Рэлігія ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Па дадзеных Міністэрства замежных спраў Беларусі на 2015 год, вернікамі лічаць сябе 58,9 % насельніцтва краіны. З іх 82 % — праваслаўныя, 12 % — каталікі, 6 % — прадстаўнікі іншых канфесій.

Сучасны стан рэлігійных устаноў і рэлігійнасці ў Рэспубліцы Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Талерантнае прыняцце Беларускай дзяржавай поліканфесіянальнай мадэлі забяспечвае роўныя правы заходняй і ўсходняй традыцыям, дае магчымасць захавання міру і стабільнасці на беларускай зямлі. Статус рэлігіі ў грамадстве павышаецца, фарміруецца новы сацыяльны светапогляд на аснове агульначалавечых каштоўнасцей.

Міжканфесіянальнай згодзе садзейнічае Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які падпарадкоўваецца Ураду Рэспублікі Беларусь (апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей створаны ў маі 2006 на базе Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь).

У Рэспубліцы Беларусь існуе 27 канфесій, на 1 студзеня 2004 г. было зарэгістравана 2863 рэлігійныя суполкі.

Колькасць вернікаў[правіць | правіць зыходнік]

Паводле даследаванняў беларускіх сацыёлагаў 1997 года, абсалютная большасць рэспандэнтаў-вернікаў лічыць сябе: праваслаўнымі (77,4 %), каталікамі (10,4 %), пратэстантамі (0,5 %).

Падчас агульнадзяржаўнага апытання Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў пачатку 2012 г. 92% апытаных назваліся хрысціянамі, у тым ліку звыш 80% праваслаўнымі, звыш 10% каталікамі і каля 2% пратэстантамі[1].

У 2011 годзе паводле звестак Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ІАЦ) апытанне насельніцтва краіны паказала, што 93,5% рэспандэнтаў аднеслі сябе да той ці іншай рэлігіі, з іх:

  • 81% — праваслаўныя (каля 75% ад агульнай колькасці насельніцтва);
  • 10,5% — каталікі (каля 9% ад агульнай колькасці);
  • 2% — іншыя рэлігіі.

Звесткі справаздачы адзначылі двухразовае павелічэнне колькасці рэлігійных людзей за год адносна папярэдняй афіцыйнай спаваздачы і ўпершыню амаль супалі з вынікам альтэрнатыўнага апытання НІСЭПД у 2009 годзе.

Агульная колькасць вернікаў у постсавецкі перыяд вырасла. У 1987 годзе яна складала ўсяго 15% насельніцтва[2]. Паводле даных Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі ў 1990 г. дзель вернікаў у насельніцтве дасягнула 30%. Па выніках праведзенага ў 1997 апытання 49,4% насельніцтва абралі варыянт «Так, я веру ў Бога»[3]. У 2007 годзе паводле звестак Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей РБ каля 50% грамадзян адносілі сябе да той ці іншай рэлігіі, з іх:

  • 80% — праваслаўныя (каля 40% ад агульнай колькасці насельніцтва)
  • 14% — каталікі (каля 7% ад агульнай колькасці)
  • 6% — іншыя рэлігіі[4].

У 2010 годзе паводле звестак Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей РБ 58,9% грамадзян аднеслі сябе да той ці іншай рэлігіі, з іх:

  • 82,5% — праваслаўныя (каля 48% ад агульнай колькасці насельніцтва)
  • 12% — каталікі (каля 7% ад агульнай колькасці)
  • 4% — іншыя рэлігіі[5].

Альтэрнатыўныя ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Падчас апытання НІСЭПД у верасні 2002 г. 88,5% апытаных спавядалі хрысціянства (у тым ліку паводле кірунку 67,4% — праваслаўнае, 13,1% — каталіцкае, 0,6% — пратэстанцкае), 4,9% — атэізм, 1% — нявер’е (агнастыцызм), па 0,1% — іслам і іўдаізм[6].

Падчас апытання Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс, Літва) у снежні 2009 г. 1514 жыхароў Беларусі 92,6% назваліся хрысціянамі, у тым ліку 78,5% праваслаўнымі, 13,1% каталікамі і каля 1% пратэстантамі. Даныя супадалі са станам на 1994 год[7].

Праваслаўная царква[правіць | правіць зыходнік]

Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку

Праваслаўная царква з’яўляецца самай вялікай канфесіяй на тэрыторыі Беларусі. Па колькасці суполак і вернікаў сярод іншых рэлігійных аб’яднанняў яна займае першае месца. На 1 студзеня 2004 г. БПЦ аб’ядноўвала 1290 суполак, 10 епархій (у снежні таго ж году з’явілася адзінаццатая), 21 манастыр, 17 брацтваў, 9 сястрынстваў (у 2003 г. дзейнічала 1040 і будавалася 144 праваслаўныя храмы). У рэлігійных арганізацыях працуе больш за 1250 праваслаўных святароў. У Жыровічах дзейнічюць духоўная семінарыя, духоўная акадэмія, школа рэгентаў і званароў, вучылішча па падрыхтоўцы псаломшчыкаў. Узначальвае БПЦ мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.

