Стары горад (Вільнюс)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Стары горад, Вільня)
Гістарычны цэнтр Вільнюса*
Vilnius Historic Center**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА
Краіна Сцяг Літвы Літва
Тып Культурны
Крытэрыі ii, iv
Спасылка 541
Рэгіён*** Еўропа і Паўночная Амерыка
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 1994  (18-я сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА
Сянюнія Сянаміесціс

Ста́ры го́рад (літ.: Vilniaus Senamiestis, польск.: Stare Miasto w Wilnie) — раён Вільнюса, найстарэйшая частка горада на левым беразе ракі Нярыс (Вілія, літ.: Neris) на поўдзень ад Замкавай гары з вежай Гедзіміна і захаванай Кафедральнай плошчы з Кафедральным саборам.

Адзін з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе ўрбаністычных комплексаў, якія фармаваліся пачынаючы са Сярэднявечча. Займае плошчу 3,59 км². Ахоплівае 74 квартала з 70 вуліцамі і завулкамі, 1 487 будынкамі з агульнай плошчай памяшканняў 1 497 000 м².

Вільня. «Атлас Гарадоў Зямнога Свету» (Civitates Orbis Terrarum) Георга Браўна і Франса Гогенберга (1576)

Найстарэйшая частка сталіцы Літвы фарміравалася на працягу стагоддзяў, захоўваючы ў сабе гісторыю горада і розныя культурныя ўплывы. Будынкі і элементы, якія адносяцца да розных архітэктурных стыляў (готыка, рэнесанс, барока, класіцызм, украпіны мадэрну), у Старым горадзе суседнічаюць і ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго. У Старым горадзе размяшчаюцца каталіцкія, лютэранскія і праваслаўныя храмы, музеі, навучальныя ўстановы і жылыя дамы, гасцініцы і крамы, будынкі якіх з'яўляюцца помнікамі культуры і архітэктуры.

ЮНЕСКА, прызнаючы ўніверсальную каштоўнасць і арыгінальнасць Старога горада, у 1994 годзе ўнесла яго ў Спіс Сусветнай культурнай спадчыны.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

У Старым горадзе размешчаны Замкавая гара з вежай Гедзіміна, якая захавалася ад умацаванняў Верхняга замка. У вежы з 1960 года дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная гісторыі горада. Наверсе створана аглядная пляцоўка, з якой адкрываецца панарама Старога горада і даліны ракі Віліі.

У падножжа Замкавай гары знаходзіцца Кафедральная плошча з помнікам князю Гедзіміну, Кафедральным саборам Святога Станіслава і званіцай. Побач з саборам размешчаны Палац вялікіх князёў літоўскіх (Палац кіраўнікоў), які аднаўляўся з 2002 года. 6 ліпеня 2009 года пры ўдзеле кіраўнікоў 15 дзяржаў адбылося сімвалічнае адкрыццё адноўленага, але не да канца завершанага палаца. 6 ліпеня 2013 года для наведвальнікаў адкрыліся два з чатырох карпусоў Нацыянальнага музея Палаца вялікіх князёў літоўскіх.[1][2]

Ад Кафедральнай плошчы да лукавіны ракі Нярыс цэнтр горада з усходу на захад перасякае праспект Гедзіміна (Gedimino prospektas; у XIX стагоддзі — Георгіеўскі праспект, пасля Першай сусветнай вайны — праспект Міцкевіча, пасля Другой сусветнай вайны — Сталіна, затым — Леніна). Частка яго разам са старажытнымі вуліцамі Татору (Татарская, Totorių), Адзміню (Odminių), Вільняўс (Віленская, Vilniaus), што прылягаюць да яго, уваходзіць у межы Старога горада.

Непадалёк ад Кафедральнай плошчы знаходзіцца плошча С. ДаўкантасаXIX стагоддзі — Палацавая плошча, затым — плошча Мураўёва, у міжваенныя гады — плошча Напалеона, пасля Другой сусветнай вайны — плошча Кутузава), утвараная парадным фасадам прэзідэнцкага палаца, фасадам палаца дэ Рэусаў (Шуазеляў), касцёлам Святога Крыжа (баніфратаў) і карпусамі Віленскага ўніверсітэта. Ад універсітэта і Прэзідэнтуры вузкай вуліцай Унівярсіцята (Універсітэцкая, літ.: Universiteto) можна прайсці да скрыжавання вуліц Швянта Ёна (Святаянская, літ.: Švento Jono), Шварца (літ.: Švarco), Гаона (літ.: Gaono) і Дамінікону (Дамініканская, літ.: Dominikonų), з помнікамі розных эпох.

Ад Кафедральнай плошчы да Ратушнай плошчы і далей да брамы былой гарадской сцяны вядуць старажытная вуліца Піліес (Замкавая, Pilies), яе працяг вуліца Дзіджойі (Вялікая, Didžioji) і вуліца Аўшрос Варту (Вастрабрамская, Aušros Vartų).

