Селькупы

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Сялькупы)
Перайсці да: рух, знайсці
Селькупы
(солькуп)
Selkups.jpg
Агульная колькасць 3649
Рэгіёны пражывання Расія
Мова Селькупская мова
Рэлігія Праваслаўе, анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы нганасаны, ненцы, энцы, саянскія самадыйцы

Сельку́пы (саманазва солькуп, літаральна «лясны чалавек») — народ, які пражывае ў Расіі на поўначы Заходняй Сібіры. Колькасць - 3 649 чалавек (2010). Да 1930-х іх называлі асцяка-самаедамі.

Селькупы жывуць на поўначы Томскай і Цюменскай абласцей і ў Краснаярскім краі. Існуюць дзве групы селькупаў — паўночная (саманазва — солькуп, шолькуп) і паўднёвая (саманазвы — чумыль куп, сусе кум і шош кум). Адзіным селькупскім нацыянальным адміністрацыйна-тэрытарыяльным утварэннем з'яўляецца Іванкінскае нацыянальнае сельскае пасяленне[1] ў Томскай вобласці.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Продкаў селькупаў, як і іншых самадыйцаў, звычайна атаесамляюць з носьбітамі кулайскай археалагічнай культуры. У перыяд сярэднявечча ў Томска-Нарымскім рэгіёне на яе аснове сфарміравалася ролкінская археалагічная культура[2]. Яе называюць перадселькупскай[3]. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што селькупы ўзніклі і развіваліся на базе інтэграцыі розных этнічных супольнасцяў або як двухкампанентны этнас. Прычым, гэтую двухкампанентнасць імкнуцца знайсці на ўзроўні ролкінскай археалагічнай культуры. Напрыклад, сцвярджаецца, што продкі селькупаў прыйшлі ў Заходнюю Сібір з саяна-алтайскага рэгіёна і асімілявалі мясцовае насельніцтва[4]. Гэтым папярэднім дасамадыйскім насельніцтвам маглі быць старажытныя ўгры[5].

Даследаванні генетыкаў паказалі непасродную сувязь селькупаў са старажытным палеалітычным насельніцтвам Сібіры[6][7]. Яны ставяць пад сумненне важнасць асіміляцыйных працэсаў у фарміраванні сучасных селькупаў, паколькі генетычная спадчына 65% даследаваных прыкладна аднастайная.

Да XIX ст. у расійскіх дакументах селькупаў называлі асцякамі (падобна хантам і кетам). Дзякуючы даследаванням М. А. Кастрэна, які паказаў адметнасць гэтага этнаса, стала ўжывацца назва асцяка-самаеды. Агульная назва селькупы ўжываецца з 1930-х гг., першапачаткова для паўночнай групы селькупаў. Сярод паўднёвых селькупаў яна замацавалася толькі некалькі дзесяцігоддзяў таму[8].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У XVI ст. селькупы насялялі землі ўздоўж ракі Об на тэрыторыі сучаснай Томскай вобласці. На захадзе і поўначы яны межавалі з хантамі, адносіны з якімі былі варожымі. На ўсходзе — з кетамі. На поўдні ў перыяд позняга серэднявечча іх паціснулі сібірскія татары. Дзяржаўным утварэннем селькупаў была Рабая Арда. Існуе меркаванне, што селькупскім было таксама Бардакаўскае княства, хаця паміж ім і Рабой Ардой захоўвалася варожасць[9]. У гэтай сітуацыі Рабая Арда арыентавалася на саюз з Сібірскім ханствам.

Падчас заваявання Сібірскага ханства рускімі селькупы падтрымалі хана Кучума. Воня, князь Рабой Арды, актыўна супраціўляўся рускай каланізацыі[10]. Для заваявання селькупаў Расія выкарыстоўвала хантскае Кодскае княства. Кодскія князі арганізоўвалі паходы на селькупаў у якасці абавязковай ваеннай павіннасці[11]. Лічыцца, што пасля заснавання Нарымскай крэпасці ў 1598 г. селькупскія дзяржаўныя ўтварэнні перасталі існаваць. Аднак напады хантаў працягваліся да 1602 г.[12] Пасля смерці Воні барацьбу супраць іх узначальваў Кічэй.

