Перайсці да зместу

Стэфан Бізіа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Стэфан Бізіа
Дата нараджэння 14 лютага 1724(1724-02-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 1787[1]
Месца смерці
Род дзейнасці урач, філосаф, выкладчык універсітэта

Стэфан Бізіа, таксама Стафан Бісіс (польск.: Stefan Bisio; 14 лютага 1724, Фрэзанара, П’емонт — пасля 1787, Местрэ) — італьянскі вучоны-медык, прафесар фізіялогіі Галоўнай школы ВКЛ.

Нарадзіўся ў Венецыі. Вывучаў медыцыну ў Павіі, дзе ў 1746 абараніў дысертацыю на ступень доктара медыцыны i філасофіі. Каля 1748 быў прафесарам лекарскага калегіума ў Турыне, потым займаўся ўрачэбнай практыкай у Венецыі. У 1763 па запрашэнні Ганны з Сапегаў Ябланоўскай прыехаў у Вялікае княства Літоўскае i працаваў спачатку хатнім урачом у маёнтку Семятычы ка­ля Драгічына, дзе арганізаваў прыродазнаўчы музей, зборы старажытнасцей, багатую бібліятэку і школу для навучання акушэрак. Там ён правёў пяць гадоў, потым на некаторы час быў у Нясвіжы па запрашэнню Караля Радзівіла Пане Каханку. Каля 1772 быў урачом пры Віленскай езуіцкай акадэміі. Першым у ВКЛ ажыццявіў аўтапсію чалавечага трупа (1770, Вільня, на той час ён яшчэ стала жыў у Нясвіжы, у тым жа годзе апублікаваў вынікі на лаціне і па-польску). У 1777 годзе прадаў свой кнігазбор Віленскай акадэміі. У 1779-80 гадах знаходзіўся ў Львове, адкуль у пачатку 1781 года выехаў у Мілан.

Пасля рэформы Віленскай акадэміі, ператварэння яе ў Галоўную школу ВКЛ i стварэння асобнага медыцынскага калегіума ў 1781 годзе быў прызначаны яго прафесарам i да 1782 узначальваў ка­федру тэорыі ўрачэбнай анатоміі, а пазней кафедру фізіялогіі i анатоміі. Першы ў Рэчы Паспалітай выкладаў курс фізіялогіі. Ставіў эксперыменты на жывёлах. Меў дачыненне да стварэння анатамічнага кабінета пры Віленскім універсітэце, створаныя ім прэпараты стануць зародкам анатамічнага музея ў Вільні.

Ад Станіслава Аўгуста Панятоўскага атрымаў тытул каралеўскага лекара.

У 1787 пакінуў універсітэт i вярнуўся на радзіму ў Італію.

Аўтар некалькіх медыцынскіх трактатаў. Рашуча выступаў супраць умяшання рэлігіі ў медыцыну. Апублікаваў на лацінскай мове твор "Адказ С.Бісіса, доктара філасофіі i медыцыны, сябру філосафу на пытанні адносна меланхоліі, магіі i каўтуна; Responsum Stephani Bisii Philosophiae et Mediciniae Doctoris ad Amicum Philosophum, De melancholia, mania et Plica-Polonica, 1772), у якім з навукова-матэрыялістычных пазіцый падыходзіў да этыялогіі шэрага нервовап-сіхічных захворванняў, тлумачыў ix паходжанне пэўнымі паталагічнымі зменамі нервовай сістэмы. Бісіс лічыў, што галоўную ролю ў псіхіцы адыгрывае мозг, асабліва яго крывяносныя сасуды. Насуперак пашыраным перакананням не лічыў шкодным адразанне каўтуна, не лічыў яго асобнай хваробай.

  1. ↑ CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries.
  2. ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #1074160320 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016. Праверана 23 лютага 2026.