Перайсці да зместу

Сядзіба Ленскіх (Сула)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Сула (сядзіба))
Славутасць
Сядзіба Ленскіх
Сядзібны дом
Сядзібны дом
53°44′29,52″ пн. ш. 26°52′36,68″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Сула
Архітэктурны стыль класіцызм
Будаўніцтва канец XVIII — пачатак XX стагоддзя
Асноўныя даты
2010-я — адноўлены сядзібны дом на старым месцы — '
Будынкі
Сядзібны дом • капліца-пахавальня (руіны) • кузня • вазоўня • амбар • бровар (руіны) • дом эканома • лядоўня • парк
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 613Г000625шыфр 613Г000625
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сядзіба Ленскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў Суле Стаўбцоўскага раёна.

Партрэт Зянона Ленскага (Юзаф Брант)
Партрэт Альжбеты Васілеўскай з роду Ленскіх (Зянон Ленскі)

Маёнтак у Суле апісаны ў 2-м томе «Гісторыі рэзідэнцый на колішніх крэсах Рэчы Паспалітай  (руск.)» Рамана Афтаназы[1].

У канцы XVIII стагоддзя Сулу набыў Павел Ленскі, які да пачатку XIX стагоддзя пабудаваў тут сядзібу з вялікім аднапавярховым асабняком у стылі класіцызм і паркам вакол.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года мяжа паміж Польшчай і БССР прайшла па галоўнай алеі сядзібы Ленскіх[2].

Апошняй уладальніцай сядзібы была Альжбета Васілеўская, родная сястра мастака Зянона Ленскага, праўнучка заснавальніка сядзібы Паўла Ленскага. Калі ў 1939 годзе сядзібу ўзарвалі салдаты, гаспадыні далі прытулак жыхары вёскі Сула, дзе яна пражыла да смерці ў 1951 годзе.

Ад сядзібы захаваліся толькі гаспадарчыя пабудовы (флігель, кузня, стайні, вазоўня, амбар, кароўнік, лядоўня  (руск.), піваварны завод, аранжарэя, дом эканома). Частку з іх разабралі (напрыклад, адзін з флігеляў у 1992 годзе[3]), некаторыя амаль у руінах, але некаторыя адбудоўваюць. Захаваліся рэшткі парку[4], аднак апошняе вялікае старое дрэва ўпала ў 1970 годзе[3].

Рэшткі сядзібных пабудоў унесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

У 2006—2012 гадах на старым месцы адбудаваны сядзібны дом, адрамантаваны гаспадарчыя будынкі. Цяпер на тэрыторыі былой сядзібы Ленскіх дзейнічае парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула»[5].

Кузня

Цэнтрам сядзібы быў класічны аднапавярховы асабняк. Выцягнуты прамавугольны будынак крыты плоскім гонтавым вальмавым дахам. Дом упрыгожваў моцна выступаючы цэнтральны порцік з чатырма дарычнымі калонамі, якія былі апорай для трохкутнага франтону з вялікім паўкруглым акном. Порцік служыў пад’ездам для экіпажаў. З садовага боку быў практычна ідэнтычны порцік з тэрасамі і каменнымі лесвіцамі. На бакавых сценах дома знаходзіліся дзве маленькія веранды, таксама з калонамі.

У сядзібным доме было два салоны, вялікі — з боку парку, і малы. Столь у малым салоне распісана Зянонам Ленскім.

Перад домам быў фантан, за домам — ружоўнік.

Дом атачаў англійскі пейзажны парк плошчай каля 5 гектараў з рэдкімі відамі дрэў. Паблізу дома ў глыбіні парку, на насыпным пагорку была родавая капліца-пахавальня (адрамантавана ў 2013 годзе)[4][6]. Капліца пабудавана ў стылі тасканскай ратонды, купал у стылі барока быў распісаны фрэскамі. За домам парк даволі крута спускаўся да ракі і бліжэйшага става[1].

  1. а б Suła. W: Roman Aftanazy: Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Wyd. 2, przejrzane i uzupełnione. T. 2: województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1993, s. 362—363. ISBN 83-04-03784-X.
  2. Надзея Усава. Вяртанне імя. Зянон Ленскі
  3. а б Сула, усадьба Ленских // Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — С. 164—167. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
  4. а б Сядзіба Ленскіх (Сула) на сайце Radzima.org
  5. ParkSula. Главная страница(нявызн.). Парк истории Сула. Праверана 5 лістапада 2025.
  6. Сядзіба Ленскіх (Сула) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
  • Suła // Roman Aftanazy Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Wyd. 2, przejrzane i uzupełnione. T. 2: województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1993, s. 362—363. ISBN 83-04-03784-X