XVI - пачатак XVII стст. звязаны з узнікненнем паўночнай групы селькупаў. Згодна адной версіі, засяленне поўначы пачалося да падзення Сібірскага ханства. Ваенныя паходы Кодскіх князёў стварылі хантскі клін паміж паўднёвай і паўночнай групамі, так што іх сувязі паступова перарваліся. Іншая версія тлумачыць перасяленне селькупаў паражэннямі ў вайне з рускімі і хантамі. Паўночныя селькупы апавядаюць пра то, што перасяленне было выклікана спрэчкамі паміж самімі селькупамі з-за апярэння стрэл. Першапачаткова берагі ракі Таз даследавалі тры паляўнічыя, потым яны вярнуліся са сваякамі. Частка перасяленцаў на поўнач асвоіла берагі рэк Енісей і Турухан. Яны сутыкнуліся з ваенным супраціўленнем энцаў і некаторы час былі вымушаны быць саюзнікамі эвенкаў і кетаў. Але пазней яны дзейнічалі і супраць сваіх былых саюзнікаў, а таксама супраць ненцаў[13].

Перасяленню на поўнач садзейнічала палітыка Расійскай дзяржавы, што абавязвала пераможаных селькупаў выплочваць ясак. У 1644 г. нарымскія селькупы скардзіліся на адміністрацыю, якая пасля эпідэміі воспы спаганяе футравы падатак нават з дзяцей і тых, хто не валодае сваёй гаспадаркай, і з-за недахопу футравай жывёлы паляўнічым даводзіцца хадзіць ў паўночныя паветы[14]. На першую пару расійская адміністрацыя захоўвала традыцыйнае мясцовае кіраванне. У ясачнай кнізе 1629 г. узгадваюцца селькупскія князі Ванга, сын Кічэя, і Тайбохта, сын Воні. Паступова селькупскія князі пераходзілі на дзяржаўную службу і пазбаўляліся ад выплат ясака. Іх нашчадкі займаліся ўзыманнем падаткаў з суродзічаў або займалі дробныя пасады, былі простымі стральцамі і перакладчыкамі. Князь Кірша Кунязеў не быў пазбаўлены ад выплат ясака, таму стаў банкрутам і заклаў сваю сям'ю, яго выратавала толькі ўмяшанне Васіля Шуйскага[15]. Істотныя змены ў кіраванні адбыліся толькі пасля рэформы 1822 г.[16]

З XVII ст. у Нарымскі край перасяляліся рускія сяляне[17]. Для іх адчужаліся найбольш урадлівыя землі. З XVIII ст., калі тут пачалося развіццё жывёлагадоўлі, паўднёвыя селькупы пачалі змяняць лад жыцця, пераймаць заняткі і звычаі перасяленцаў. Паўночныя селькупы шчыльна ўзаемадзейнічалі з суседзямі — кетамі, хантамі, эвенкамі, энцамі, у тым ліку заключалі сумесныя шлюбы, асвоілі аленегадоўлю. Недахоп футравай жывёлы для выплаты ясака вымушаў купляць футра ў гандляроў. У XIX ст. апроч ясака выплочвалі губернскія, земскія і казённыя зборы, неслі валасныя павіннасці, абшчынныя і царкоўныя падаткі[18].

З XVIII ст. пачалося навуковае вывучэнне селькупаў. Былі ўсталяваны лінгвістычныя сувязі паміж паўночнай і паўднёвай групамі, а таксама з саянскімі самадыйцамі. У 1879 г. даследчык М. Грыгароўскі склаў першую селькупскую азбуку на аснове кірыліцы і апублікаваў тры місіянерскія кнігі на дыялекце паўднёвых селькупаў.

