Сядзіба Бонч-Асмалоўскіх (Блонь)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
сядзіба
Сядзібна-паркавы ансамбль Бонч-Асмалоўскіх
Сядзібны дом Бонч-Асмалоўскіх у Блоні, зараз раённы краязнаўчы музей.
Сядзібны дом Бонч-Асмалоўскіх у Блоні, зараз раённы краязнаўчы музей.
53°31′34,77″ пн. ш. 28°11′32,40″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Блонь
Архітэктурны стыль барока
Будынкі:
сядзіба • флігель • царква • альтанку • вадзяны млын • крухмальны завод • майстэрні • малочную ферму • маслабойку • сыраварню

Сядзіба Бонч-Асмалоўскіх — сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Блонь Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сядзіба ўключала ў сябе сядзібны дом, флігель, альтанку, вадзяны млын, крухмальны завод, майстэрні, малочную ферму, маслабойку, сыраварню і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Сядзібу стваралі хутчэй за ўсё Асоўскія на месцы былога кляштара езуіцкай місіі. На думку даследчыка Афтаназі, кляштар стаў жылым домам новай сядзібы.

Планіровачная пабудова сядзібы вызначалася становішчам на беразе Цітаўка. Сядзібны дом размешчаны ля грэбня тэрасы, якая стромка абрываецца да рэчышча ракі. Драўляны сядзібны дом быў пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя на паўночнай ускраіне Блоні, побач с дарогай Мар'іна Горка — Пухавічы. Парадная частка сядзібы мае рысы, характэрныя для невялікіх сядзіб эпохі позняга класіцызму[1], але даследчык Т. В. Габрусь адносіць увесь будынак да эклектыкі[2]. Вакол дома быў разбіты невялікі рэгулярны парк. Дом аднапавярховы і прамавугольны ў плане, накрыты вальмавым дахам. У цэнтральнай частцы галоўнага фасада знаходзіцца шырокі порцік з чатырох мураваных тасканскіх калон, якія падтрымліваюць франтон з люкарнай у тымпане. Фасады ашаляваны гарызантальна. Тарцы будынка выкананыя ў выглядзе лоджый, вылучаных парамі калон з імправізаванымі капітэлямі. Таксама на фоне шалёўкі вылучаюцца ліштвы праёмаў і вуглавы руст. Будынак мае анфіладную кампазіцыю з вестыбюлем у цэнтры. Па тарцах знаходзяцца 2 вялікія залы.

У пачатку XX ст. Бонч-Асмалоўскім да левага тарца будынка быў прыбудаваны двухпавярховы рызаліт вежавага тыпу. Аконныя і дзвярныя праёмы, а таксама калоны былі афарбаваны ў светлы колер, а агульны фон будынка быў цёмным. Такую каларыстыку захавалі і да нашых дзён. Дом меў два ганка: з бакавога (заходняга) і паўднёвага фасадаў. Палажэнне дома на высокім беразе давала магчымасць агляду шырокай панарамы другога берага. Вось галоўнай перспектывы была падкрэслена двума магутнымі дрэвамі Populus alba. З процілеглага боку ракі сядзібу добра відаць з драўлянага моста.

Сядзібны дом быў галоўным акцэнтам паўночна-заходняй перспектывы. Але выразны кампазіцыйны прыём страціў свой эфект з-за разрослай уздоўж берага вярбы і дзевяці таполяў пасынкавага паходжання, якія цалкам захінаюць будынак. Па восі да будынка сядзібы, з паўднёвага боку вядзе доўгая ўязная алея, абсаджаная пераважна клёнамі (падсаджана таполя канадская Robusta), уздоўж якой размяшчаліся сады, а з заходняга боку — гаспадарчыя і службовыя пабудовы. У цяперашні час працягам алеі з'яўляецца асфальтаваная дарога, якая праходзіць каля дома, перасякаючы тэрыторыю сядзібы (зараз раён прыватнай забудовы). На месцы змененага партэра з кругам (з будаўніцтвам дарогі ён аказаўся прыніжаным) растуць конскія каштаны (7 дрэў ва ўзросце больш за 50 гадоў) з нізкапасаджанымі кронамі і 2 грушы. Дрэвы закрываюць фасад сядзібнага дома.

Сам рэгулярны парк невялікі, займае каля 4 гектараў уздоўж ракі, якая, плаўна выгінаючыся, вызначае контуры парку. Асноўныя перспектывы былі арыентаваны на пойму, якая візуальна была часткай парку.

Зараз у доме знаходзіцца раённы краязнаўчы музей.

Зноскі