Перайсці да зместу

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Першы аркуш III Статута Вялікага Княства Літоўскага. Выданне друкарні Мамонічаў, 1588 г.

Стату́т Вялі́кага Кня́ства Літо́ўскага 1588 го́да, таксама вядомы як Трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў феадальнага права, які канчаткова завяршыў кадыфікацыю права ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Праз увесь Статут праводзіцца ідэя ўмацавання прававога парадку, пры якім усе дзяржаўныя органы і службовыя асобы мусяць дзейнічаць толькі ў адпаведнасці з законам[1]. Даследчыкі адзначаюць, што па сваёй юрыдычнай дасканаласці і лагічнай завершанасці гэтаму зводу законаў на той момант не было роўных у тагачаснай Еўропе[2].

Дакумент дзейнічаў з 1589 года. Пасля анексіі тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага Ра Расійскай імперыяй ён працягваў выкарыстоўвацца ў Віцебскай і Магілёўскай губернях да 1831 года. У Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губернях Статут захоўваў юрыдычную моц ажно да 1840 года[3].

Гісторыя падрыхтоўкі

[правіць | правіць зыходнік]
III Статут Вялікага Княства Літоўскага (Гадуцішкі, 1595 г.), напісаны на старабеларускай мове лацінкай

Пасля таго як быў прыняты Другі Статут Вялікага Княства Літоўскага, кадыфікацыйная работа не спынілася. Ужо на Берасцейскім сойме 1566 года было папраўлена некалькі артыкулаў. Праз два гады Гарадзенскі сойм унёс папраўкі ў некаторыя палажэнні і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення зводу была абрана і на Люблінскім сойме 1569 года. Кіравалі камісіяй складальнікаў канцлер Астафій Валовіч і падканцлер Леў Сапега. Асноўнымі крыніцамі для распрацоўкі Статута 1588 года сталі папярэднія Статуты ВКЛ 1529 і 1566 гадоў, соймавыя пастановы 1573, 1578 (гл. Паправы статутовыя 1578), 1580 і 1584 гадоў, прывілеі, а таксама пастановы павятовых соймікаў[4].

Да канца 1584 года праца над дакументам была завершана, аднак у сувязі з тым, што ён ігнараваў палажэнні акта Люблінскай уніі 1569 года, прадстаўнікі Польскага Каралеўства не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць велікакняжацкі трон і лаяльнасць эліт ВКЛ, манарх Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут сваім уласным прывілеем 28 студзеня 1588 года[4].

Асноўны цяжар арганізацыі друку і фінансавання ўзяў на сябе Леў Сапега. Дзяржаўны дзеяч выдаткаваў на выпуск кнігі ўласныя сродкі, прычым, як адзначаюць даследчыкі, ён выдаткаваў «так многа, колькі было неабходна»[5][6].

Змест і структура

[правіць | правіць зыходнік]
Старонка з дзяржаўным гербам «Пагоня»

Трэці Статут адзначаецца высокім тэарэтычным узроўнем падрыхтоўкі. Ён уключыў нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не сустракалася ў заканадаўчай практыцы іншых еўрапейскіх дзяржаў. Дакумент абагульніў тагачасныя дзяржаўна-прававыя ідэі, некаторыя з якіх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне перадавая тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь і адміністрацыйны апарат) і судовую (Галоўны Трыбунал, земскія і падкаморскія суды, якія былі выбарнымі і цалкам незалежнымі ад адміністрацыі)[4].

Звод складаецца з 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1—4-м раздзелах змешчаны нормы дзяржаўнага права і судовага ладу, у 5—10-м і часткова ў 13-м — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11—12, 14-м і часткова ў 13-м — крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці былі юрыдычна замацаваны ў артыкуле 3 раздзела 3, паводле якога вялікаму князю і ўсім дзяржаўным органам прадпісвалася забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысціянскай веры. Ідэі гуманізму адбіліся і на нормах крымінальнага і цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры ахвоце свабодна выехаць за граніцу, калі гэта рабілася не на шкоду ўласнай краіне[4].

Статут юрыдычна замацаваў фактычную адасобленасць Вялікага Княства Літоўскага ад Каралеўства Польскага ў федэрацыйных рамках Рэчы Паспалітай. У прыватнасці, закон вызначаў самастойнасць дзяржаўных устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў. Характэрна, што ў Статуце акт Люблінскай уніі не ўпамінаецца, але пры гэтым замацоўваецца праграма аднаўлення ранейшых граніц дзяржавы[7]. Дакумент таксама строга прадугледжваў, што атрымліваць маёнткі і займаць духоўныя і дзяржаўныя пасады маглі толькі мясцовыя ўраджэнцы і ні ў якім разе «чужаземцы», «загранічнікі» ці «суседзі»[4].