У 1919 г. на тэрыторыях, населеных селькупамі, была ўсталявана савецкая ўлада. З 1920-х гг. арганізоўвалася кааперацыя селькупаў-здабытчыкаў, якая спрыяла паляпшэнню ўзроўня жыцця. У 1932 - 1949 гг. існаваў Тымскі нацыянальны раён, куды перасялялі селькупаў з іншых раёнаў Томскай вобласці. Насельніцтва раёна атрымала некаторыя палёгкі: было вызвалена ад сельгаспадатку, утрыманне дзяцей у шко­лах-інтэрнатах было аднесена на рахунак дзяржавы[19]. У пачатку 1930-х гг. было складзена селькупскае пісьмо на аснове лацінкі1937 г. пераведзена на кірыліцу). Аднак станоўчыя змены чарагаваліся з адмоўнымі. Пераход на кірыліцу не спрыяў станаўленню паўнавартай адукацыі на сельскупскай мове. У сярэдзіне 1950-х селькупская мова была выдалена са школьнай праграмы, кнігі на ёй практычна не выдаваліся[20]. У выніку калектывізацыі, ўзбуйнення паселішчаў і барацьбы з качавым ладам жыцця былі страчаны многія рысы традыцыйнай культуры. Селькупаў вымушалі развіваць нязвыклыя для іх галіны гаспадаркі, паляваць на раней свяшчэнную птушку арэхаўку.

З 1980-х гг. адбываецца марудны працэс адраджэння культуры селькупаў. Было мадэрнізавана селькупскае пісьмо, створаны сучасны варыянт пісьма для носьбітаў паўднёвага дыялекта, адроджаны школьны прадмет селькупская мова, заснаваны спецыялізаваныя культурныя цэнтры і музеі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Матэрыяльная культура[правіць | правіць зыходнік]

Продаж прадметаў народных рамёстваў

Да пачатку XVII ст. селькупы займаліся галоўным чынам рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам, аднак былі знаёмы з земляробствам[21]. Археолагі сцвярджаюць, што ў XVI ст. селькупы ўжывалі конскае мяса, хаця рэшткаў конегадоўлі не выяўлена[22]. Відавочна, коні абменьваліся на прадукты лясной гаспадаркі ў паўднёвых суседзяў. Распаўсюджаныя рамёствыткацтва з крапіўных і канапляных валокнаў, апрацоўка металаў, драўніны і скур дзікіх жывёл, выраб керамікі (без ганчарнага кола) і г. д.

Пасля XVII ст. паўднёвая і паўночная групы сеькупаў ізалявана развіваліся ў розных геаграфічных зонах, знаходзіліся ў разнастайным этнічным атачэнні, што ўздзейнічала на гаспадарчую дзейнасць. Паўднёвая група доўгі час захоўвала звыклыя заняткі, хаця пад уціскам царскай адміністрацыі і развіцця гандлю павысілася роля здабычы футравых звяроў, некаторыя рамёствы прыйшлі ў заняпад, з канца XVIII ст. пад уплывам рускіх усё большую ролю набывалі земляробства і жывёлагадоўля. Паўночныя селькупы заставаліся пераважна паўкачавымі паляўнічымі і рыбакамі, аднак асволі трыманне аленяў. Самі селькупы сцвярджаюць, што запазычылі аленегадоўлю ў эвенкаў. З цягам часу яны перайшлі да аленегадоўлі, характэрнай для ненцаў і энцаў, аднак захавалі звычай даення аленняў[23].

У селькупаў вылучаюць некалькі тыпаў паселішчаў: круглагодныя стацыянарныя, дапоўненыя сезонныя для лаўцоў без сем'яў, стацыянарныя зімовыя, якія спалучаюцца з пераноснымі для іншых сезонаў. Да прыходу рускіх будавалі сталыя ўмацаваныя паселішчы коч[24]. Пазнейшыя паселішчы таёжных селькупаў размяшчаліся звычайна на высокіх берагах рэк, пры вусцях прытокаў, праток, старыц і былі невялікія — ад 2 да 10 жытлаў. Жылыя пабудовы ставіліся раскідана[25]. Паўночныя аленегадоўцы жывуць у стойбішчах з двух-трох, часам пяці пераносных жытлаў[26]. Найбольш старажытным вядомым жытлом з'яўляецца паўзямлянка карамо. Гэта дзвюхкамерны зруб на схіле з уваходам-калідорам з боку ракі. Вядомы таксама іншыя тыпы зямлянак і паўзямлянак, чумы самадыйскага тыпу і г. д.

