Сядзібна-паркавы комплекс Гюнтэраў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Сядзібна-паркавы комплекс Гюнтэраў
54°47′20″ пн. ш. 26°24′18″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Заснавальнік Адам Гюнтэр і Аляксандра з Тызенгаўзаў[d]
Будаўніцтва 18241830 гады
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сядзібна-паркавы комплекс Гюнтэраў — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў вёсцы Дабраўляны Смаргонскага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Палац у Дабраўлянах быў пабудаваны ў XVIII ст. пры Сангушках.

Адам Гюнтэр

У 1824 г. граф Адам Гюнтэр і яго жонка Аляксандра Канстанцыя Гюнтэр з Тызенгаўзаў (пам. у 1843) заклалі нарожны камень пад новы палац у Дабраўлянах. У палацы пры Гюнтэрах была вялікая бібліятэка. Дзякуючы іхнім намаганням сядзіба Гюнтэраў ператварылася ў сапраўдны культурны цэнтр для мясцовага дваранства. Правінцыйнае жыццё ў Дабраўлянах першай паловы XIX стагоддзя добра апісанае ў мемуарах іх малодшай дачкі — Альбіны Габрыэлы Пузыны (1815, Вільня — 16.08.1869, Гарадзілава). Падчас паўстання 1831 года граф Адам Гюнтэр увайшоў у склад паўстанцкага Часовага ўрада Свянцянскага павета, за што пазней паўстаў перад судом[1].

У 1851 годзе Адам Гюнтэр падзяліў сваю маёмасць паміж трыма дочкамі: Мацільдай Бучынскай, Ідай Мастоўскай і Габрыэляй Пузынай. У грашовым эквіваленце на долю кожнай з сясцёр прыпадала па 116 992 рублі срэбрам і 33 1/3 капеек. Тады Мацільда ​​ўзяла сабе Дабраўляны і фальварак Надбрэззе з даплатай сёстрам па 21 326 рублёў срэбрам.

З сакавіка 1862 і да 22 лютага 1864 года хаваўся ў Дабраўлянах у Мацільды Бучынскай ад пераследу царскай адміністрацыі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У сакавіку 1862 года часовы ваенны губернатар Мінскай губерні генерал-маёр Кушаль разаслаў цыркуляр, у якім было напісана: «Па атрыманых мною праўдзівых звестках высвятляецца, што памешчыкам Марцінкевічам напісаны на народнай беларускай мове абуральны верш пад назвай „Гутарка старога дзеда“, што мае на мэце ўзбудзіць сялян заходніх губерняў супраць урада, … і што г. Марцінкевіч стараецца распаўсюджваць свой твор… сярод простага народа». Пасля таго, як маёнтак Дабраўляны быў секвестраваны, з 22 лютага 1864 года вымушаны быў пераехаць у найбліжэйшае мястэчка Свір, дзе пражываў паўгода да самага свайго арышту[2].

У гады Першай сусветнай вайны палац быў цалкам разбураны і згарэў неўзабаве пасля вайны (1920) ў выніку падпалу супрацоўнікамі. Пазней ён быў разбураны, парк таксама знік. На сённяшні час засталіся толькі гаспадарчыя пабудовы і рэштка парку. Захавалася літаграфія Казіміра Бахматовіча 1835 года з выявай палаца, а таксама нямецкая паштоўка 1917 года, на якой відаць палац напярэдадні пажару.

Палац у Дабраўлянах знайшоў сваё адлюстраванне ў творы Ігната Ходзькі[3] «Пракляты», напісанага на падставе мясцовай легенды.

Парк і палац[правіць | правіць зыходнік]

