Даўжыня цела 16—18 см, размах крылаў 23—29,5 см. Палавы дымарфізм слабы. Жоўта-карычневая з надхвосцем рудога колеру і белымі крайнімі рулявымі (якія добра бачныя ў палёце). Самец увесну з ярка-жоўтымі галавой і нізам цела. У самкі і маладых птушак менш жоўтага колеру і больш цёмных плям. Маладыя падобныя да самкі.
Гняздо будуе на зямлі ў ямцы, у месцы, што добра праграваецца сонцам, пад галінкамі куста або навіслай травяністай расліннасцю, якія яго добра маскіруюць, звычайна каля вадацёку ці асновы невялікага пагорка, малога дрэўца або куста, у ажыне або глогу. У выключным выпадку — у перакрыжаваных галінках адразу над зямлёй (не вышэй за 1 м). Знешняя частка гнязда са сцёблаў і лістоў траў, заламаных па краі, па-за гняздо тырчаць некалькі канцоў. Унутраная частка шчыльная і тоўстая, з вузкіх выгнутых лістоў травы (часам з прымессю моху і завяўшых раслінных валокнаў). Высцілка з тонкіх сухіх карэньчыкаў і конскага воласу.
Яйкі (3—5, часам 2—6) асіметрычныя, з вострым вузейшым канцом, шараватыя, крыху пурпуровыя, фіялетава-блакітныя, брудна-белыя, белыя з фіялетавым адценнем або бела-карычневыя, з мноствам карычнева-фіялетавых, іржава-пурпуровых, чорна-фіялетавых або чорных завіткоў і рысак, раскіданых нерэгулярна па паверхні або ў выглядзе кальца вакол шырэйшага канца. Птушаняты вылупляюцца праз 12—14 сутак і яшчэ праз 9—10 сутак вылятаюць з гнязда.
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец/Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983.— С.173.—575 с., іл.— 10 000 экз.