Распаўсюджаная вопратка мужчын и жанчын — адчыненае футра, пад якое апраналі тканыя кашулі і сукенкі, порткі з рыбінай скуры[27]. Да XVII ст. селькупы ведалі ганчарства і шырока ўжывалі керамічны посуд, рыбалоўныя грузілы, але да XIX ст. посуд быў заменены на пакупны. Амаль тое ж адбылося ў паўднёвых селькупаў з народнай вопраткай. Напрыклад, многія элементы жаночага строю ўзнаўляюцца па вусным апавяданням і фатаздымкам[28].

Традыцыйная ежа паўднёвых селькупаў — рыба. На зіму рыбу нарыхтоўвалі з дапамогай квашання ў спецыяльных ямінах, дадавалі да яе ягады. У паўночных важную ролю ў кулінарыі адыгрывае мяса аленяў. Для заправы рыбных і мясных страў жанчыны збіралі ядомыя травы і карэнне. Пілі ўзвары з ядлоўцу, для наркатычнага ўздзеяння дадавалі ў іх мухаморы[29]. Мука і хлебныя прадукты распаўсюдзіліся дзякуючы рускім. Доўгі час хлеб амаль не ўжываўся. З мукі і рыбы варылі кашу[30]. У нашы дні хлеб і пірагі — неад'емная частка народнай кухні.

Грамадства[правіць | правіць зыходнік]

Відавочна, у мінулым селькупскае традыцыйнае грамадства мела фратрыяльны падзел. У паўночных селькупаў захаваліся 2 экзагамныя групы — палавінны род арла Лимбыль-тамдыр і палавінны род арэхаўкі Коссыль-тамдыр. У паўднёвых селькупаў вылучалася вялікая група Коссылъ кула («акунёвыя людзі»)[31]. Яна падзялялася на сваяцкія роды з татэмнымі назвамі: вароны кулал-тамдыр, мядзведзя коркылъ-тамдыр, лебедзя чингкылъ-тамдыр, глушца сэнгкылъ-тамдыр, жураўля карэлъ-тамдыр і каршуна мулинт-тамдыр . Ім належылі паляўнічыя і рыбалоўныя ўгоддзі. Але з канца XIX ст. асноўнай грамадскай адзінкай стала суседская абшчына. Абшчыннікі супольна карысталіся паляўнічымі тэрыторыямі, ставілі загароджы для лову рыбы, аказвалі ўзаемную дапамогу[32]. Акрамя таго, здаўна існавалі тэрытарыяльныя групы з асабістымі саманазвамі. Сучасная агульная назва селькуп дадзена па адной з тэрытарыяльных паўночных груп.

Традыцыйнае грамадства не было аднастайным. Вылучаліся розныя сацыяльныя пласты. У гістарычных казаннях фігуруюць ваенныя кіраўнікі — князь кок, ваенны правадыр мюты-кок, вялікі правадыр марг-кок, асілак сенгире (літаральна «глушэц»). Найбольш вядомы кок Воня, што жыў у канцы XVI ст. мог сабраць пад сваім кіраўніцтвам 400 узброеных воінаў[33]. У паўднёвых селькупаў рысы традыцыйнага кіраўніцтва існавалі да XIX ст., хаця роля былых ваенных правадыроў моцна змянілася. Яны ператварыліся ў пасроднікаў паміж царскай адміністрацыяй і супляменнікамі. У паўночных селькупаў, якім прыходзілася ваяваць з суседзямі, доўгі час захоўвалася вызначальнае месца сенгире. Таксама вылучаліся «лепшыя людзі» сомаль-кумыт, «багацеі» коумде, «простыя людзі» манырелькумыт, жабракі сегула, рабы кочгула[34]. Да пачатку XX ст. важную ролю адыгрывалі прадпрымальнікі таксыбылькуп, комдэ і лэпырсыпыль куп[35].

