Сухія дні
Сухія дні (або дні квартальнага посту, лац.: ferias Quatuor Temporum) — у заходняй хрысціянскай традыцыі тры дні посту, якія сімвалічна адкрываюць кожную з чатырох пор года. Сухія дні заўсёды прыпадаюць на сераду, пятніцу і суботу аднаго і таго ж тыдня і размяркоўваюцца па каляндарным годзе наступным чынам:
- вясна: тыдзень пасля Папяльцовай серады;
- лета: тыдзень пасля Пяцідзясятніцы;
- восень: тыдзень пасля свята Узвышэння Святога Крыжа (14 верасня);
- зіма: тыдзень пасля свята св. Люцыі (13 снежня).
Мэтай сухіх дзён з'яўляецца падзяка Богу за дары прыроды, развіццё ў сабе стрыманасці пры іх выкарыстанні і дапамога патрабуючым. Таксама ў сухія дні традыцыйна ўдзяляліся святарскія пасвячэнні[1].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
"Каталіцкая энцыклапедыя" сцвярджае, што сухія дні былі ўстаноўлены на месцы рымскіх язычніцкіх святкаванняў, звязаных з сельскай гаспадаркай. Так, старажытныя рымляне праводзілі рэлігійныя абрады, просячы ў сваіх багоў: у чэрвені — плённага жніва, у верасні — багатага ўраджаю вінаграду, у снежні — паспяховай сяўбы. Першапачаткова Касцёл у Рыме захоўваў пост менавіта ў гэтыя месяцы (адпаведна, маючы толькі тры сухія тыдні), хоць канкрэтныя дні не былі ўстаноўлены, а аб'яўляліся святарамі[1].
Liber Pontificalis сцвярджае, што пост устанавіў Папа Калікст І (217–220)[1]. Іншыя мяркуюць, што гэта зрабіў Папа Сірыцый (320–399)[2]. Папа Леў Вялікі (440–461) лічыць, што гэты пост мае апостальскае паходжанне. Пра чацвёрты перыяд посту згадвае Папа Гелазій (492–496), аднак дакладны час, калі яго дадалі, невядомы. Гэты ж Папа дазволіў удзяляць у сухія суботы дыяканскія і святарскія пасвячэнні, якія раней ўдзяляліся толькі на Вялікдзень[1].
Пазней практыка сухіх дзён пашыраецца на іншыя месцы па-за Рымам: у Англіі яны з'явіліся дзякуючы св. Аўгустыну (VII-VIII стст.), у Галію і Германію іх прынеслі Каралінгі (VIII ст.). Іспанія прыняла сухія дні разам з рымскай літургіяй у ХІ ст. У Мілане іх увёў св. Карла Барамеа. На Усходзе сухія дні не адзначаліся ніколі[1][2].
Папа Грыгорый VII (1073–1085) канчаткова вызначыў месца сухіх дзён і прадпісаў іх для ўсяго Каталіцкага Касцёла[1].
Посная практыка[правіць | правіць зыходнік]
Ранейшыя правілы, звязаныя з поснай практыкай у сухія дні, акрэсліваў Кодэкс кананічнага права 1917 года[3]. Згодна з канонам 1251 § 2, у сухія дні неабходна было захоўваць устрыманне ад мяса і мясных страў (abstinentia), а таксама колькаснае абмежаванне (ieiunium), калі можна было спажыць адзін пасілак дасыта і два меншыя[4].
У 1966 годзе Папа Павел VI апублікаваў апостальскую канстытуцыю Paenitemini[5], увёўшы новыя посныя прадпісанні, якія затым трапілі ў актуальны на сённяшні дзень Кодэкс кананічнага права 1983 года. У каноне 1251, які вызначае посныя дні, сухія дні не згадваюцца ўвогуле[6].
Асаблівасці літургіі[правіць | правіць зыходнік]
Звычайная форма рымскага абраду[правіць | правіць зыходнік]
У сучаснай каталіцкай літургіі сухія дні пераважна не адзначаюцца. Яны адсутнічаюць у апошнім прынятым літургічным календары (1969), а ў актуальным Рымскім Імшале (1970) няма адмысловых літургічных тэкстаў на гэтыя дні. Пры ўвядзенні новых літургічных кніг і прыняцці новага літургічнага календара рашэнне пра тое, як павінна выглядаць іх святкаванне, было пакінута на меркаванне мясцовай касцёльнай улады, якая павінна ацаніць лакальныя ўмовы і вызначыць час і план іх святкавання[7].
Надвычайная форма рымскага абраду[правіць | правіць зыходнік]
У надзвычайнай форме рымскага абраду, якая карыстаецца кнігамі 1962 года, сухія дні захаваліся як у самім календары (на сваім звычайным месцы), так і ў Рымскім Імшале 1962 года ў выглядзе адмысловых літургічных тэкстаў. Сухія дні, у параўнанні са звычайнай літургіяй, маюць дадатковыя калекты і чытанні. Ва ўсе сухія дні, акрамя тых, што прыпадаюць пасля Пяцідзясятніцы, калекты папярэджваюцца не толькі звычайным заклікам "Oremus" ("Памолімся"), але і словамі "Flectamus genua. — Levate" ("Укленчым. — Падыміцеся")[8].
Сухія суботы ў кожны з чатырох перыядаў маюць асабліва вялікую колькасць чытанняў, таму Рымскі Імшал дазваляе служыць такую літургію ў карацейшай форме, прапусціўшы большасць чытанняў[8].
Гістарычна менавіта ў сухія дні адбываліся пасвячэнні духавенства. У сухую сераду было прынята аб'яўляць кандыдатаў, у сухую пятніцу гэтых асобаў прадстаўлялі народу, а сухую суботу кандыдатам удзялялі пасвячэнні[2]. Пры ўдзяленні пасвячэнняў літургію сухой суботы нельга служыць у карацейшай форме[8].
Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ а б в г д е Mershman, F. Ember Days // The Catholic Encyclopedia. — New York: Robert Appleton Company, 1909. — Т. 5.
- ↑ а б в Dalmais, Irénée Henri; Jounel, Pierre; Martimort, Aimé Georges (1986) (in en). The Liturgy and Time. Liturgical Press. p. 28–29. https://books.google.by/books?id=DWdk0AZlzZIC.
- ↑ Codex iuris canonici 1917 .
- ↑ "Lex abstinentiae simul et ieiunii servanda est feria quarta Cinerum, feriis sextis et sabbatis Quadragesimae et feriis Quatuor Temporum, pervigiliis Pentecostes, Deiparae in caelum assumptae, Omnium Sanctorum et Nativitatis Domini".
- ↑ PAULUS PP. VI. Constitutio apostolica "Paenitemini" (лац.).
- ↑ Кодекс канонического права = Codex iuris canonici. — Москва: Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2007. — С. 460. — ISBN 978-5-94242-045-1.
- ↑ Congregation for Divine Worship. General norms for the liturgical year and the calendar, 45–47 (англ.)(недаступная спасылка) (14 лютага 1969). Архівавана з першакрыніцы 7 студзеня 2017. Праверана 16 верасня 2018.
- ↑ а б в Rubrical FAQs — 1962 Ordo (англ.).