Даўжыня пярэдняга крыла імага — 18-29 мм. Верх крылаў ад цёмна-карычневага да чорнага, з мноствам буйных і больш дробных белых плям. Ніз карычневы, з белымі плямамі. Самкі буйней самцоў і нясуць на крылах больш шырокія белыя перавязі.
У залежнасці ад сезону і шыраты развіваецца ў адным або ў двух пакаленнях. Першае пакаленне з'яўляецца ў канцы мая і лётае да пачатку ліпеня. Другое пакаленне лётае ў канцы ліпеня і ў жніўні. Самцы праяўляюць тэрытарыяльныя паводзіны, ахоўваючы абраны ўчастак ад іншых самцоў. Матылі рэдка наведваюць кветкі, у асноўным сустракаюцца на вільготнай зямлі ля ручаёў або экскрыментах. Маладыя вусені, нашчадкі другога пакалення, для зімоўкі майструюць з лісця кокан і акукляюцца ў пачатку мая.