У XIX ст. пераважалі пашыраныя братэрскія сем'і. Нават у сярэдзіне XX ст. яны складалі болей за 12%. У паўночных селькупаў сярэдняя сям'я ўключала 16,3 чалавека, у паўднёвых — 11,1 чалавека[36]. Сем'і такога тыпу маглі складацца з малых сем'яў не толькі родных, але і стрыечных братоў. У выпадку смерці аднаго з братоў у сям'і заставалася яго ўдава з дзецьмі. Адсутнічала выразнае вылучэнне главы сям'і, але звычайна яно вызначалася па лініі старэйшага брата. Калі старшы брат паміраў, главой лічылася яго жонка або старэйшы сын. Стрыжнем былі сваякі-мужчыны: браты, дзядзькі, сыны, пляменнікі. Жанчыны звычайна знаходзіліся ў падначаленым стане, іх паводзіны абмяжоўваліся рознымі забабонамі. З другога боку, жанчыны прымалі ўдзел у паляванні і іншых мужчынскіх занятках, адносіны да іх вызначаліся сацыяльным паходжаннем. Дзядзькі клапаціліся пра пляменнікаў, выступалі сватамі пры жаніцьбе. Існавалі і іншыя формы пашыраных сем'яў, радзей — нуклеарных.

Згодна меркаванню навукоўцаў, у далёкім мінулым пераважала траістая структура шлюбнага выбару, калі прадстаўнік групы А заключаў шлюб з прадстаўніцамі групы Б, прадстаўнік групы Б — з прадстаўніцамі групы В, прадстаўнік групы В — з прадстаўніцамі групы А[37]. Але ўжо ў XIX ст. экзагамныя групы страцілі сваю важнасць, шлюбны выбар пашырыўся. Не забараняліся дашлюбныя адносіны. Бацькам нявесты прадстаўлялі выкуп, падарункі. Здараліся выпадкі ўцёкаў маладых. Большасць сем'яў былі манагамнымі, але сустракаліся выпадкі палігініі.

Ваенная справа[правіць | правіць зыходнік]

У канцы XVI ст. селькупы Рабой Арды паказалі сябе як выдатныя воіны. Падчас экспедыцыі рускіх і хантаў супраць селькупаў у 1594 г. перамога над князем Воням адбылася толькі таму, што ў палон трапіў яго сын[38]. Ваенныя сілы ўзначальваў князь кок, разам з якім выступаў нешматлікі гурт прафесійных воінаў л'ак. Відавочна, яны складалі цяжкаўзброеную пяхоту кызы-порог куп. Аснова войска складалася з мужчын-апалчэнцаў. Паўзямлянкавыя жытлы карамо былі добра прыстасаваны да абароны. Асілкі сенгире будавалі двухярусныя зямлянкі мютымате. У многіх раёнах вакол ракі Об можна сустрэць рэшткі умацаваных паселішчаў коч (меньшых па памерах — кор). Яны ўзводзіліся на ўзвышшах або мысах. Умацаванні ўключалі вал, роў і драўляную сцяну. У сістэму абароны ўваходзілі пасекі з лукамі-самастрэламі. Прайсці ў крэпасць можна было толькі з боку вады, дзе ўтыкаліся завостраныя калы з нацягнутымі вяроўкамі[39].

