Сумба (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сумба
(Tau Humba)
Фота 1930 г.
Агульная колькасць 282 тыс. чал. (2022 г.)
Рэгіёны пражывання востраў Сумба
Мова мовы сумба
Рэлігія хрысціянства, марапу
Блізкія этнічныя групы саву (хаву), мбоджа, мангарай

Су́мба, або ху́мба (саманазва: Tau Humba) — карэннае насельніцтва вострава Сумба ў Інданезіі. Агульная колькасць — каля 282 тыс. чал. (2022)[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дакладны час засялення вострава Сумба не вядомы. У мінулым выказваўся пункт гледжання, што яго найбольш старажытнымі насельнікамі былі аўстралоіды, пазней асіміляваныя аўстранезійцамі. Доказам гэтаму быў знешні выгляд тубыльцаў Сумбы, які меў некаторыя аўстралоідныя рысы. Аднак генетычныя даследаванні паказалі, што сумба мала адрозніваюцца ад іншых аўстранезійскіх народаў, і аўстралоідныя рысы маглі быць запазычаны іх продкамі на шляху да вострава[2][3].

Згодна міфалогіі марапу, першыя людзі спусціліся па лесвіцы з неба на поўнач вострава[4]. Генетыкі сцвярджаюць, што продкі сумба сапраўды першапачаткова насялілі паўночныя берагі і толькі потым — астатнюю частку Сумбы. З канца неаліта пасяленцы стваралі мегалітычныя канструкцыі. Прычым, гэта традыцыя захоўвалася да XX ст.

У сярэднявеччы сумба вялі актыўны гандаль каштоўнымі відамі драўніны і духмянай смалы. Дзякуючы гандлярам з Аравіі на востраў трапілі коні. Сухі клімат мясцовых саван садзейнічаў пашырэнню конегадоўлі[5]. Мяркуецца, што сумба знаходзіліся ў залежнасці ад яванскай дзяржавы Маджапахіт, пасля — ад дзяржаўных аб’яднанняў Сумбавы і Сулавесі. У рэчаіснасці, улада была падзелена паміж мясцовымі правадырамі, якія вялі несупынную барацьбу. Усход Вынікам гэтага стала развіццё гандлю рабамі.

У 1866 годзе Сумба была далучана да каланіяльных уладанняў Галандскай Ост-Індскай кампаніі. Усход вострава знаходзіўся пад большым уплывам каланіяльнай адміністрацыі, у той час як на захадзе захоўваўся архаічны лад жыцця. Пасля паўстання 1901 года галандцы правялі шэраг рэформ, накіраваных на мадэрнізацыю эканомікі і ўсталяванне адзінага кіравання.

У 1949 годзе Сумба стала часткай незалежнай Інданезіі.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная хаціна

Галоўным заняткам сумба здаўна з’яўляецца сельская гаспадарка. Пераважае падсечна-агнявое земляробства, у саваннах — жывёлагадоўля. Асаблівасці клімата са сталымі сезоннымі засухамі прывялі да фарміравання асаблівай земляробчай стратэгіі, калі сяляне адначасова вырошчвалі розныя культуры для пражытку — рыс, бабовыя, клубянёвыя, кукурузу і г. д. Аднак нават у наш час яна не заўсёды мае плён і дапамагае атрымоўваць добрыя ўраджаі. Аснову традыцыйнай ежы складаюць рыс і маніёк[6]. Галандскія місіянеры і каланіяльныя чыноўнікі адзначалі, што голад часцяком становіцца зачэпкай для ваенных канфліктаў. Сумба трымаюць кароў, буйвалаў, кур, авечак, коней. Мясцовая парода дробных, але цягавітых коней добра вядома на іншых астравах Інданезіі. Традыцыйныя рамёствы — ткацтва і разьба па каменю.

Асноўны тып паселішча — вёска. У абарончых мэтах іх традыцыйна будуюць на вяршынях пагоркаў і атачаюць густымі калючымі зараснікамі[7]. Каркасныя бамбукавыя хаціны будуюць на слупах. Сцены засланяюць цыноўкамі. Саламяны дах мае складаную канструкцыю, паколькі прызначаны для захавання жытла ад дажджу і сонца, а таксама забеспячэння натуральнага праветрывання ў памяшканнях.

У мінулым асноўнай вопраткай з’яўляўся арнаментаваны саронг ікат[8][9], прычым і мужчыны, і жанчыны пакрывалі ім толькі ніжнюю частку цела.

Гістарычна ўсходняя частка вострава Сумба з’яўлялася галоўным месцам, звязаным са знешнім светам гандлёвымі адносінамі. Таму ў другой палове 2 тысячагоддзя н. э. тут сфарміравалася складаная сацыяльная структура грамадства з высакародным станам ваяроў і правадырамі, што бралі тытул манархаў-раджаў. На захадзе Сумбы захоўваліся дробныя родавыя аб’яднанні на чале з абранымі правадырамі. У абедзвюх частках вострава галоўную сацыяльную ролю адыгрывалі буйныя родавыя абшчыны, што займалі ўсю вёску, кантралявалі навакольныя землі і водныя крыніцы. Яны падзяляліся на малыя нуклеарныя і вялікія пашыраныя сем’і. Адлік сваяцтва і спадчына маёмасці толькі па лініі бацькі[10][11].

Сумба маюць багаты і даволі разнастайны вусны фальклор. Захаваліся традыцыйныя святы, якія суправаджаюцца бойкамі на дзідах, коннымі скачкамі, ахвярапрынашэннямі быкоў, складаныя пахавальныя рытуалы. Да XX ст. сумба будавалі мегалітычныя магільні, найбольш вядомы Анакаланг.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія марапу спалучае веру ў існаванне адзінага бога, анімізм і культ продкаў. З XIX ст. распаўсюджваецца хрысціянства. Большасць вернікаў належыць да пратэстантаў.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Сумба размаўляюць на некалькіх блізкіх мовах аўстранезійскага паходжання.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Project, Joshua. Sumba in Indonesia (англ.). joshuaproject.net. Праверана 14 верасня 2023.
  2. MBE Advance Access published June 22, 2012
  3. Coevolution of languages and genes on the island of Sumba, eastern Indonesia Архівавана 21 снежня 2016.
  4. History and Culture Архівавана 19 кастрычніка 2015.
  5. PUTERA PADANG SABANA: ORIGINIS AND HISTORY OF SUMBA HORSE. PUTERA PADANG SABANA. Праверана 14 верасня 2023.
  6. Farming Архівавана 2 мая 2016.
  7. Architecture in Sumba
  8. Mar 7, Tony on. Exploring The Tribal Villages of Sumba (англ.). ContemporaryNomad.com (7 сакавіка 2019). Праверана 14 верасня 2023.
  9. Sumba Ikat Архівавана 14 снежня 2015.
  10. The People and their Culture Архівавана 2 мая 2016.
  11. The Sumba Island in Indonesia(недаступная спасылка)