Каталіцкая царква[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл Святога Сымона і Святой Алены, Мінск

Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі таксама адносіцца да традыцыйных і з’яўляецца адной з буйнейшых па колькасці вернікаў і суполак. У 1991 аднавілася дзейнасць старой Пінскай дыяцэзіі (рымска-каталіцкай епархіі), якая цяпер існуе ў межах Гомельскай і Брэсцкай абласцей, а акрамя таго былі ўтвораны новыя царкоўна-адміністрацыйныя адзінкі — Гродзенская дыяцэзія (у межах Гродзенскай вобласці) і Мінска-Магілёўская архідыяцэзія-метраполія (у межах Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей) з падпарадкаваннем апошняй астатніх дыяцэзій на тэрыторыі рэспублікі. Першым мітрапалітам новай мітраполіі стаў кардынал Казімір Свёнтак. У 1999 была ўтворана асобная Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобласці). У тым жа 1999 годзе ў Беларусі створана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў, у якую ўвайшлі каталіцкія біскупы краіны на чале з Казімірам Свёнтакам. На 1 студзеня 2004 у Рэспубліцы Беларусь былі 4 епархіі, 432 прыходы, 9 місій, 8 манаскіх суполак(кляштараў), 3 дабраахвотныя таварыствы «Карытас» і 2 вышэйшыя духоўныя семінарыі. Прыходы абслугоўваюць 332 святары (у тым ліку, 192 — замежныя грамадзяне). З чэрвеня 2006 Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію ўзначальваў Апостальскі адміністратар Антоній Дзям’янка, а старшынёю Канферэнцыі з’яўляўся ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч. З канца 2007 Рымска-каталіцкую царкву на Беларусі ўзначальвае архіепіскап Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч (прызначаны 21 верасня, 10 лістапада адбылося кананічнае ўступленне на пасаду).

Як частка Каталіцкай Царквы ў Беларусі ў 1990-ыя гады аднавіла сваю дзейнасць таксама і грэка-каталіцкая супольнасць. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква налічвае сёння 13 афіцыйна зарэгістрафаных парафій і яшчэ 7 парафій знаходзіцца ў працэсе рэгістрацыі. Парафіі БГКЦ аб’яднаныя ў 2 дэканаты (протапрасвітараты): Цэнтральна-Заходні протапрасвітарат імя святамучаніка Мікалая Чарнецкага і Усходні протапрасвітарат імя Св. Язафата. БГКЦ сёння наўпрост падпарадкавана Рымскаму Апостальсаму Пасаду. Апеку над католікамі візантыйскага абраду ў Беларусі ажыццяўляе Апостальскі Візітатар «ad nutum Sanctae sedis» для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Душпастырскую апеку вернікам візантыйскага абраду аказваюць 14 святароў і 4 дыяканы.

Уніяцкая царква[правіць | правіць зыходнік]

3 канца 1980-х г. на Беларусі сталі стварацца суполкі вернікаў-уніятаў (пераважна з інтэлігенцыі). 11 сакавіка 1989 у Мінску ў Кальварыйскім касцёле а. Аляксандр Надсан адслужыў першую за 150 гадоў пасля 1839 г. публічную каталіцкую службу ў візантыйскім абрадзе (па-беларуску). Першая пасля вайны грэка-каталіцкая парафія ў Мінску ўтварылася ў верасні 1990 г. У 1994 г. Ватыкан афіцыйна зацвердзіў для беларускіх уніятаў беларускамоўную версію літургічных тэкстаў.

На чэрвень 2009 г. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква мела 20 парафій (зарэгістраваных з іх — 15)[8] (у тым ліку 4 — у Мінску, 2 — у Віцебску), яшчэ шэраг чакалі рэгістрацыі.

Пратэстанцтва[правіць | правіць зыходнік]

На 1 студзеня 2004 года ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 1005 пратэстанцкіх суполак, з якіх 494 ХВЕ і каля 270 ЕХБ.

Іслам[правіць | правіць зыходнік]

Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года, іслам у краіне вызнаюць каля 30 000 чалавек[9].

Язычніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Старажытнае паганскае паходжанне маюць многія беларускія народныя святы, абрады, звычаі — Купалле, Каляды, Дзяды, Радаўніца, трызна, «гуканне вясны», ваджэнне «куста»  (польск.), пахаванне «стралы» і інш.

Іншыя цэрквы[правіць | правіць зыходнік]

На 1 студзеня 2004 г. у Рэспубліцы Беларусь былі 34 стараабрадніцкія суполкі, з якіх 18 — у Віцебскай вобласці. З іх 1 прыход належыць РПСЦ (Свята-Іллінская царква ў Гомелі) (на 2003 год).

Існуе адна суполка Свяшчэнніцкага брацтва Св. Пія X (католікі-традыцыяналісты) (у Мінску).