Пасля паражэння на гістарычнай радзіме селькупы пачалі перасяляцца на поўнач, дзе сустрэлі супраціўленне энцаў і ненцаў. Паколькі перасяленцаў было мала, яны былі вымушаны заключаць саюзы з кетамі і эвенкамі. Выбітную ролю ў заваяванні новых тэрыторый адыграў ваенны правадыр Нёмай Порга, які дзейнічаў хітра і бязлітасна. Пасля бітвы на рацэ Толька селькупы здолелі захапіць паляўнічыя землі і дайсці да тундры. Паўночныя селькупы выкарыстоўвалі не толькі тыя ваенныя веды, што атрымалі ад продкаў, але набывалі новыя. Яны асвоілі аленегадоўлю, пакольку алені як транспартны сродак давалі мабільнасць. Магчымасць нечаканых нападаў з боку энцаў прадухілялася манеўранай абаронай. Селькупы выдатна валодалі лукамі і бітву на рацэ Толька выйгралі дзякуючы трапнай стральбе. Акрамя лука шырока выкарыстоўвалася дзіда. Найбольш умелыя воіны ішлі з дзідамі наперадзе і адбівалі імі стрэлы праціўніка. За воінамі рухалася лінія стралкоў з лука. У гістарычных казаннях ваенныя сутычкі суправаджаліся жорсткімі адносінамі ў дачыненні да ворагаў. У адрозненні ад ненцаў і хантаў селькупы не шкадавалі дзяцей і жанчын[40].

У гады Вялікай Айчыннай вайны многія селькупы былі прызваны на фронт, дзе толькі паўднёвых селькупаў загінула 472 чалавекі[41].

Фальклор[правіць | правіць зыходнік]

Селькупскі фальклор прадстаўлены гераічнымі песнямі, гістарычнымі паданнямі, казкамі, загадкамі. Адзін з найбольш папулярных герояў міфаў і казак — Іча[42], які ўдзельнічае ў касмаганічных падзеях, змагаецца з волатам-людаедам і хітрасцю забівае яго, часам выступае як трыкстэр.

У селькупаў існавала каля 20 розных музычных інструментаў[43], у тым ліку бубен нува або пенер, цытра кага, варган пынкыр, барабан нуна, розныя бразготкі. Музыка суправаджала сакральныя і сямейныя святы, шаманскія рытуалы. Яны дапаўняліся танцамі. Выканаўцы гераічных песень карысталіся асаблівай грамадскай павагай[44].

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Селькупская мова адносіцца да самадыйскай групы ўральскіх моў[45]. Падзяляецца на 6 дыялектаў (адзін з іх вымер). Літаратурная мова сфарміравана на аснове паўночнага дыялекта. Выкарыстоўваецца ў Расіі для школьнага навучання селькупаў (часткова — кетаў у Краснаярскім краі).

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку XVIII ст. селькупы былі масава хрышчоныя па праваслаўным абрадзе, але захоўвалі шматлікія традыцыйныя вераванні[46]. Згодна міфалагічным уяўленням, сусвет падзяляўся на нябесную, зямную і падземную сферы, прычым нябесная і падземная мелі некалькі паверхаў. Нябеснай сферай кіраваў вярхоўны бог Нум, тут месціліся Сонца і Месяц, жылі нябесныя людзі ў выглядзе птушак. Нябесную і зямную сферы аб'ядноўвала сяміяруснае дрэва сельчи контыль по. Падземны свет быў населены пачварамі і злымі духамі латар на чале Кызы. Уначы яны могуць выходзіць у зямны свет. Зямля атаесамлялася з жаночым пачаткам[47]. Селькупы верылі ў шматлікіх духаў прыроды лоз, мелі свяшчэнныя пагоркі і азёры, шанавалі некаторых звяроў і птушак. Абрады арганізоўвалі шаманы. Лічылася, што ўменне шаманіць пераходзіць па спадчыне[48].

