Сутыкненні ў Трыпалі (2022)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Сутыкненні ў Трыпалі
Асноўны канфлікт: Лівійскі крызіс
Дата 17 мая/22 ліпеня/27 жніўня 2022
Месца Трыпалі
Прычына двоеўладдзе, праблема з правядзеннем выбараў
Вынік ні адзін з бакоў не дамогся поспеху
Праціўнікі
Лівія Прыхільнікі Башагі Лівія Прыхільнікі Дбэйбы
Камандуючыя
Фатхі Башага Абдэль Дбэйбе
Агульныя страты
36 забітых, 161 параненых (за ўвесь час)

Сутыкненні ў Трыпалі — узброенае супрацьстаянне ў Трыпалі (Лівія) паміж прыхільнікамі Фатхі Башагі і Абдэля Дбэйбе. Канфлікт двух палітыкаў адбыўся вакол пасады прэм’ер-міністра. Дбэйба і Башага лічаць менавіта сябе кіраўніком Кабінета міністраў, што вярнула краіну да двоеўладдзя.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

23 кастрычніка 2020 года ў Лівіі скончылася грамадзянская вайна паміж Урадам нацыянальнай згоды, які базаваўся ў Трыпалі, і Палатай прадстаўнікоў, якая знаходзілася ў Табруку.

5 лютага 2021 года бакі канфлікту дамовіліся аб стварэнні часовага ўрада на Форуме лівійскага палітычнага дыялогу, які прайшоў у Жэневе пад эгідай ААН. Абдэль Хамід Дбэйба быў абраны прэм’ер-міністрам урада нацыянальнага адзінства, а прэзідэнцкі савет узначаліў Мухамед аль-Манфі[1]. Умовай фармавання ўрада нацыянальнага адзінства было ўключэнне ў яго асоб, якія раней не займалі пасады ў папярэдніх кабінетах міністраў краіны. Планавалася, што гэта пераходны ўрад будзе кіраваць Лівіяй да выбараў[2].

Кіраўнік Урада нацыянальнай згоды Фаіз Сарадж афіцыйна перадаў уладныя паўнамоцтвы прэзідэнцкага савету і новаму ўраду 16 сакавіка 2021 года. Такім чынам, фармальна ў Лівіі ўпершыню за сем гадоў аб’яднаўся ўрад[3].

21 верасня 2021 года Палата прадстаўнікоў вынесла вотум недаверу ўраду нацыянальнага адзінства, а 10 лютага 2022 года прызначыла Фатхі Башагу прэм’ер-міністрам. Дбэйбе і УНА адхілілі гэтае прызначэнне[4].

Бакі[правіць | правіць зыходнік]

Урад Дбэйбы арыентаваны на Турцыю, а непасрэдна ў Лівіі абапіраецца на частку груповак Трыпалі і Місураты. Ён актыўна спрабуе падкупіць моладзь, выкарыстоўваючы дзяржаўныя фінансы для прасоўвання спецыяльнай грашовай дапамогі для маладых. У Дбэйбы ёсць план стаць будучым прэзідэнтам, нягледзячы на тое што закон, прыняты раней Палатай прадстаўнікоў, гэта забараняе[5].

У сваю чаргу Башага заручыўся падтрымкай усходу краіны, у прыватнасці, Табрука, дзе размяшчаецца Палата прадстаўнікоў. Яна падтрымліваецца Лівійскай нацыянальнай арміяй пад камандаваннем Халіфа Хафтара[5]. Характэрна, што ў ходзе грамадзянскай вайны 2010-х гадоў Башага знаходзіўся на баку праціўнікаў Табрука.

Асноўным патрабаваннем яго прыхільнікаў з’яўляецца адстаўка ўрада пад кіраўніцтвам Дбэйбы, бо той не выканаў галоўнай сваёй задачы — не былі арганізаваны выбары прэзідэнта і парламента краіны. Выбары павінны былі адбыцца яшчэ 24 снежня 2021 года, але ў апошні момант усе мерапрыемствы былі перанесены на студзень, затым на лета, а пазней яшчэ на нявызначаны тэрмін[5].

Сутыкненні[правіць | правіць зыходнік]

Раніцай 17 мая Башага распачаў спробу ўвайсці ў сталіцу, што прывяло да першага ўзброенага інцыдэнту. Палітык заехаў без узброенага суправаджэння, але падвергнуўся нападу баевікоў, саюзнікаў Дбэйбы. Аднак апошні заявіў, што менавіта Башага быў з баевікамі[6].

22 ліпеня адбыліся новыя сутычкі. Адначасна паміж бакамі канфлікту пачаліся перамовы аб эвакуацыі 60 студэнтаў, якія знаходзіліся ў зоне баявых дзеянняў у адным з універсітэцкіх будынкаў раёна Фарнадж[7].