Існуюць іудзейскія і мусульманскія суполкі, а таксама суполкі Свядомасці Крышны (неаіндуізм), Будызму, і суполкі бахаі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Вольга Мядзведзева. Каля мільёна беларусаў кожную нядзелю наведваюць храмы // Звязда : газета. — 4 лютага 2012. — № 23 (27138). — С. 2. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  2. Почти половина населения Белоруссии — верующие (руск.). NEWSru (9 ліпеня 2001). Праверана 15 красавіка 2013.
  3. Л.Г. Новикова. Основные характеристики динамики религиозности населения // Социологические исследования. — 1998. — № 9. — С. 93—98.
  4. Bureau of Democracy, Human Rights and Labor.. International Religious Freedom Report 2007. Belarus (англ.). U.S. Department of State. Праверана 15 красавіка 2013.
  5. Bureau of Democracy, Human Rights and Labor.. International Religious Freedom Report 2010. Belarus (англ.). U.S. Department of State. Праверана 15 красавіка 2013.
  6. "Большасць беларусаў — за роўнасць усіх канфесій" [руская]. Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. 2002. Праверана 8 студзеня 2014.
  7. "Важнейшыя вынікі нацыянальнага апытання ў снежні 2009 г." [руская]. Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. 2009. Праверана 8 студзеня 2014.
  8. Наша Ніва: «У Мінску адкрыўся Грэка-каталіцкі цэнтр» Архівавана 30 чэрвеня 2008.
  9. Минскую мечеть планируют построить до конца года(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 мая 2013. Праверана 31 студзеня 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Арх. Аф. Мартос. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни / Арх. Аф. Мартос. Репринт. Минск, 1990.
  • Баптизм и баптисты / под ред. Е. С. Прокошиной, М. Я. Ленсу. Минск, 1969.
  • Беларусы : энцыклапедыя : у 10 т. / І. У. Чаквін [і інш.]. Мінск, 2007. Т. 10: Славянскія этнакультурныя традыцыі.
  • Верашчагіна, А. У. Гісторыя канфесій у Беларусі : мінулае і сучаснасць / А. У. Верашчагіна, А. В. Гурко. Мінск, 2000.
  • Верашчагіна, А. У. Хрысціянскія святы на Беларусі : дапам. для настаўнікаў гісторыі і выкладчыкаў курса «Рэлігіязнаўства» / А. У. Верашчагіна. Мінск, 2005.
  • Гарбацкі, А. А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. / А. А. Гарбацкі. Брэст, 1999.
  • Гурко, А. В. Новые религии в Республике Беларусь : генезис, эволюция, последователи / А. В. Гурко. Минск, 2006.
  • Думін, С. У. Беларускія татары : мінулае і сучаснасць / С. У. Думін, І. Б. Канапацкі. Мінск, 1993.
  • История евангельских христиан-баптистов в СССР. М., 1989.
  • Канфесіі на Беларусі (к. XVIII—XX ст.) / В. В. Грыгор’ева [і інш.]; навук. рэд. У. І. Навіцкі. Мінск, 1998.
  • Короткая, Т. Н. Старообрядчество в Белоруссии / Т. Н. Короткая, Е. С. Прокошина, А. А. Чудникова. Минск, 1992.
  • Мельнікаў, А. А. Кірыл, епіскап Тураўскі : Жыццё. Спадчына. Светапогляд / А. А. Мельнікаў. Мінск, 2000.
  • Никольский, Н. М. История русской церкви / Н. М. Никольский. М., 1985.
  • Падокшын, С. А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура : (Філасофска-гістарычны аналіз) / С. А. Падокшын. Мінск, 1998.
  • Поспеловский, Д. В. Русская Православная Церковь в XX веке / Д. В. Поспеловский. М., 1995.
  • Пучков, П. И. К вопросу о классификации религий / П. И. Пучков // Этнос и религия : сборник / отв. ред.-сост. Б. Р. Логашова. М., 1998. С. 7—47.
  • Рэлігія і царква на Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал. : Г. П. Пашкоў [і інш.]. Мінск, 2001.
  • Скир, А. Еврейская духовная культура в Беларуси / А. Скир. Минск, 1995.
  • Токарев, С. А. Религиозные верования восточнославянских народов XIX — нач. XX вв. / С. А. Токарев. М.; Л., 1957.
  • Туронак, Ю. Фарміраванне сеткі рыма-каталіцкіх парафій на Беларусі ў 1387—1781 гадах / Ю. Туронак // Наша вера. 1995. № 1.
  • Уния в документах : сборник / сост. В. А. Теплова, З. И. Зуева. Минск, 1997.
  • Федосик, В. А. В сладкогласии песнопений литургии / В. А. Федосик. Минск, 1985.
  • Чаквін, І. У. Фарміраванне канфесій і іх эвалюцыя / І. У. Чаквін // Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мінск, 2000. С. 59—68.
  • Чарота, І. А. Беларуская мова і Царква / І. А. Чарота. Мінск, 2000.
  • Этноконфессиональные процессы в Беларуси и формирование патриотизма / А. С. Майхрович [и др.]. 2-е изд. Минск, 2004.
  • Яскевіч, А. А. Падзвіжнікі і іх святыні : Духоўная культура старажытнай Беларусі / А. А. Яскевіч. Мінск, 2001.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]