Стрэчанне Гасподняе

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
«Стрэчанне». Дуча, «Маэста», фрагмент, 1308—1311

Стрэ́чанне Гаспо́дняе, у каталіцкай традыцыі мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці, або Ахвяраванне Гасподняе[1] (грэч.: Ἡ Ὑπαπαντὴ τοῦ Κυρίου; лац.: Praesentatio Domini) — хрысціянскае свята, якое адзначаецца ў Гістарычных цэрквах і некаторых пратэстанцкіх канфесіях[2].

У хрысціянстве з'явіліся ў VI ст. на тэрыторыі Рымскай імперыі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога Запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога Запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме[1], якая адбылася на 40-ы дзень пасля Нараджэння і на 32-і дзень пасля Абразання.

У праваслаўі належыць да ліку дванадзесятых непераходзячых свят. Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская праваслаўныя цэрквы, а таксама Украінская грэкакаталіцкая царква (у межах Украіны), стараверы і некаторыя іншыя[3] святкуюць Стрэчанне 2 (15) лютага па юліянскім календары (у XX—XXI стагоддзях 2 лютага па юліянскім календары адпавядае 15 лютага па новаюліянскім і грыгарыянскім).

У каталіцтве святкуецца 2 лютага па грыгарыянскім календары; Эладская і шэраг іншых памесных праваслаўных цэркваў — таксама 2 лютага, але па новаюліянскім календары; Армянская апостальская царква — 14 лютага.

Евангельскае паданне[правіць | правіць зыходнік]

Жыццё Ісуса Хрыста
згодна Евангелляў
Жыццё Ісуса Хрыста
Басценавіцкі майстар. «Стрэчанне». 1731 г. З Успенскай царквы с. Басценавічы Магілёўскай вобласці

Паводле закона Майсеева ўсе яўрэйскія бацькі павінны былі сваіх першынцаў (першых сыноў) на саракавы дзень пасля нараджэння прынесці ў храм для пасвячэння Богу[4][5]. Пры гэтым належала ў якасці выкупу Богу прынесці ахвяру. Закон гэты быў усталяваны ў памяць зыходу яўрэяў з Егіпта — вызвалення ад рабства, выратавання тады першынцаў яўрэйскіх ад смерці. Паводле евангельскага апавядання, у выкананне гэтага закону Маці Божая з Іосіфам прынеслі Немаўля Ісуса ў Іерусалімскі храм, а для ахвяры прынеслі двух птушанят галубоў[4].

У той час у Іерусаліме жыў старац Сімяон, які быў набожным чалавекам і чакаў прышэсця Збавіцеля. Яму было прадказана, што ён не памрэ, пакуль не ўбачыць Хрыста Госпада. Сімяон доўга чакаў выканання абяцання, ён жыў, паводле падання, каля 300 гадоў. І калі Марыя з Іосіфам прынеслі Немаўля Ісуса, Сімяон сустрэў Дзіця, узяў яго на рукі і, славячы Бога, сказаў[4]:

« Цяпер адпускаеш раба Твайго (з гэтага жыцця ў іншае), Уладару, з мірам (спакойна), паводле слова Твайго (згодна з Тваім абяцаннем), бо ўбачылі вочы мае спасенне Тваё, якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў.
»

Тут жа, у храме, была набожная Ганна-прарочыца, 84 гадоў, якая служыла Богу пастом і малітвай. І яна пазнала Збавіцеля і, падышоўшы, праславіла Госпада і казала пра Яго ўсім у Іерусаліме[4].

Народная традыцыя[правіць | правіць зыходнік]

У беларускім народным календары свята носіць назву Грамніцы, якая меркавана паходзіць ад язычніцкага бога Грамаўніка (Перуна) — бога веснавых навальніц і дажджоў, якія спрыялі расліннасці[6]. Грамніцы лічацца днём першай сустрэчы зімы з летам[4]. У гэты дзень асвячаюць васковыя свечкі[1] і ваду[6]. Грамнічнымі свечкамі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у іншую сям'ю, нават родным і сваякам[1].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]