Сцежка Ха Шы Міна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Сцежка Хо Шы Міна)
Карта сістэмы камунікацый на сцежцы Хо Шы Міна.

Сцежка Ха Шы Міна (англ.: The Ho Chi Minh trail) альбо Сцежка Чыангшон (в’етн.: Đường Trường Sơn) — сукупнасць сухапутных і водных транспартных шляхоў агульнай працягласцю звыш 20 тыс. км[1] на тэрыторыі Лаоса і Камбоджы, якія падчас вайны ў В’етнаме выкарыстоўваліся Дэмакратычнай Рэспублікай В’етнам для перакідання ваенных матэрыялаў і войскаў у Паўднёвы В’етнам для падтрымкі пракамуністычнага НФВПВ. З’яўлялася адным з ключавых фактараў, якія забяспечылі ваенную перамогу Паўночнага В’етнама[2].

Тэрмін «Сцежка Ха Шы Міна», па па імені лідара в’етнамскіх камуністаў, распаўсюдзіўся ў ЗША і ў большай частцы свету. У В’етнаме шлях вядомы як «Сцежка Чыангшон», па назве аднайменнага горнага хрыбта, які цягнецца па заходняй мяжы краіны з поўначы на поўдзень.

Узнікненне[правіць | правіць зыходнік]

Тутэйшыя дарогі пралягалі праз гарыстую мясцовасць з малалікім насельніцтвам і густымі джунглямі. Некаторыя часткі будучай сцежкі выкарыстоўваліся кантрабандыстамі на працягу некалькіх стагоддзяў. У перыяд Індакітайскай вайны (1946—1954) за назалежнасць ад Францыі партызанскія атрады карысталіся гэтымі сцежкамі, каб хутка схавацца ад каланіяльнай арміі[3].

Пасля атрымання незалежнасці краіна была падзелена на дзве часткі: на поўначы была абвешчаная Дэмакратычная Рэспубліка В’етнам, падтрыманая СССР і Кітаем, а на поўдні — Рэспубліка В’етнам, падтрыманая ЗША. Згодна з умовамі Жэнеўскага пагаднення 1954 года, у абодвух рэгіёнах павінны былі прайсці ўсеагульныя выбары, якія б спрыялі аб’яднанню краіны. Аднак паўднёвы ўрад на чале з Нго Дзінь З’емам раптам адмовіўся праводзіць выбары, што прывяло да росту незадаволенасць сярод апазіцыі. Неўзабаве ў краіне разгарнулася грамадзянская вайна, дзе ўрадавым сілам супрацьстаяў пракамуністычны НФВПВ, больш вядомы як В’етконг[4].

У 1959 годзе паўночнав’етнамскае кіраўніцтва прыняло рашэнне аб аказанні ваеннай падтрымкі паўстанцам. У маі таго ж года была створана 559-я транспартная група[5], перад якой была пастаўлена задача арганізаваць маршрут перакідання ваенных матэрыялаў у Паўднёвы В’етнам. Спачатку такі маршрут паўночнав’етнамцы паспрабавалі наладзіць непасрэдна праз дэмілітарызаваную зону паміж двума часткамі краіны[6]. Дастаткова хутка гэты шлях быў перакрыты і новы маршрут прайшоў у абыход ДМЗ па тэрыторыі Лаоса. Гэтаму спрыяў той факт, што ў краіне разгарнулася грамадзянская вайна, і раёны краіны, якія мяжуюць з Паўночным і Паўднёвым В’етнамам, кантраляваліся камуністычным рухам Патэт Лаа. Камбоджа фармальна была нейтральнай.

Функцыянаванне[правіць | правіць зыходнік]

Перавозка грузаў на ровары.
Адзін з пешых шляхоў маршруту.

559-я транспартная група пад камандаваннем палкоўніка Во Бама з 1959 года стала займацца транспартаваннем праз сцежку. Спачатку, гэтая група мела ў складзе два батальёна, атрымаўшы на ўзбраенне невялікую колькасць грузавікоў. Аднак асноўным яе грузавым сродкам былі ровары[7]. Грузы таксама транспартаваліся пешымі насільшчыкамі і на сланах[1]. У тым жа годзе у яе склад увайшлі два транспартных палка – 70-ы і 71-ы, і колькасць аўтамабіляў у ёй пачала расці. Во Бам неўзабаве атрымаў званне генерала, а камандаванне групы стала каардынаваць не толькі перавозкі, але і будаўнічыя работы па ўдасканаленні дарожнай сеткі на лаоскім маршруце. Да канца года ў двух яе палках было ўжо 6000 байцоў, не лічачы набраных на працы грамадзянскіх будаўнікоў і часцей аховы[8].