Уладаром дзяржавы прызнаваўся вялікі князь, які ў Статуце называўся гаспадаром. Але многія ягоныя паўнамоцтвы істотна абмяжоўваліся: выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма і вышэйшых дзяржаўных службовых асоб. Закон замацоўваў наяўнасць феадалаў і залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі і маёнткі, а таксама адбіраць іх, нягледзячы на даўнасць уладання (раздзел 3, артыкул 10). Статут рэгламентаваў таксама некаторыя правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этнічных груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і ўзмацняў іх прывілеяванае становішча, канчаткова запрыгоніўшы сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў крымінальную адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі могуць браць удзел у абранні гаспадара (раздзел 3, артыкул 2), аднак на практыцы простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у палітычным жыцці абмяжоўваўся выключна мясцовымі валаснымі справамі[4].

Гісторыя выданняў і перакладаў

[правіць | правіць зыходнік]
Адварот тытульнага аркуша з партрэтам вялікага князя Жыгімонта Вазы і гаспадарскім лістом на друк

Упершыню Статут выйшаў з друку ў 1588 годзе ў віленскай друкарні Мамонічаў на афіцыйнай старабеларускай мове. Пазнейшае выданне двойчы паўтаралася (каля 1592—1593 гадоў і каля 1600 года), але абодва разы яно выходзіла з першапачатковай выхадной датай «1588 год»[8].

Тытульны аркуш Статута 1588 года, выдадзенага ў 1614 годзе на польскай мове

З цягам часу, з-за пашырэння польскай мовы ў справаводстве, узнікла неабходнасць у перакладах. У 1614, 1619 і каля 1623 года (з датай «1619 год») Лявон Мамоніч выдаў Статут на польскай мове. У 1648 годзе Статут на польскай мове надрукаваў у Варшаве каралеўскі друкар Пётр Элерт[9].

Наступныя польскамоўныя выданні выходзілі ў Акадэмічнай друкарні езуітаў у Вільні ў 1693, 1744 і 1786 гадах. Чацвёртае выданне 1693 года мела цікавую ідэалагічную асаблівасць: на яго тытульным аркушы першае (мамоніцкае) выданне Статута 1588 года было памылкова названа «кракаўскім». Даследчыкі мяркуюць, што гэта магло быць зроблена як з фармальных прычын (менавіта ў Кракаве Жыгімонт III падпісаў прывілей на выданне), так і з мэтай наўмыснага «адлучэння» гэтага «рускага» інтэлектуальнага прадукту ад сталічнай Вільні[10]. Акрамя таго, выданне Акадэмічнай друкарні 1780 года разглядалася сучаснікамі як важны палітычны крок і ўдар па канкурэнтах з ордэна піяраў, якія перад гэтым купілі варшаўскую друкарню Элерта і спрабавалі манапалізаваць права на выпуск урадавых пастаноў[11].

У 1811 годзе Статут у перакладзе на польскую і рускую мову выдалі ў Санкт-Пецярбургу, а ў 1854 годзе — у Маскве на старабеларускай мове[4].

Увогуле ў XVII—XIX стагоддзях дакумент неаднаразова перакладаўся на польскую, лацінскую, ўкраінскую, нямецкую, французскую і рускую мовы[12][13]. Статут выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы XVI стагоддзя прускага права, пры складанні Саборнага ўлажэння (1649 год) у Маскоўскай дзяржаве, а таксама для афіцыйна незацверджаных зборнікаў «Права за якими судится малороссийский народ» (другая чвэрць XVIII ст.) і «Суд и разправка в правах малороссийских» (1750—1758 гады). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі і Эстоніі ён ужываўся як дадатковая крыніца права, а ва Украіне быў галоўным пісьмовым зводам дзейнага права (пераважна ў рэдакцыі 1614 года)[14].

У 1989 годзе выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» падрыхтавала комплекснае выданне, прысвечанае III Статуту Вялікага Княства Літоўскага, з нагоды яго 400-годдзя. Яно стала першай у Беларусі поўнай публікацыяй Статута. Выданне ўключае нарыс «Сацыяльна-гістарычныя ўмовы ўзнікнення Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г.», факсімільнае ўзнаўленне арыгінальнага тэксту і яго пераклад на рускую мову. Акрамя таго, кніга ўтрымлівае энцыклапедычны даведнік з 820 артыкулаў, паартыкульны каментарый, тэрміналагічны і імянны паказальнікі. Асноўная частка матэрыялаў даведніка расказвае пра тагачасны адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел ВКЛ, катэгорыі насельніцтва, станы, ураднікаў і ўрады, судовы лад і сістэму пакаранняў[15].