У канцы жніўня два прэм’ера абмяняліся завочнымі пасланнямі адзін да аднаго. Спачатку Дбэйба заявіў, што ў Лівіі «няма іншага шляху, акрамя выбараў». Затым Фатхі Башага накіраваў ліст да суперніка, запатрабаваўшы неадкладна перадаць уладу. Пры гэтым ён назваў Дбэйбу былым прэм’ер-міністрам. У адказ яго апанент напісаў у Twitter[8]:

" Былы міністр унутраных спраў [Башага займаў гэтую пасаду да 2021 года], пазбаўце сябе ад паўторных паведамленняў і пагроз распаліць вайну. Калі вы зацікаўлены ў жыцці лівійцаў, ідзіце на выбары і адмоўцеся ад ілюзій ваенных пераваротаў, іх час прайшоў. "

Хутка, 27 жніўня, успыхнулі сутыкненні ў лівійскай сталіцы Трыпалі. Атрады Башагі вылучылі ў сталіцу дадатковыя сілы з Місураты. На некаторы час яго прыхільнікі занялі тэрыторыю міжнароднага аэрапорта Трыпалі[9]. Хутка яны былі вымушаны пакінуць свае пазіцыі ў цэнтры горада, а падмацаванне разгарнуць назад[8]. Да вечара на вуліцах наступіла адноснае зацішша[10].

Прыхільнікі Дбэйбы заяўлялі, што баявыя дзеянні пачаліся пасля правалу перамоваў аб прадухіленні кровапраліцця. У сваю чаргу Башага запэўніваў пра адсутнасць якіх-небудзь падобных мерапрыемстваў. Найбольш уплывовы з саюзных яму палявых камандзіраў Усама Джувейлі ў інтэрв’ю лівійскім СМІ заявіў, што баі былі выкліканы трэннямі паміж групоўкамі і няма злачынства ў тым, каб спрабаваць прывесці да ўлады кіраўніка ўрада, абранага парламентам[8].

Ахвяры[правіць | правіць зыходнік]

Падчас інцыдэнту 17 мая быў забіты адзін чалавек[11].

Падчас баёў 22 ліпеня, паводле звестак прадстаўніка сталічнага аддзялення хуткай дапамогі Усама Алі, трое чалавек загінулі. Яшчэ двое параненых мірных жыхароў даставілі ў шпіталь[7].

27 жніўня, паводле першапачатковых афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, у выніку сутычак загінулі 23 чалавекі, 140 атрымалі раненні[5]. Пазней колькасць ахвяр вырасла да 32 забітых і 159 пацярпелых[12][13].

Рэакцыя[правіць | правіць зыходнік]

  • Май: Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША заявіў, што ведамства вельмі занепакоенае гвалтам, і заклікаў усе ўзброеныя групоўкі ўстрымлівацца ад гвалту[6].
  • Жнівень: Член савета старэйшын гарадскога савета Трыпалі Амар Вехеба заклікаў усіх захоўваць спакой, а таксама прыгразіў крымінальным пераследам для ўсіх, хто стаў прычынай дадзенай сітуацыі[10]. Місія падтрымкі ААН у Лівіі заклікала бакі да неадкладнага спынення агню[10].

Зноскі

  1. Sami Zaptia. BREAKING: New unified Libyan government selected by LPDF in Geneva, Libya Herald (5 February 2021). Праверана 5 February 2021.
  2. Глава ПНС Ливии передал полномочия новой переходной власти, Russia Today (16 марта 2021).
  3. Правительство Ливии объединилось впервые за семь лет
  4. Libya rifts deepen as new PM named, incumbent refuses to yield, Reuters (10 February 2022).
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 Полина Коноплянко. В Ливии вновь полилась кровь: двоевластие оказывается неизбежным // Московский комсомолец : газета. — 28 августа 2022.
  6. 6,0 6,1 Clashes force Libya's Bashagha from Tripoli after brief attempt to enter
  7. 7,0 7,1 Дмитрий Сотак. В столице Ливии снова начались бои // Lenta.ru : интернет-издание. — 22 июля 2022
  8. 8,0 8,1 8,2 Марианна Беленькая. Два премьера на один Триполи // Коммерсантъ : газета. — № 157 (7358). — 28 августа 2022.
  9. В столкновениях в столице Ливии погибли семь человек, сообщили СМИ
  10. 10,0 10,1 10,2 Ливия: не менее 32 человек погибли в результате столкновений // Euronews : телеканал.
  11. "Libye: Combats à Tripoli après un coup de force du gouvernement rival"
  12. 32 killed in Libya’s Tripoli as fears grow of a wider war (англ.) . www.aljazeera.com.
  13. Libya clashes: UN calls for ceasefire after 32 killed(нявызн.) , BBC News (28 жніўня 2022).