Сядзібна-паркавы комплекс Іваноўскіх (Галавічполе)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Сядзібна-паркавы комплекс Іваноўскіх
53°43′51″ пн. ш. 24°46′15″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Галавічполе
Архітэктурны стыль мадэрн, неаготыка
Заснавальнік Леанард Іваноўскі
Дата заснавання 1909
Будынкі
сядзібны дом • арачны мост • гаспадарчыя пабудовы • парк
Вядомыя жыхары Ежы Іваноўскі, Вацлаў Іваноўскі, Тадэвуш Іваноўскі, Алена Іваноўская
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000621шыфр 412Г000621
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне

Сядзібна-паркавы комплекс Іваноўскіх, Лябёдка Іваноўская — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры мадэрну з элементамі неаготыкі. Створана ў пачатку XX ст. у в. Галавічполе (Шчучынскі раён). У сядзібе размешчаны Васілішкаўскі дом-інтэрнат.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых краін славянскіх», гэты фальварак пад назвай Дварэц быў падараваны прывілеем Жыгімонта I ад 7 лістапада 1510 г. двараніну яго, Івашку Рыла-Быкоўскаму, і з таго часу перадаваўся ад бацькі да сына і не выходзіў з валодання сям’і. У сярэдзіне XIX ст. ён займаў 666 маргоў (каля 370 га), пасля выхаду сялян з-пад прыгону ў 1861 г. у ім засталося 325 маргоў (каля 180 га). Гэты адносна невялікі маёнтак і атрымала ў спадчыну Антаніна і да самай сваёй смерці заставалася яго ўладальніцай.

Самыя раннія дакументальныя звесткі з гісторыі сям’і Іваноўскіх сягаюць сярэдзіны XVII ст. У першай палове XIX ст. Станіслаў Іваноўскі (нар. 1819) быў вымушаны саступіць радавы маёнтак Руда Яворская ў Слонімскім павеце старэйшаму брату Вінцэнту і шукаць свайго лёсу ў іншым месцы. Ён неўзабаве ажаніўся з Антанінай, адзінай дачкой Юрыя Андрэевіча Рыла-Быкоўскага, уладальніка фальварка Лябёдка.

Пасля заўчаснай смерці Антаніны ў 1852 годзе маёмасныя меркаванні схілілі Станіслава Іваноўскага да шлюбу з Каралінай Клімантовіч, а пасля яе смерці ў 1856 г. ужо 58-гадовы гаспадар ажаніўся трэці раз з дужа маладзейшай за сябе Станіславай Губарэвіч з суседняга фальварка Галавічполь. У выніку Лябёдка павялічылася за кошт часткі гэтага фальварка.

Адзіным сынам Станіслава і Антаніны быў Леанард Іваноўскі (нар. 1845), які пасля смерці маці стаў паўнапраўным гаспадаром Лябёдкі. Ён атрымаў ступень інжынера-тэхнолага, а затым да 1891 працаваў на прамысловых будоўлях Расійскай імперыі. Аддаваў шмат увагі на развіццё і ўдасканаленне гаспадаркі ў Лябёдцы. Паступова павялічыў яе да 500 га, задрэнаваў рольныя грунты, засадзіў лесам аблогі, абсталяваў сельскагаспадарчымі машынамі, пабудаваў паравы млын. Асаблівую ўвагу надаваў садоўніцтву. У садовай гаспадарцы было выпрабавана каля 400 сартоў яблынь, 100 — груш і 80 — сліваў, вішняў, чарэшняў. Садавіну з Лябёдкі вывозілі на пецярбургскія і маскоўскія рынкі, двойчы яе гаспадар атрымліваў залаты медаль на ўсерасійскіх выстаўках. Варшаўскае садаўнічае таварыства абрала Л. Іваноўскага старшынёю.

У сям’і Леанарда Іваноўскага і Ядвігі з Райхеляў нарадзілася пяцёра дзяцей: Юры (1876), Вацлаў (1880), Тадэвуш (1882), Галена (1885 ці 86) і Станіслаў (1887). Паводле метрычных запісаў рымска-каталіцкай парафіі ў Старых Васілішках абрад хрышчэння адбываўся пераважна падчас летняга адпачынку, калі сям’я пераязджала ў Лябёдку з Краснага  (руск.) Варонежскай губерні, дзе пражывалі бацькі.

У 1891 годзе сям’я Іваноўскіх пераехала з Краснага ў Варшаву. Леанард праз некалькі гадоў асеў у Санкт-Пецярбургу, а жонка з дзецьмі заставалася ў Варшаве.

У першыя гады XX ст. у Лябёдцы была завершана будоўля новай сямейнай рэзідэнцыі. Дзейнасць Леанарда Іваноўскага была накіравана на тое, каб ператварыць Лябёдку ва ўзорны асяродак агратэхнічнага прагрэсу. Маладых сялян прымалі ў маёнтку на практыку ў галіне садоўніцтва, пчалярства, жывёла- і раслінаводства. У 1913 меркавалася адкрыць курсы малочнай вытворчасці. Аднак у хуткім часе вайна і акупацыя зруйнавалі гаспадарку.

Падчас Першай сусветнай вайны Леанард Іваноўскі адмовіўся ад дзяржаўнай службы і вярнуўся ў Лябёдку. Тут ён памёр у 1919 годзе, быў пахаваны ў сямейным склепе непадалёк ад Лябёдкі. У 1934 годзе памерла жонка Ядвіга, яе пахавалі побач з Леанардам.

Сядзіба Іваноўскіх, 1933 год

Апошнім уласнікам маёнтка Лябёдка Іваноўская да 1939 года быў Станіслаў Іваноўскі[1]. Пасля амаль уся сям’я Іваноўскіх схавалася ў Вільні, якая знаходзілася за літоўскай мяжой. Шукальнікі скарбаў разбілі іх фамільны склеп, прах нябожчыкаў быў выкінуты з трунаў. Пазней дзеці «забаўляліся» чарапамі Леанарда і Ядвігі, як футбольнымі мячамі[2].

У 1971 годзе адкрыты Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Гаспода

Гаспода (1909 г.) — мураваны будынак у плане нагадвае літару «L» (Lebiodka) і мае вялікую колькасць пакояў. Складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўтвараюць адна- і двухпавярховыя аб’ёмы, накрытыя дахоўкай высокія стрэхі з фігурнымі люкарнамі, спічастымі фіяламі і шчытамі, гранёныя эркеры з шатровымі завяршэннямі. Дэкаратыўнае вырашэнне фасадаў заснаванае на спалучэнні чырвонага колеру цаглянай муроўкі з атынкаванымі ліштвамі, карнізамі і рустоўкай, паліхромнай муроўкай цокаля з вапнавых блокаў. Паўкруглыя тымпаны над вокнамі запоўненыя дэкаратыўнымі арнаментальнымі ўстаўкамі з паліванай керамікі. Элементы архітэктурнага дэкору ствараюць на фасадах геаметрычны малюнак. Планіроўка калідорная з выхадам на тэрасу з каванай агароджай. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні.

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Дом размешчаны ў пейзажным парку (плошча 18 га), ад якога зберагліся фрагменты. Уязная алея абсаджаная грабам, прамавугольныя баскеты абмежаваныя алеямі. На ўскраіне парку шэраг ставоў. У дэндраскладзе больш за 50 відаў дрэў.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. pamiecdlapokolen.pl(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2019. Праверана 4 жніўня 2019.
  2. Вацлаў Іваноўскі. Да 110-годдзя (1880—1943). — Мн., 1990. — С. 125

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]