Сумесны ўсёабдымны план дзеянняў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міністры замежных спраў Францыі, Германіі, Еўрапейскага Саюза, Ірана, Злучанага Каралеўства і ЗША, а таксама кітайскія і расійскія дыпламаты. Лазана 2 красавіка 2015.
Асноўныя аб’екты ядзернай праграмы Ірана

Сумесны ўсёабдымны план дзеянняў (скар. СУПД; англ.: Joint Comprehensive Plan of Action, скар. JCPOA; перс.: برنامه جامع اقدام مشترک) — палітычнае пагадненне паміж Іранам і групай дзяржаў, вядомых як 5+1, адносна ядзернай праграмы Ірана. Група складаецца з ЗША, Расіі, КНР, Вялікабрытаніі, Францыі — пяці пастаянных членаў Савета Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (СБ ААН), а таксама Германіі. У 2018 годзе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў аб выхадзе сваёй краіны з пагаднення і анансаваў дадатковыя санкцыі ў дачыненні да Ірана[1]. У адказ у 2019 годзе афіцыйны Тэгеран абвясціў аб прыпыненні выканання двух пунктаў здзелкі, што прывяло да эскалацыi амерыкана-iранскага канфлікту[2].

Перамовы ў рамках сумеснага плана дзеянняў[правіць | правіць зыходнік]

Перамовы паміж Іранам і P5 + 1 пачаліся ў 2005 годзе, іх галоўнай мэтай было пераканацца, што Іран не распрацоўвае ядзерную зброю, пры гэтым прызнавалася права Тэгерана весці мірную ядзерную дзейнасць.

15 ліпеня 2015 года Іран і краіны «шасцёркі» (ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, Германія, Кітай і Расія) дасягнулі пагаднення па іранскай ядзернай праграме ў абмен на адмену санкцый супраць краіны. Па пагадненні іранскі бок павінен дапусціць інспектараў МАГАТЭ на свае ядзерныя аб’екты, краіны Захаду, у сваю чаргу, будуць пакрокава здымаць з дзяржавы санкцыі. Пагадненне павінна быць ратыфікавана ўсімі бакамі і адобрана Саветам Бяспекі ААН[3].

Асноўныя пункты дамоўленасці[4]:

  • Большая частка іранскага ўзбагачанага ўрану будзе вывезена за мяжу.
  • Будзе весціся назіранне за дасягненнямі Ірана ў сферы ядзернага ўзбраення.
  • Ні адзін з ядзерных аб’ектаў у Іране не будзе дэмантаваны.
  • Завод па ўзбагачэнні паліва Форда стане навукова-даследчым цэнтрам ядзернай фізікі без магутнасцяў па ўзбагачэнні ўрану.
  • МАГАТЭ атрымае доступ да ўсіх ядзерных аб’ектаў у краіне тэрмінам на 20 гадоў, што дазволіць арганізацыі сачыць за тым, каб іранская ядзерная праграма насіла выключна мірны характар.
  • Санкцыі ЗША, Еўрасаюза і Савета Бяспекі ААН будуць зняты пасля заключэння ўсёабдымнага дагавора адносна ядзернай праграмы Ірана, падпісання якога запланавана на канец чэрвеня. Некаторыя абмежавальныя меры з боку P5 + 1 застануцца ў дзеянні на некаторы час, але потым будуць адменены.
  • У параграфе 26 СУПД зафіксавана, што Іран будзе разглядаць паўторнае ўвядзенне санкцый або ўвядзенне новых санкцый, звязаных з ядзернай сферай, «у якасці падставы для спынення выканання сваіх абавязацельстваў поўнасцю або часткова». Гэты ж параграф прадугледжвае, што ЕС і ЗША ўстрымаюцца ад паўторнага або новага ўвядзення санкцый супраць Ірана[2].

Выхад з пагаднення[правіць | правіць зыходнік]

У кастрычніку 2017 года прэзідэнт ЗША Д. Трамп заявіў, што больш не будзе завяраць кангрэс у тым, што «Сумесны ўсёабдымны план дзеянняў» адпавядае інтарэсам дзяржавы[5].

Міжнародная рэакцыя[6]:

  • Гэта рашэнне атрымала падтрымку Саудаўскай Аравіі і Ізраіля;
  • ЕС заявіў, што дзеючае пагадненне не можа быць дэнансавана рашэннем адной краіны;
  • Міністр замежных спраў РФ выказаў шкадаванне пра рашэнне Трампа, але палічыў, што гэта не прывядзе да спынення дзеяння пагаднення.

8 мая 2018 года Трамп абвясціў аб выхадзе краіны з пагаднення па іранскай ядзернай праграме. Амерыканскі прэзідэнт заявіў, што ЗША валодаюць доказамі таго, што Іран працягвае распрацоўку ядзернай зброі, тым самым парушаючы Сумесны ўсёабдымны план дзеянняў. Таксама ён анансаваў аднаўленне санкцый супраць Тэгерана[7].

8 мая 2019 года (у гадавіну выхаду ЗША з пагаднення) Іран у адказ на дзеянні ЗША, згодна з параграфам 26 СУПД, абвясціў аб першым этапе спынення выканання шэрагу пунктаў ядзернай здзелкі (у частцы, якая тычыцца запасаў узбагачанага ўрану і цяжкай вады). У прыватнасці, Іран перавысіў значэнне запасаў нізкаўзбагачанага ўрану, усталяванае на адзнацы ў 300 кілаграмаў. 7 ліпеня Тэгеран абвясціў аб другім этапе скарачэння абавязацельстваў па СУПД. Іран заявіў, што пачынае працэс узбагачэння ўрану на ўзроўні вышэй прадугледжаных ядзернай здзелкай 3,67%[2][8].

Пасля гэтага адбыўся шэраг інцыдэнтаў з нападамі на танкеры ў Армузскім праліве.

5 студзеня 2020 года ўрад Ірана аб’явіў, што адмаўляецца ад апошніх абмежаванняў па ядзернай здзелцы. Тэгеран заявiў, што гатовы вярнуцца да выканання абавязацельстваў у выпадку зняцця санкцый, а таксама напрамую звязвае сваё рашэнне з забойствам Сулеймані. Іранскія ўлады дадалі, што працягнуць супрацоўніцтва з МАГАТЭ і вернуцца да выканання сваіх абавязацельстваў па ядзернай здзелцы, калі санкцыі ў дачыненні да краіны будуць зняты, а інтарэсы краіны будуць улічаны[9].

Зноскі

  1. США выходят из ядерной сделки с Ираном. ТАСС (8 мая 2018 года). Праверана 10 мая 2018.
  2. а б в "В Иране назвали условия для прекращения обогащения урана". 2019-07-09. Праверана 2019-07-11.
  3. Достигнуто соглашение по ядерной программе Ирана (руск.). В мире. Русская служба Би-би-си (14 ліпеня 2015). Праверана 15 ліпеня 2015.
  4. Совместный всеобъемлющий план действий по иранской ядерной программе. Ключевые моменты. ТАСС (3 красавіка 2015). Праверана 10 мая 2018.
  5. Трамп отказался одобрить ядерную сделку с Ираном BBC
  6. Ядерная сделка с Ираном: мировые лидеры против Трампа // Русская служба Би-би-си
  7. Трамп объявил о выходе США из сделки по Ирану (руск.). Корреспондент (8 мая 2018). Праверана 8 мая 2018.
  8. "В Иране назвали условие возвращения к обязательствам по СВПД". 2019-07-07. Праверана 2019-07-11.
  9. Иран вышел из ядерной сделки и грозит США военным ударом Архівавана 6 студзеня 2020.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]