Вуліца Піліес (Замкавая) уначы

Піліес (Замкавая), як і раней, застаецца галоўнай артэрыяй Старога горада з вялікай колькасцю кафэ, музеяў і галерэй і крамамі з сувенірамі. Па левым боку за аркай, якая злучае вуглавыя дамы, пачынаецца вузкая выгнутая вуліца Бярнардзіну (Бернадзінская, Bernardinų gatvė, Zaułek Bernardyński; у савецкі час Піліес, Pilies). Яна вядзе да касцёлаў Святога Міхаіла, Святой Ганны і бернардзінскага касцёла Святога Францыска Асізскага з кляштаром францысканцаў. Непадалёк ад касцёлаў Святой Ганны і Святога Францыска Асізскага знаходзіцца помнік паэту Адаму Міцкевічу. Маставая Бярнардзіну з чырвонай цэглы нагадвае паркет. Абапал вуліцы стаяць старадаўнія двухпавярховыя жылыя дамы, частка з якіх маюць цалкам глухія гладкія сцены, які кантрастуюць з новымі перспектывамі, якія адкрываюцца што ні крок, з разнастайнымі схіламі чарапічных дахаў, барочнымі парталамі і будынкамі на далёкіх планах.

Палац Лапацінскіх (Алізараў)

На рагу вуліц Бярнардзіну (Бернардзінская) і Шылтадаржа (Аранжарэйная, Šiltadaržio gatvė, дом 8) размяшчаецца былы палац графаў Алізараў. Ён быў набыты ў 1762 годзе М. Лапацінскім і рэканструяваны па праекце архітэктара Іагана Крыштофа Глаўбіца Працы выконваліся спачатку архітэктарам Андрысам (памёр у 1765 годзе), затым Фрэзерам. У двухпавярховага будынка пад высокім чарапічным дахам ніжні паверх пакрыты серай, верхні — больш цёмнай фактурнай тынкоўкай, на якіх кантрастна вылучаюцца белыя ліштвы вокнаў і іншыя архітэктурныя дэталі. Фасад па лініі вуліцы Бярнардзіну (Бернардзінская) мае невялікі выгін. У другой палове XIX стагоддзя дом належаў Завадскім — сямейству кнігавыдаўцоў і кнігагандляроў. Цяпер у палацы Алізараў (Лапацінскіх) размяшчаецца гатэль.

Насупраць яго знаходзіцца дом, у якім у 1822 годзе жыў паэт Адам Міцкевіч, пасля вяртання з Коўна. Тут ён скончыў і рыхтаваў да выдання сваю паэму «Гражына» „Grażyna“. Над брамай, якая вядзе на панадворак, усталявана мемарыяльная табліца з лаканічным надпісам. У трох пакоях былой кватэры Міцкевіча размяшчаецца мемарыяльны музей, які належыць Віленскаму ўніверсітэту.

Касцёл Святых Янаў са званіцай

Квартал Старога горада паміж вуліцамі Піліес (Замкавая), якія адыходзяць ад яе направа вуліцамі Скапа (Станіслава Скопы, Skapo gatvė) і Швянта Ёна (Святаянская) і вуліцай Унівярсіцята (Універсітэцкая) займае ансамбль Віленскага ўніверсітэта, які фарміраваўся пачынаючы з 1570 года і складаецца з будынкаў у некалькі карпусоў, якія ўтвараюць трынаццаць дворыкаў, у тым ліку і касцёл Святых Янаў са званіцай, якая ўзвышаецца на 68 м (з крыжам[3]).

Да ратушы і трохвугольнай формы Ратушнай плошчы, старога цэнтра горада, выходзяць, апроч Дзіджойі (Вялікая), вуліцы Сціклю (Шкляная, Stiklių), Вакіечу (Нямецкая, Vokiečių), Рудзінінку (Рудніцкая, Rūdininkų), Арклю (Arklių), Савічаўс (Савіча, Savičiaus, у савецкі час Ю. Віта).

На плошчы размешчана ратуша ў стылі класіцызму. Непадалёк ад ратушы знаходзіцца езуіцкі касцёл Святога Казіміра, які з XVII стагоддзя неаднаразова перабудоўваўся. На вуліцу Аўшрос Варту (Вастрабрамскую) выходзяць базыльянскі касцёл і манастыр Святой Тройцы і праваслаўны Свята-Духаў манастыр з мошчамі святых віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія; вуліца вядзе да барочнага касцёла Святой Тэрэзы, захаванай гарадской Вострай брамы з капліцай і цудатворнай іконай Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці — Апякункі Беларусі і Літвы.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Палац кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага. Vilnius tourism. Вільнюскі інфармацыйны турыстычны цэнтр (28 сакавіка 2013). Праверана 29 снежня 2013.
  2. Найважнейшыя даты. Нацыянальны музей Палац вялікіх князёў літоўскіх. Nacionalinis muziejus Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės valdovų rūmai (27 жніўня 2013). Праверана 29 снежня 2013.
  3. Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. 1: Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. P. 542 (літ.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • А. Папшис. Вильнюс. Вильнюс: Минтис, 1977.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]