Парк закладзены ў другой палове XVIII ст. у рэгулярным стылі. Меў складаны лабірынт у баскетах, шматлікія фармаваныя дрэвы, па перыферыі быў акружаны каналам. У 1824—1830 гг. А. Гюнтэр з Тызенгаўзаў узводзіць новы палац з хатняй капліцай на першым паверсе — характэрным элементам палацаў канца XVIII — першай паловы XIX ст. Прыгожы мураваны будынак з рызалітам і мансардай, пабудаваны архітэктарам Барэці на месцы старога, стаў цэнтрам паркавых кампазіцый. Сядзіба перабудоўвалася ў духу рамантызму, у тым ліку нават гаспадарчыя пабудовы. Інтэр’еры палаца мелі псеўдагатычныя дэкарацыі. У парку будаваліся гроты, альтанкі. Месцам адзіноты служылі маленькія астравы на вадаёмах. Была пабудавана гатычная капліца. Адмысловая ўвага надавалася ідэалізацыі сельскага жыцця. Па-майстэрску пабудаваны будан служыў малочняй. У парку вырошчваліся не толькі кветкавыя расліны, але і гародніна. З розных месцаў парку даносіліся жалейкавыя трэлі перапранутых у сялянскае адзенне «пастухоў»[4].

Будова параднай часткі парку заставалася сіметрычна-восевай. Кампазіцыйная вось кароткая, арыентавана ад галоўнага пад’езда да палаца праз дамбу паміж старымі сажалкамі. Яны знаходзяцца з паўночнага боку па перыметры парку ў выглядзе двух выцягнутых (да 200 м) прамавугольнікаў шырынёй 30 м. Нават цяпер прыкметная выразнасць прамалінейных формаў, адточанасць сценак, што характэрна для вадаёмаў у парках рэгулярнага стылю. За воднай роўняддзю размяшчаецца парадная частка парку круглявай формы. У яе дэкарыраванні па перыметры выкарыстоўвалася таполя чорная італьянская. Сіметрычна, з флангаў, на газоне растуць адзіночныя групы ліпы сэрцападобнай. Парадная частка акружана вялікім паркавым масівам, створаным па прынцыпе спалучэння невялікіх палян і груп дрэваў. Яго асаблівасцю стала водная сістэма. З будаўніцтвам трох сажалак на месцы былых рэгулярных кампазіцый яна прыняла замкнёны выгляд. Каналамі і пратокамі, а таксама пасродкам ручая сажалкі злучаліся са старымі вадаёмамі, з-за чаго цэнтральная частка парку здавалася востравам. Невялікія, круглявай формы новыя сажалкі са зрэзанымі берагамі і астраўкамі размешчаны адна за адной. Водная сістэма вызначыла шпацырны маршрут з перспектывамі, якія раскрываюцца на водную роўнядзь сажалак, пойму ручая і карціны парку. Маленькія дамбы, перакідныя масткі, альтанкі сярод масы зеляніны ажыўлялі пейзажы, служылі акцэнтамі ў кампазіцыі паркавага ландшафту[4].

Аснову насаджэнняў парку складаюць мясцовыя віды (ліпа, ясень, клён, асіна, алешына). Мелася шмат конскіх каштанаў, раслі буйныя букі. Разрослыя на палянах кусты (дзёран, рабіннік, чаромха, глогі), маладняк алешыны і ясеня закрылі перспектывы, і парк прыняў выгляд суцэльнага лесапаркавага масіва са слядамі залішняга ўвільгатнення. Тут маецца адзіная ў Беларусі біягрупа ліяны арысталохіі буйналістай (Aristolochia macrophylla), якая падымаецца па асінах на вышыню да 10,5 м. У абсаджванні гаспадарчай зоны (цяпер жывёлагадоўчая ферма), размешчанай з паўночнага боку ад цэнтральнай алеі сядзібы, выкарыстана таполя канадская позняя (Populus ×canadensis)[4].

Дабраўлянскі палац быў разбураны ў гады Першай сусветнай вайны і больш не адбудоўваўся. Яго жыццё, падзеі, звязаныя з гэтай сядзібай і іншымі маёнткамі края, захаваны Габрыэлай з роду Гюнтэр. Захаваўся будынак былой лядоўні, гаспадарчыя пабудовы і часткова парк[4].

Зноскі

  1. Драўніцкі Я. Антыцарскае паўстанне 1831 года на Віленшчыне // Нашы карані. Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер’я. Паставы: Сумежжа. — № 5, студзень-сакавік 2003 г. — С.14.
  2. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мядзельскага раёна. — Мн.,1998. — С. 110. — ISBN 985-11-0107-9
  3. Один из рода Ходзько
  4. а б в г Федорук А. Т. Добровляны // Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск: Ураджай, 1989. — 247 с. — 10 300 экз. — ISBN 5-7860-0086-9.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]