Смерць успрымалася як прадвызначэнне. У кожнай сям'і селькупаў былі свае могілкі у паўночна–заходнім ці паўночным накірунку, заўсёды ніжэй па плыні ракі адносна паселішча. У мінулым практыкаваўся спосаб паветраных пахаванняў, калі цела загортвалі ў скуру ці бярозавую кару і падвешвалі на рамянях на дрэве. Праз некалькі гадоў рэшткі цела апускалі ў неглыбокую яму і спальвалі. Бліжэй да нашага часу з'явіўся звычай падземнага пахавання. Труну выдзёўбвалі з лістоўніцы. У яміне ўсталёўвалі слупы з памостам для труны. Паўднёвыя селькупы хавалі шаманаў у ямінах седзячы. Пасля смерці шамана рабілі ляльку, што быццам бы змяшчала яго душу, якую потым хавалі. Праз некаторы час ляльку падвешвалі на дрэва і спальвалі. Паўночныя селькупы хавалі шаманаў на высокім памосце, умацаваным кедравымі каранямі на слупе[49]. Малых памерлых дзяцей хавалі ў дуплах дрэў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Иванкино
  2. Рёлкинская культура
  3. Шеломова Татьяна. Селькупы
  4. Кулайская культура в гунно-сарматское время. Часть 2
  5. Малолетко, А. Древние народы Сибири. Этничский состав по данным топонимики. Т. 6. Раннее заселение Северной Азии. - Томск: Томский университет, 2012. С. 135 - 136
  6. Historical peopling of Siberia: the origin of Samoyedic-speaking populations
  7. Описание гаплогруппы Q-M242
  8. Тучков, А. История и культура народов Сибири. - Томск: Томский университет, 2015. С. 154
  9. Бояршинова, З. Население Западной Сибири до начала русской колонизации. Томск: Издательство Томского университета, 1960. С. 60 - 68
  10. Очерки истории Тюменской области
  11. Гл.: Бахрушин, С. Остяцкие и вогульские княжества в XVI—XVII веках. - Ленинград: Из-во народов Севера, 1935
  12. Расцвет могущества и закат власти
  13. Головнев, А. Говорящие культуры. Традиции самодийцев и угров. — Екатеринбург: УрО РАН, 1995. С. 115 - 119
  14. Буцинский П., К ИСТОРИИ СИБИРИ. Нарым и Нарымский уезд (1598—1645 гг.)
  15. Пегая Орда
  16. СИБИРСКИЕ РЕФОРМЫ 1822 ГОДА В ОТЕЧЕСТВЕННОЙ И ЗАРУБЕЖНОЙ ИСТОРИОГРАФИИ
  17. Буцинский П., К ИСТОРИИ СИБИРИ. Нарым и Нарымский уезд (1598—1645 гг.)
  18. Коренное население села
  19. Селькупы после великой октябрьской социалистической революции
  20. Селькупский язык
  21. Нарымские селькупы
  22. Бояршинова, З. Население Западной Сибири до начала русской колонизации. - С. 62
  23. Происхождение и распространение оленеводства
  24. СЕЛЬКУПЫ, селькуп
  25. Селища и пища селькупов
  26. Народы Сибири накануне русской колонизации
  27. Коренное население села
  28. Летнее платье селькупской женщины
  29. СЕЛЬКУПЫ
  30. Тучков А., МУКА И ХЛЕБ В КУЛЬТУРЕ СЕЛЬКУПОВ
  31. Общественные отношения и религия селькупов
  32. Селькупы // «Историческая энциклопедия Сибири» (2009)
  33. Головнев, А. Говорящие культуры. Традиции самодийцев и угров. — С. 134 - 135
  34. СЕЛЬКУПЫ
  35. Занятия и промыслы
  36. Семья у селькупов
  37. Гл.: Пелих, Г. Происхождение селькупов. - Томск: Из-во ТГУ, 1972
  38. Наследники Пегой орды
  39. Происхождение селькупов
  40. Головнев, А. Говорящие культуры. Традиции самодийцев и угров. С. 118, 136 - 142
  41. Тучков А., «Большая война» и демографическая ситуация у среднеобских селькупов
  42. Ича (Персонажи селькупской мифологии)
  43. Песни и танцы
  44. Тузакова, В., Обские напевы селькупов нарымского края. / В. Тузакова, И. Коробейникова. — Томск: Издательство ООО «Вайар», 2015
  45. Языки народов Сибири — Языки и культуры — Селькупский язык
  46. Религия
  47. Тучкова, Н.А. Селькупы: Очерки традиционной культуры и селькупского языка. С. 224 - 230
  48. СЕЛЬКУПСКИЕ ШАМАНЫ
  49. Похоронно – поминальные обряды селькупов