Выкарыстанне і захаваныя асобнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Паколькі Статут з'яўляўся асноўным практычным даведнікам для юрыстаў і чыноўнікаў, кніга каштавала вельмі дорага. У XVII стагоддзі пераплётны паасобнік Статута ВКЛ ацэньваўся ў 7 злотых і 15 грошай, што рабіла яго каштоўным набыткам для любой прыватнай ці ўрадавай бібліятэкі[16]. Вельмі часта для зручнасці карыстання ўласнікі і майстры-інтралігатары перапляталі тэкст Статута пад адной вокладкай з тэкстам Трыбунала 1586 года.

Пасля панавання Расійскай імперыі і СССР на тэрыторыі Беларусі доўгі час не заставалася ніводнага арыгінальнага выдання Статута на старабеларускай мове. Асобнікі найбольш масавага выдання 1594—1595 гадоў размеркаваліся па розных краінах наступным чынам: Расія (11), Польшча (6), Літва (6), Украіна (5), Вялікабрытанія (1)[17][18].

У 2012 годзе дзякуючы прыватным ахвяраванням адзін з асобнікаў быў выкуплены з расійскага аўкцыёну і вернуты ў Беларусь. 7 чэрвеня 2012 года асобнік Статута выдання 1594—1595 гадоў урачыста перадалі ў Музей гісторыі Магілёва. Яго набылі за 45 000 долараў ва ўласніка маскоўскай антыкварнай крамы, які выставіў кнігу на электронны аўкцыён. На прапанову студэнта 2-га курса гістарычнага факультэта БДУ Андрэя Радкова, які першым заўважыў абвестку пра аўкцыён у інтэрнэце, дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў абвясціў збор сродкаў і сабраў 15 000 долараў ахвяраванняў. З іх 100 000 расійскіх рублёў ахвяраваў маскоўскі беларус Павал Бераговіч. Каб сабраць астатнюю суму, намеснік старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Дубкоў разаслаў лісты кіраўнікам камерцыйных банкаў з просьбай дапамагчы музею. У адказ на зварот кампанія «Альпары» ахвяравала яшчэ 30 000 долараў, неабходных для канчатковага выкупу рарытэта[19].

  1. Юхо Я. Калі была створана першая беларуская канстытуцыя? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Мінск, 1993. С. 25.
  2. Юхо Я. Калі была створана першая беларуская канстытуцыя? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Мінск, 1993. С. 26.
  3. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 633. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  4. 1 2 3 4 5 6 7 Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мн., 1989.
  5. Нікалаеў 2009, с. 213.
  6. Лаппо И. И. Литовский Статут 1588 года. Т. 1, ч. 1. Каунас, 1934. С. 439.
  7. Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. — Мінск, 1991.
  8. Нікалаеў 2009, с. 154.
  9. Нікалаеў 2009, с. 155.
  10. Нікалаеў 2009, с. 302.
  11. Нікалаеў 2009, с. 321.
  12. Лаппо И. Литовскій статутъ въ Московскомъ переводѣ-редакціи XVII столѣтія(руск.) // Журналъ Министерства народнаго просвещенія : часопіс. — С.-Петербургъ: Сенатская типографія, 1914 февраль. — Т. Новая серія. XLIX. — С. 209—235.
  13. 2437. — Ноября 17 (1828). Высочайше утвержденное положеніе Комитета Министровъ— Объ учиненіи перевода Литовскаго Статута на Россійскій языкъ съ Бѣлорусскаго изданія 1588 года, и о напечатаніи сего Статута на трехъ языкахъ: Бѣлорусскомъ, Польскомъ и Русскомъ(руск.) // Полное Собраніе Законовъ Россійской Имперіи. Собраніе второе. — Спб.: Тип. II Отд-нія собств. Е. И. В. канцеляріи, 1830. — Т. 3. От № 1677 до 2574. — С. 1001—1003 (№ 2437).
  14. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 634. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  15. Юхо І. А. Стату́т Вялі́кага Кня́ства Літо́ўскага 1588 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 171—172. — 552 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  16. Нікалаеў 2009, с. 235.
  17. Магчымасць вярнуць у краіну арыгінальнае выданне Статута ВКЛ з’явілася ў беларусаў . Наша Ніва (16 траўня 2012).
  18. Возможность вернуть в страну оригинальное издание Статута ВКЛ появилась у белорусов (руск.). БелТА (16 траўня 2012).
  19. Чайкоўская В. Студэнт гістфака вярнуў Статут ВКЛ 1588 году на Радзіму // Звязда : газета. — 8 чэрвеня 2012. — № 108 (27223). — С. 8. — ISSN 1990-763x.