Перайсці да зместу

Сяргей Ракіта

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сяргей Ракіта
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 15 кастрычніка 1909(1909-10-15)
Месца нараджэння
Дата смерці 23 сакавіка 1942(1942-03-23) (32 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт
Мова твораў беларуская

Сяргей Ракіта, сапраўднае імя Сяргей Васілевіч Законнікаў (15 кастрычніка 1909, в. Ліцвінава, Аршанскі павет, Магілёўская губерня, цяпер Дубровенскі раён, Віцебская вобласць — 23 сакавіка 1942, ст. Сухабязводнае, Горкаўская вобласць, ГУЛАГ; Іншы псеўданім: С. Асот; Крыптанімы: Р. С.) — беларускі паэт.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Наватухіньскую школу другой ступені (1925). Быў камсамольскім актывістам, з 1927 член Аршанскага акруговага камітэта ЛКСМБ. У 1929 накіраваны на працу ў гомельскую абласную газету «Палеская праўда». З 1930 адказны сакратар Гомельскай філіяла БелАПП. У 1932—1933 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Працаваў у Мінску ў рэдакцыях газет, на радыё, у Дзяржвыдавецтве БССР. Адначасова вучыўся ў Мінскім Камуністычным інстытуце журналістыкі. Арыштаваны 19.10.1936 у Мінску па адрасе: вул. Гарбарная, д. 33, кв. 8. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 5.10.1937 як «член контррэ­валюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў ППК. Адпраўлены на лесапавалы ў Горкаўскай вобласці. Загінуў у лагеры. Рэабілітаваны Прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 29.12.1954. Асабовая справа С. Ракіты № 9935-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Будучы вучнем, дасылаў допісы ў аршанскую акруговую газету «Камуністычны шлях». Дэбютаваў вершамі ў 1928 г. у «Аршанскім маладняку», тады ж стаў выступаць з нарысамі (газета «Савецкая Беларусь»). У 1930—1931 гг. выдаў у Гомелі 2 зборнікі паэзіі.

Паэзіі Сяргея Ракіты ўласцівы агітацыйнасць і дэкларатыўнасць[1].

  • Разгон: (вершы). — Гомель, 1930 (у сааўтарстве з Р. Казаком, В. Палескім);
  • Я агітую за пяцігодку: (вершы). — Гомель, 1931.
  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).