітыцы… Словам, буйнейшая навуковая ўстанова пасля акадэміі, вялікі навукова-метадычны цэнтр, магчымая слава наша — ляснулі. "

У 2010—2013 гадах на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава пабудаваны новы будынак музея. У 2014 годзе стары будынак быў знесены, у 2016 годзе было вырашана пабудаваць на яго месцы бізнес-цэнтр «БК Капітал Палас»[3].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Вітраж «Вайна», мастакі І. Рэй і І. Эйдэльман. 1967
«Вялікая Айчынная вайна. 1944 год», мастак Міхаіл Савіцкі. 1971

Будынак музея арыентаваны галоўным фасадам на адну з асноўных плошчаў горада Кастрычніцкую, вылучаўся лаканізмам, строгай пластыкай і выразным рытмам чляненняў. Кампазіцыйны акцэнт быў зроблены на вуглавым вырашэнні Г-падобнага ў плане трохпавярховага будынка. У вуглавой частцы галоўнага фасада размяшчаўся ўваход, да якога вяла адкрытая трохбаковая лесвіца. Партал уваходу быў выкананы ў строгіх геаметрычных формах, што надавала яму ўрачыстасць і манументальнасць, адпаведную прызначэнню будынка. Астатняя частка фасада рытмічна падзелена шэрагам шырокіх вертыкальных прасценкаў. Інтэрвалы паміж імі расчлянёны дадатковымі вузкімі рэбрамі, якія ўзбагачалі пластыку фасада. Рытмічныя чляненні аб’ядноўвала даволі высокая сценка, якая завяршала фасад. Бакавы фасад меў больш свабодную пластычную структуру, якая адпавядала ўнутранай планіроўцы. Дваровыя фасады без дэкаратыўнага афармлення[1].

У вуглавой частцы будынка быў размешчаны вялікі двухсветлавы вестыбюль з антрэсольным паверхам, абкружаным магутнай каланадай. На яго вяла трохмаршавая лесвіца, асветленая вялізным акном з тэматычным вітражом. Планіроўка падоўжанага крыла, дзе размяшчалася асноўная экспазіцыя музея, анфіладная. У кароткім крыле знаходзіліся кіна- і выставачныя залы, службовыя памяшканні. Гардэробы і іншыя дапаможныя памяшканні — у цокальным паверсе. У афармленні інтэр’ераў былі выкарыстаны прыродны камень, фактурная тынкоўка, дрэва, метал, тэматычныя размалёўкі[1].

Тарэц другога і трэцяга паверхаў займала манументальная жывапісная кампазіцыя «Вялікая Айчынная вайна. 1944 год» (1971 г., мастак Міхаіл Савіцкі; сінтэтычная тэмпера, эргаліт; Дзяржаўная прэмія СССР 1973 г.). Кампазіцыя пабудавана па складанай дынаміцы накіраваных углыбіню і набягаючых кругавых рытмаў, якія сюжэтна можна вызначыць як «Круг фронту», «Круг тылу» і «Круг жыцця, што адраджаецца». Цэнтрам кампазіцыі, яе сэнсавым і драматычным ядром з’яўляецца выява групы жанчын ў жалобе, якія ўвасабляюць боль па загінуўшых, надзею па перамогу, працяг жыцця[1].

Экспазіцыя і фонды[правіць | правіць зыходнік]

Ваенная тэхніка на двары музея

У экспазіцыйных залах і фондах старога музея знаходзіліся звыш 120 экспанатаў, сярод іх — сцягі савецкіх воінскіх часцей і злучэнняў, партызанскіх брыгад і атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, зброя партызан — самаробныя пушкі, аўтаматы, міны, гранатамёты, абсталяванне партызанскіх майстэрняў і друкарняў, падпольны друк (газеты, у т. л. «Звязда», «баявыя лісткі», лістоўкі, рукапісныя часопісы) партыйных і камсамольскіх арганізацый, ваенныя трафеі, прабітыя кулямі ў баях партыйныя і камсамольскія білеты савецкіх воінаў і партызан, іх амуніцыя, імянная зброя, карты, пісьмы і інш. Экспанаваліся творы жывапісу, скульптуры, дыярамы і макеты («Мінскі кацёл», фашысцкі лагер смерці Малы Трасцянец і інш.), электрафікаваныя карты[1].

У экспазіцыі музея адлюстраваны баявыя справы падпольных партыйных і камсамольскіх органаў, якія дзейнічалі на акупіраванай гітлераўцамі тэрыторыі Беларусі, увекавечаны імёны Герояў Савецкага Саюза: воінаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, воінаў, якія вызначыліся ў баях на беларускай зямлі, беларускіх партызан, поўныя кавалеры ордэнаў Славы — ураджэнцаў Беларусі. У мемарыяльных залах пералічапы 987 вайсковых фарміраванняў, якія вызначыліся ў баях за вызваленне Беларусі, падпольныя абкамы, міжрайкамы, гаркамы і райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады і асобна дзеючыя атрады[1].

Матэрыялы і дакументы музея згрупаваны па тэматычных раздзелах: падзеі па франтах у першы перыяд вайны (чэрвень 1941 г.— лістапад 1942 г.), у т. л. ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў 1941 г., абарона Брэсцкай крэпасці-героя і гарадоў-герояў; акупацыйны рэжым і злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларусі, партызанскі рух у першы перыяд вайны і дзейнасць падпольных камуністычных арганізацый на тэрыторыі Беларусі; працоўны подзвіг савецкага народа; падзеі на франтах у перыяд карэннага пералому ў ходзе вайны (лістапад 1942—1943 гг.); усенародная партызанская вайна ў Беларусі ў 1943—44 гг., у т. л. партызанскія краі і зоны, «рэйкавая вайна»; падзеі на франтах у трэці перыяд вайны 1944—45 гг., Беларуская аперацыя 1944 г., вызваленчая місія Чырвонай Арміі, разгром фашысцкай Германіі; паражэнне і капітуляцыя мілітарысцкай Японіі; мемарыяльныя залы. На трэцім паверсе знаходзілася зала, у якой экспануецца серыя карцін М. Савіцкага «Лічбы на сэрцы» — аб зверствах фашыстаў у 2-ю сусветную вайну[1].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]