Да моманту адкрытага ўступлення ў вайну амерыканцаў 559-я група, якой да таго часу камандаваў генерал Фан Трон Тую, мела ў сваім складзе амаль 24000 чалавек, у яе склад уваходзілі шэсць аўтамабільных батальёнаў, два транспартных веласіпедных батальёна, лодачны транспартны батальён, восем інжынерна-сапёрных батальёнаў і 45 атрадаў тылавога забеспячэння, якія абслугоўвалі перавалачныя базы на маршрутах[7][9].

На той перыяд разам са сцежкамі па схілах гор і рачнымі маршрутамі транспартная група забяспечыла будаўніцтва некалькіх сотняў кіламетраў аўтамабільных дарог, частку якіх пакрылі жвірам і гацямі. Група таксама будавала масты, перавалачныя базы і склады, пункты адпачынку для асабістага складу транспартных падраздзяленняў, рамонтныя майстэрні, шпіталі, схроны і бункеры і ажыццяўляла не толькі дастаўку людзей і грузаў на поўдзень, але і дастаўку будаўнічых матэрыялаў для далейшага пашырэння камунікацый[7]. Да сярэдзіны 1965 тут была створана велізарная лагістычная сістэма з мноства маршрутаў. З часам в’етнамцы пашыралі сцежку і змаглі пакрыць істотную частку аўтадарог асфальтам і зрабіць іх функцыянаванне незалежным ад сезону і дажджоў[10]. В’етнамскія ваенныя будаўнікі пракладвалі масты ніжэй люстэркі вады на рэках[11], каб схаваць гэтыя пераправы ад авіяразведкі ЗША. Дарогі былі прыкрыты пастаяннай сістэмай СПА, якая складалася ў асноўным з буйнакаліберных зенітных кулямётаў[1].

Дзеянні ЗША[правіць | правіць зыходнік]

Паколькі ў прыгранічных раёнах Паўднёвага В’етнама пераважае гарыстая мясцовасць, сцежка Ха Шы Міна ўваходзіла на тэрыторыю краіны ў адносна невялікай колькасці зручных месцаў —напрыклад, у далінах А-Шаў, Я-Дранг, ваеннай зоне C і «Дзюбе папугая». У гэтых месцах на працягу шэрагу гадоў амаль пастаянна праводзіліся буйныя аперацыі і адбываліся бітвы. Амерыканскім войскам было забаронена ўрывацца на тэрыторыю Камбоджы і Лаоса з-за фармальнага нейтралітэту гэтых краін[2]. Галоўнакамандуючы войскамі ў В’етнаме генерал Уільям Уэстморленд некалькі разоў прасіў прэзідэнта ЗША Ліндана Джонсана дазволіць правядзенне аперацый на тэрыторыі гэтых дзяржаў, каб перарэзаць маршрут, але ўвесь час атрымліваў адмову. Для дзеянняў на нейтральнай тэрыторыі было створана спецыяльнае сакрэтнае падраздзяленне MACV-SOG. Падраздзяленне займалася разведкай, устаноўкай датчыкаў сачэння, захопам палонных і невялікімі дыверсіямі[12]

З 1964 года сцежка Ха Шы Міна падвяргалася пастаянным бамбардзіроўкам амерыканскай авіяцыі. Тэрыторыя Лаоса была падзелена на некалькі раёнаў, у кожным з якіх дзейнічалі свае правілы дзеянняў для амерыканскіх пілотаў. Бамбардзіроўкі праводзіліся ў рамках аперацый «Barrel Roll», «Steel Tiger», «Tiger Hound», «Commando Hunt».

З 20 сакавіка 1967 года па 5 ліпеня 1972 года, падчас сезона дажджоў з сакавіка па лістапад, арміяй ЗША праводзілася аперацыя «Папай» па выкарыстанні кліматычнай зброі з дапамогай самалётаў для затаплення і размыцця сцежкі Ха Шы Міна.

Найбольшай інтэнсіўнасці бамбардзіроўкі Лаоса дасягнулі ў 1969—1971 гадах. Акрамя самалётаў тактычнай авіяцыі і стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў B-52 былі ўпершыню ўжыты транспартныя самалёты Lockheed C-130 Hercules, узброеныя артылерыяй (Lockheed AC-130 Spectre). Гэта новаўвядзенне аказалася найбольш эфектыўнай амерыканскай зброяй на сцежцы. Нягледзячы на велізарныя страты, якія неслі паўночнав’етнамскія транспартныя атрады па шляху на поўдзень, амерыканская авіяцыя ніколі не магла цалкам перарэзаць забеспячэнне па сцежцы. У 1973 годзе ўсе бамбардзіроўкі былі спынены па патрабаванні Кангрэса ЗША[7].

