Сядзіба (Дворышча)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Сядзіба, Дворышча)
Славутасць
Сядзібна-паркавы ансамбль Вольскіх
53°59′45″ пн. ш. 25°23′15″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Дворышча
Будынкі
вежа сядзібнага дома • вадзяны плын • рэшткі кузні • вінакурня • парк
Map

Сядзіба Бельскіх — рэшткі сядзібна-паркавага ансамбля XIX стагоддзя ў агр. Дворышча Лідскага раёна. Меў рысы несапраўднай готыкі.

Размяшчэнне і склад сядзібы[правіць | правіць зыходнік]

Фальварак размяшчаўся на аддаленні ў чвэрць вярсты ад вёскі Дворышча і прымыкаў да сплаўной ракі Жыжмы[1]. У 40-х гадах ХІХ стагоддзя сядзібны комплекс уключаў у сябе наступныя пабудовы: «Дом жылы панскі драўляны на мураваным фундаменце»[2], а таксама «эканамічную хату, свіран з сутарэннямі, стайню, 2 хлявы для буйной жывёлы, аўчарнік, адрыну для складвання сена, гумно і хату для мельніка»[3]. Меўся таксама драўляны вадзяны млын на 3-х стойках[2]. Акрамя гэтага, на тэрыторыі сядзібы размяшчаліся наступныя пабудовы: ляднік, печ для абпалу вапны, мураваны броварны завод з свіранам на гарэлку. Вінакурэнне на заводзе праводзілася на працягу 6 месяцаў і выкурвалася да 6412 вёдраў гарэлкі. Для продажу гарэлкі ў маёнтку было заведзена 13 корчмаў. Прычым у самім Дворышчы стаяла мураваная карчма. Выручка ад продажу пітва складала 800 рублёў срэбрам[4].

У другой палове ХІХ стагоддзя ў сядзібе былі праведзеныя перабудовы. Комплекс пабудоў застаўся ранейшым — дадаўся толькі піваварны завод, але на месцы струхлелых драўляных будынкаў былі збудаваны новыя мураваныя будынкі сядзібнага дома, млына вадзянога, піваварнага і крухмальнага заводаў, а таксама драўлянага свірана на мураваных сутарэннях. Відаць, у гэты час быў сфармаваны і парк пры сядзібе[1].

Відаць, сядзібны дом быў перабудаваны ў 50-х гадах ХІХ стагоддзя, але, магчыма, што цэнтральны драўляны аб'ём застаўся ранейшым, а да яго прыбудавалі дзве мураваныя вежы[1].

Сядзібны дом[правіць | правіць зыходнік]

Палац Бішэўскіх у Лынтупах
Сядзібны дом у Тарнове

Адзначаецца, што найбольш блізкімі да сядзібы ў Дворышчы захаванымі аналагамі можна лічыць сядзібныя дамы ў Лынтупах Пастаўскага раёна і Тарнове Лідскага раёна. Сядзібы, прыведзеныя ў якасці аналагаў, пабудаваныя на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў. Але сядзібны дом у Дворышчы быў пабудаваны значна раней. Верагодна, што пабудову сядзібы ажыццявілі Пуслоўскія, якія валодалі Дворышчам да 1855 года[1].

Жылы дом меў 2 вежы. Ён быў зроблены з часанага хваёвага дрэва, звонку абабіты дошкамі, на мураваным фундаменце. Пакрыты дранкаю (гонтаю), дах выфарбаваны фарбай цёмна-чырвонага колеру[2]. Дом падзяляўся на тры флігелі, сярэдні — чатырохпавярховы, а два крайнія — 2-х павярховыя, з чатырма ганкамі, з іх — два зашклёныя, у гэтым доме 30 пакояў з кухняю, у ёй студня з меднаю помпаю і трубою з кранамі, якая праходзіць у пральню; у гэтай апошняй уладкована печка з цэглы, і ў яе памешчаны медны кацёл або апарат для грэння вады для мыцця бялізны, ва ўсім доме некалькі калідораў, 8 камораў, 49 вокнаў, 28 печаў і камінаў, 49 дзвярэй. У пакоях, выключаючы ніжні паверх, падлогі фарбаваныя, сцены вытынкаваныя і выбеленыя, дзверы двойчатыя на жалезных завесах і гаках (круках) з унутранымі замкамі, у вокнах рамы венецыянскія падвойныя. Печы з кафлі герметычныя з чыгуннымі дзверцамі. У ніжнім паверсе ўладкаванне простае, вокны невялікія з кратамі[5].

Па абодвух баках дома дзве мураваныя вежы з галерэямі наверсе, сцены іх выфарбаваныя звонку жоўтай фарбай. Галерэі абнесеныя балясамі, падлогі іх пакрыты бляхай, выфарбаванай фарбай цёмна-чырвонага колеру[6]. На вежах былі ўладкованыя бляшаныя трубы для сцёку вады. Вежа па правым баку ад дома — чатырохпавярховая з лесвіцаю ўсярэдзіне. У ёй 4 пакоі без падлог. Тынкованая, 24 акны, 4 печы, 4 дзвярэй. Другая вежа, па левым баку дома — трохпавярховая. У ёй акрамя лесвіцы пакояў няма, з 7 вокнамі з 3-х бакоў. Пад гэтай вежаю знаходзіцца ляднік[7]. Даўжыня дома дасягала 25,2 сажні, а шырыня 6,2 сажні[1].

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

Колішні будынак карчмы

У цяперашні час на тэрыторыі сядзібы захаваліся поўнасцю або часткова будынкі млына, крухмальнага завода, ледніка, свірана, карчмы, кузні і нейкага складскога памяшкання[1].

Вежа сядзібнага дома

Ад сядзібнага дома захавалася толькі адна чатырохпавярховая вежа. Сядзібная вежа ўяўляе сабой 4-хпавярховы, квадратны ў плане цагляны будынак на высокім каменным падмурку. Вышыня вежы каля 15 метраў. Пад ёй маецца склеп. Будынак мае насычанае дэкаратыўнае аздабленне. Абтынкаваныя сцены вежы прарэзаныя паўцыркульнымі вокнамі з прафіляванымі арачнымі сандрыкамі. Вуглы вежы да чацвёртага яруса выдзелены рустам. Ад другой вежы — трохпавярховай — у Дворышчы захаваўся фундамент, на якім у 80-я гады 20-га стагоддзя надбудавалі будоўлю невыразнага прызначэння «пад старыну»[1].

Парк[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове ХІХ стагоддзя, а магчыма нават і раней у сядзібе Дворышча быў разбіты парк пейзажнага тыпу. Рэшткі парка захаваліся[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж Дворышча (стар. 43-60)
  2. а б в ЦДГА Літвы, ф. 394, воп. 4, адз. зах. 782, арк. 3 аб.
  3. ЦДГА Літвы, ф. 394, воп. 8, адз. зах. 1944, арк. 4 аб.
  4. ЦДГА Літвы, ф. 349, воп. 4, адз. зах. 782, арк. 4
  5. ЦДГА Літвы, ф. 349, воп. 4, адз. зах. 782, арк. 4.
  6. ЦДГА Літвы, ф. 525, воп. 1, спр. 1270, ліст 130 аб.
  7. ЦДГА Літвы, ф. 525, воп. 1, спр. 1270, ліст 131

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]