Сэрца чалавека

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сэрца

Сэрца чалавека
Сістэма Кровазварот
Кровазабеспячэнне Правая каранарная артэрыя, левая каранарная артэрыя
Вянозны адток вялікая вена сэрца, сярэдняя вена сэрца, малая вена сэрца, пярэднія вены сэрца, малыя вена, задняя вена левага жалудачка, касая вена левага перадсэрдзя
Інервацыя
  • сімпатычная інервацыя — шыйны сімпатычны ганглій, грудны сімпатычны ганглій
  • парасімпатычная інервацыя — кардынальныя верхнія і ніжнія галінкі блукальнага нерва.
Лімфа ніжнія трахеабранхіяльныя лімфавузлы, пярэднія міжсценневыя лімфавузлы.
Каталогі MeSH?Gray?Dorlands

Сэрца чалавека — полы мышачны орган, заключаны ў калясардэчную сумку — перыкард.[1] Размешчана паміж лёгкімі ў міжсценні грудной поласці, мае форму зрэзанага конуса. У дарослага чалавека даўжыня сэрца складае 10—15 см, сярэдняя маса 250 г у жанчын, 330 г у мужчын.

Перагародка падзяляе сэрца на правую і левую палавіны (правая ў пярэдняй частцы цела, левая — у задняй). Кожная з палавін мае перадсэрдзе (уверсе) і размешчаны пад ім жалудачак. «Шкілет» сэрца складаецца са шчыльнай валакністай злучальнай тканкі з участкамі храстковай, утвораны мембраннай перагародкай, фібрознымі трохвугольнікамі і кольцамі. З ім звязаны клапаны сэрца і прымацавана большасць мышачных валокнаў. Сценка сэрца ўтворана папярочна-паласатай сардэчнай мышачнай тканкай (міякардам), якая звонку абкружана эпікардам, унутры выслана эндакардам.

Рух крыві ў адным напрамку забяспечваецца сардэчнымі клапанамі, якія адкрываюцца толькі ў адным напрамку: з перадсэрдзяў у жалудачкі і з жалудачкаў у артэрыі. Сэрца дарослага чалавека скарачаецца 55—70 разоў за хвіліну і пераганяе за гэты час 4,5—5 л крыві. Кожны цыкл сардэчнай дзейнасці складаецца са скарачэння (сістала) перадсэрдзяў, потым жалудачкаў і паўзы (дыястала), у час якой сардэчная поласць напаўняецца крывёю і аднаўляецца скарачальная энергія сэрца. Дзейнасць сэрца рэгулюецца нейрагумаральнымі механізмамі  (руск.). Сардэчная мышца валодае аўтаматызмам (можа скарачацца і без удзелу цэнтральнай нервовай сістэмы). Сэрца забяспечваецца крывёю каранарнымі (вянечнымі) артэрыямі  (руск.), якія ўтвараюць густую капілярную сетку; інервуецца галінкамі блукальнага і сімпатычнага нерваў.

Хваробы сэрца чалавека вывучае кардыялогія.

Анатомія сэрца [2][правіць | правіць зыходнік]

Cэрца чалавека знаходзіцца ў цэнтры міжсцення, на ўзроўні грудных пазванкоў Т5-Т8. Сэрца заключана ў перыкард – двайны мембранны мяшочак, які прымацоўваецца да міжсцення. Задняя паверхня сэрца ляжыць паблізу хрыбетнага стаўпа, пярэдняя паверхня замацована за грудзінай і грудіна-рэбравымі храсткамі. Верхняя частка сэрца ўяўляе сабой месца мацавання некалькіх буйных крывяносных сасудаў: полых вен, аорты і лёгачнага ствала. Верхняя частка сэрца знаходзіцца на ўзроўні трэцяга рэбернага храстка. Ніжняя вяршыня сэрца ляжыць злева ад грудзіны (ад 8 да 9 см ад сярэднегрудзіннай лініі) паміж чацвёртым і пятым рэбрамі паблізу іх сучлянення з рэбернымі храсткамі.

Па ўласных пачуццях сэрца адчуваецца злева ад грудзіны больш з-за таго, што левыя аддзелы сэрца мацней за правыя, а таксама па прычыне таго, што сэрца нязначна змешчана ўлева ў грудной клетцы. Пры гэтым у невялікай долі выпадкаў сэрца змешчана ўправа, такое становішча называецца дэкстаркардзіяй. З-за звычайнага змяшчэння сэрца ўлева, а таксама таму, што сэрца знаходзіцца паміж лёгкімі, левае лёгкае менш за правае і мае сардэчную выемку, дзе і змяшчаецца сэрца. Сэрца мае форму конусу з асновай, звернутай уверх і крыху назад, і верхавінай, накіраванай ўніз і наперад (звужаецца да вяршыні грудзіны). Дарослае сэрца мае масу 250-350 г. і, звычайна, па памерах роўна кулаку чалавека: 12 см у даўжыню, 8 см у шырыню і 6 см таўшчынёй. Пры некаторых паталагічных станах, а таксама ў добра падрыхтаваных спартсменаў сэрца можа мець значна павялічаныя памеры.

Парокі сэрца [3][правіць | правіць зыходнік]

Парокі сэрца — паталагічныя змены анатамічнай структуры сэрца і пачатковай часткі сасудаў, што адыходзяць ад яго. Парокі могуць прыводзяць да парушэнняў гемадынамікі.

Парокі сэрца падзяляюцца на

  • прыроджаныя — фарміруюцца ў выніку парушэнняў ці незакончанасці пад час унутрывантробнага, а часам і постнатальнага развіцця. Звычайна праяўляюцца адразу пасля нараджэння, але некаторыя прыроджаныя парокі сэрца дыягнастуюць у дарослым узросце. Прыроджаныя парокі могуць прыводзяць да парушэнняў агульнай і ўнутрысардэчнай гемадынамікі. Значнасць гэтых парушэнняў уплывае на адэкватнасць развіцця, клінічныя праявы, прагноз жыцця немаўлят.
  • набытыя — як ускладненні другіх захворванняў. Да набытых парокаў прыводзіць рэўматызм  (руск.), інфекцыйны эндакардыт  (руск.), сіфіліс, захворванні, звязаныя з аортай, — анеўрызма, атэрасклероз, васкуліты. Пры набытых парках пашкоджваюцца клапаны ці перагародкі камер сэрца.

Набытыя парокі сэрца класіфікуюць

  • У залежнасці ад лакалізацыі
  • мітральныя
  • аартальныя і інш.
  • Па паражэнню клапана выдзяляюць
  • недастатковасць клапана
  • стэноз (суджэнне)
  • спалучаны парок (спалучэнне недастатковасці і стэнозу)
  • Па колькасці паражоных клапанаў
  • Ізаляваны (звычайны) парок сэрца — паталагічныя змены ў адным клапане
  • Камбінаваны парок сэрца — пры паталагічных зменах некалькіх клапанаў сэрца.

Доўга існуючыя парокі вядуць да развіцця хранічнай і вострай недастатковасці кровазвароту, да парушэнняў рытму і іншых ускладненняў. Лячэнне кансерватыўнае, хірургічнае.

Зноскі

  1. Сэрца // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15.
  2. Iлюстраваны медыцынскі слоўнік Дорленда = Dorland's Illustrated Medical Dictionary. — 32nd. — Elsevier. — С. 1461. — ISBN 978-1-4160-6257-8.
  3. М. А. Саўчанка. Парокі сэрца // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. С. 101

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]