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Амерыканскія і в’етнамскія крыніцы сыходзяцца ў тым, што сцежка Ха Шы Міна адыграла ключавую ролю ў перамозе Паўночнага В’етнама ў вайне[2]. На думку многіх амерыканскіх даследчыкаў, пасля 1968 года баяздольнасць мясцовых партызанскіх сіл НФВПВ падтрымлівалася практычна цалкам за кошт Паўночнага В’етнама. З гэтага ж часу прыбылыя на поўдзень па «сцежцы» паўночнав’етнамскія падраздзялення неслі на сабе асноўны цяжар ваенных дзеянняў. У прыватнасці, Велікоднае наступленне 1972 года і пераможнае Вясновае наступленне 1975 года праводзіліся амаль выключна сіламі В’етнамская народнай арміі. Адзіная за ўсю вайну спроба перарэзаць маршрут наземным надыходам была прадпрынята ў 1971 годзе ў ходзе ўварвання ў Лаос, але пацярпела няўдачу з-за таго, што праводзілася сіламі паўднёвав’етнамскай арміі, чыё ваеннае кіраўніцтва характарызавалася непрафесіяналізмам і неадпаведнасцю займаемым пасадам. Высокапастаўлены в’етнамскў афіцэр Буй Цін, якў ўцёк на Захад, у інтэрв’ю «Уол-Стрыт Джорнэл» у 1995 годзе заявіў, што[13]:

" Калі б Джонсан зацвердзіў запыт Уэстморленда на ўваходжанне ў Лаос і блакаванне сцежкі Ха Шы Міна, Ханой не змог бы выйграць вайну. "

Турызм[правіць | правіць зыходнік]

У сучасных турыстычных даведніках сцежка Ха Шы Міна называецца трасай №1, якая працягнулася з поўначы ад ракі Ка ўздоўж хрыбта Чыангшон да горада Лакнін на поўдні В’етнама. Сярод прапаноў турыстычных фірмаў сустракаецца арганізацыя тураў, падчас якіх турыстаў знаёмяць з аб’ектам. Працягласць прапанаваных тураў складаецца ў сярэднім 14 дзён. Сам маршрут часцей за ўсё пачынаецца ў Ханоі або Хашыміне. Па меры праходжання маршруту прыпынку робяцца такія гарады, як Дананг, Нячанг, Хайан і Хюэ. У гэтых месцах можна ўбачыць збіты знішчальнікі, верталёты, а таксама рэшткі іншай ваеннай тэхнікі[10].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в Зарубежное военное обозрение № 7, 2009
  2. а б в Александр Толмачёв. Тропа Хо Ши Мина спасла Вьетнам от США // Правда.ру, 13 ноября 2018
  3. John Prados, The Blood Road, New York: John Wiley and Sons, 1998, tr. 24.
  4. Макс Хейстингс. Вьетнам. История трагедии. 1945-1975 = Max Hastings Vietnam: An Epic Tragedy, 1945-1975. — М.: Альпина нон-фикшн, 2021. — 868 с. — ISBN 978-5-00139-264-4.
  5. Victory in Vietnam, 88 С.
  6. Bernard C. Nalty. The War Against Trucks: Aerial Interdiction in Southern Laos, 1968–1972. Washington, D.C.: Air Force History and Museums Program, 2005, pp. 3–4.
  7. а б в г Александр Тимохин. Тропа Хо Ши Мина. Вьетнамская дорога жизни. Часть 1 // Военное обозрение, 4 апреля 2019
  8. Victory in Vietnam, 88 С.
  9. Jacob Van Staaveren, Interdiction in Southern Laos, 1960–1968. Washington, D.C.: Center for Air Force History, 1993, Appendix 5
  10. а б Что такое тропа Хошимина и её значение в истории Вьетнама // Vietnamix.ru, 26 июля 2017
  11. Karnow, s.334
  12. US Special Operations Forces in Action: The Challenge of Unconventional Warfare, By Thomas K. Adams
  13. How North Vietnam Won The War (англ.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дэвидсон Ф. Война во Вьетнаме (1946—1975) = Vietnam at War: The History 1946-1975. — М.: Изографус, Эксмо, 2002. — С. 816.
  • Kenneth Conboy: Shadow War. Boulder CO: Paladin Press, 1995. ISBN 1-5816-0535-8.
  • Kenneth Conboy: War In Laos 1954-1975. Carrollton, TX: Squadron/Signal Publications, 1994. ISBN 0-89747-315-9.
  • Artur Dmochowski: Wietnam 1962-1975. Warszawa: Bellona, 2004. ISBN 83-11-09677-5.
  • Edward Doyle, Samuel Lipsman i Terrence Maitland: The North. Boston Publishing Company, 1986. ISBN 0-9395-2621-2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]