Перайсці да зместу

Сяргей Знаёмы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сяргей Знаёмы
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 27 чэрвеня 1909(1909-06-27)
Месца нараджэння
Дата смерці 20 студзеня 1944(1944-01-20) (34 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, журналіст, паэт
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сяргей Знаёмы, сапр. Сяргей Змітравіч (Дзмітрыевіч) Клопаў (14 (27) чэрвеня 1909, в. Звонь, Лепельскі павет, Віцебская губерня, цяпер Ушацкі раён, Віцебская вобласць — пасля 20 студзеня 1944; Крыптанімы: С. З.; С.Зн.) — беларускі журналіст, празаік, паэт.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Падлеткам працаваў рабочым на запалкавай фабрыцы «Чырвоная Бярэзіна» ў Нова-Барысаве. Быў рабкарам, затым рэдактарам шматтыражнай газеты «Чырвоны Бярэзінец». Паступіў на рабфак. Стаў членам КПСС (1928).

З 1930 вучыўся ў БДУ, працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 11 у Барысаве. Скончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Вышэйшага педагагічнага інстытута (1933), працягваў вучобу ў аспірантуры (па некаторых звестках — без адрыву ад настаўніцкай працы). Сябра СП СССР з 1934 г. У складзе дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў (разам з Міхасём Клімковічам, Анатолем Вольным і Іванам Шапавалавым) 22.6.1935 г. на мінскім вакзале сустракаў французскага пісьменніка Рамэна Ралана з жонкай, які вяртаўся ад Максіма Горкага з Масквы ў Францыю.

У сяр. 1930-х г. аказаўся аб'ектам цкавання. У 1935 выключаны з партыі. З вясны 1936 г. працаваў літаратурным рэдактарам на Беларускім радыё. Арыштаваны 26.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Новамаскоўская, д. 44/1, кв. 6, асуджаны пазасу­довым органам НКВД 5.10.1937 г. як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 8 гадоў зняволення. Па некаторых звестках, уцёк 22.1.1944 г. з аднаго з лагераў УПУППЛ на Калыме, далейшы лёс невядомы.

Рэабі­літаваны прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 29.12.1954. Асабовая справа С. Знаёмага № 9935-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Дэбютаваў у друку вершам «Мая вясна» у 1929 (газ. «Рабочий»). Як пісьменнік больш сцвердзіў сябе ў жанры публіцыстыкі і прозы. У пач. 1930-х вельмі актыўна выступаў у друку з нарысамі, карэспандэнцыямі. Аўтар кнігі падарожных нататак «Відагоршчы» (1930), зборнікаў нарысаў «Дом № 31» (1930), «За дамбаю» (1931), «Лес гарыць» (1932), аповесцяў «Ганчары» (1933) і «Біяграфія майго героя» (1935).

Апошняя кніга нарысаў С. Знаёмага «Кантакт», здадзеная ў выдавецтва, атрымала непрыхільную, у белаппаўскім духу, рэцэнзію М. Лынькова, які абвінавачваў аўтара ў лакіроўцы сучаснасці, паклёпах на партыю, камсамол і г.д. У друку яна не выйшла, захады аўтара, каб надрукаваць кнігу (у тым ліку звароты да Л. Бэндэ — ЦДАМЛіМ, ф. 66, воп. 1, адз. зах. 789), поспеху не мелі. Запісваў і даследаваў беларускі фальклор. Займаўся мастацкім перакладам з рускай, украінскай і іншых моў.

Аповесці «Ганчары», «Біяграфія майго героя» атрымалі прыхільныя водгукі крытыкі. У нарысах з кніг «Дом № 31», «За дамбаю», «Лес гарыць» С. Знаёмы паказаў сябе знаўцам глыбінь жыцця рабочых ускраін. Нарысы вылучаліся моцнай жыццёвай фактурай, канкрэтыкай дэталяў. Пісьменнік сцвярджаў ідэі калектывізму, паказваў працэс сацыялістычнага будаўніцтва, фарміравання псіхалогіі чалавека новага грамадства. Тую ж рабочую тэматыку працягваў С. Знаёмы і ў сваіх аповесцях.

Некалькі артыкулаў яго прозе прысвяціў К. Чорны, які назваў маладога пісьменніка перспектыўным і цікавым аўтарам, які ўмее стварыць мастацкі характар, распрацаваць сюжэт, але раіў яму быць больш уважлівым да стылю. Як творчы недахоп С. Знаёмага К. Чорны адзначыў фальклорную стылізацыю яго нарысаў, захапленне памяншальна-пяшчотнымі формамі слоў, уплыў рытмікі і паэтыкі народных гутарак і быліц на апавядальную манеру, што надавала яго творам у пэўнай ступені сентыментальны каларыт. Аднак часта такія стылізацыі былі да месца (напрыклад, аповесць «Ганчары») і сведчылі пра глыбокае адчуванне пісьменнікам жыцця і дакладнае вызначэнне моўна-псіхалагічнага аблічча персанажаў.

  • Відагоршчы: Падарожныя нататкі ўдзельніка Чырвонаармейскага аграпаходу. Мн., 1930;
  • Дом № 31: Вытворча-бытавыя нарысы. Мн., 1930;
  • За дамбаю: Кніга нарысаў. Мн., 1931;
  • Лес гарыць: Кніга нарысаў. Мн., 1932;
  • Ганчары: Аповесць. Мн., 1933;
  • Біяграфія майго героя: Аповесць. Мн., 1935.

Зноскі