Перайсці да зместу

Сядзіба Кеневічаў (Брынёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Сядзіба Кеневічаў
52°11′32″ пн. ш. 28°10′52″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль класіцызм
Заснавальнік Геранім Кеневіч
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Брынёўская сядзіба — колішняя сядзіба на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі в. Брынёў Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці.

Маёнтак Брынёў набыў у канцы XVIII ст. Антон Нестар Кеневіч, падкаморы новагародскі. З 1890 па 1917 г. маёнтак знаходзіўся ў валоданні Гераніма Кеневіча (1866—1925). У сядзібе ішло насычанае культурнае жыццё. Тут пастаянна праводзіліся паэтычныя вечары, у хатнім тэатры ставіліся напісаныя гаспадаром п’есы, адбываліся паляванні ў навакольных лясах[1].

У канцы XIX ст. у Брынёве, дзе мелася маленькая сядзіба на фальварку, адразу пасля шлюбу Геранім Кеневіч пачынае будаўніцтва вялікай панскай сядзібы. Аднак работы спыніліся з-за Першай сусветнай вайны[1].

Жылыя дамы пачатку XX ст.

Сядзібны дом складаўся з трох падковападобна размешчаных карпусоў. Галоўны з іх — адзінаццацівосевы аднапавярховы будынак з двухпавярховым трохвосевым цэнтральным рызалітам і невялікім чатырохкалонным порцікам перад ім. Цэнтральны ўваход быў вырашаны двухкалонным парталам[1].

Падобныя памеры і класіцыстычную трактоўку меў і левы корпус сядзібы з порцікам у сярэдняй частцы галоўнага фасада. З двара карпусы аб’ядноўваліся абшырнай тэрасай з балюстрадай і двухбаковымі лесвіцамі, якія спускаліся да парку[1].

У паўночнай частцы захаваўся мураваны лямус. За межамі парку з паўднёвага ўсходу захаваліся мураваныя будынкі — 2 жылыя дамы і стайня, пабудаваныя ў пачатку 20 ст[2].

Плошча парку складае каля 4,5 га. Тэрыторыя падзелена на паўднёва-ўсходнюю і паўночна-заходнюю часткі ручаём, які ўтварае 2 сажалкі. Галоўная алея ідзе перпендыкулярна ручаю. У парку растуць мясцовыя пароды дрэў: дуб, ліпа, клён, хвоя звычайная[2].

Зноскі

  1. а б в г Брынёўская сядзіба // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. — 351 с. — ISBN 985-01-0415-5.
  2. а б Т. В. Габрусь. 1425. Парк // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Гомельская вобласць. — 383 с., іл.